Сапраўдная касмічная сфера — і навукоўцы пакуль не да канца разумеюць, адкуль яна ўзялася.

Астраномы з дапамогай радыётэлескопа ASKAP у Аўстраліі знайшлі аб’ект, які выглядае як амаль дасканалая круглая бурбалка. Назвалі яе Teleios — ад старажытнагрэчаскага слова, што азначае "завершаны" або "ідэальны". Рамантыкі, што скажаш!

TELEIOS (G305.4–2.2) - THE MYSTERY OF A PERFECTLY SHAPED NEW GALACTIC SUPERNOVA REMNANT

Паводле навукоўцаў, гэта, хутчэй за ўсё, рэшткі звышновай зоркі — тыпу Ia. Гэта калі белы карлік, маленькая, але вельмі шчыльная зорка, пачынае цягнуць матэрыю са сваёй зоркі-суседкі, пакуль не перагрузіць сябе — і БАХ! — выбухае як сапраўдны касмічны феерверк.

💡
Лічыцца, што звышновыя тыпу Ia (SNIa) з'яўляюцца вынікам выбуху вугляродна-кіслароднага белага карліка ў падвойнай сістэме, калі ён перасякае мяжу Чандрасекара альбо з-за акрэцыі ад донара, альбо зліцця. Яны з'яўляюцца самымі яркімі з усіх звышновых. Могуць выкідваць рэчыва з хуткасцю каля 10 000 км/с і зацямняць цэлую галактыку ў пікавай яркасці.

Але ёсць адзін нюанс… ці нават некалькі.

Па-першае, навукоўцы дакладна не ведаюць, на якой адлегласці знаходзіцца Teleios. Калі яна адносна блізка — прыкладна 7 тысяч светлавых гадоў, то яе дыяметр — 46 светлавых гадоў. А калі далей — больш за 25 тысяч светлавых гадоў, — тады яна выцягваецца на 157 светлавых гадоў. І ў залежнасці ад гэтага ўзрост гэтай бурбалкі можа вагацца ад некалькіх соцень да дзясяткаў тысяч гадоў.

Звышновая 2011fe выбухнула ў галактыцы Вертушка, якая знаходзіцца ўсяго (хе-хе) ў 21 мільёне светлавых гадоў ад нас

І вось тут пачынаецца самае цікавае: калі гэта сапраўды звышнова тыпу Ia, то навукоўцы чакаюць убачыць рэнтгенаўскае выпраменьванне. Але яго няма. 🧐 Зусім. Як быццам у нейкі касмічны момант нехта забыўся ўключыць святло.

Іншы варыянт — што гэта не звычайная Ia, а яе “малая сваячка” — тып Iax. У такім выпадку выбух не знішчае белы карлік цалкам, і застаецца так званая "зорка-зомбі". Ды ўсё б добра, але для гэтага сцэнара аб’ект мусіў бы быць яшчэ бліжэй — каля 3 тысяч светлавых гадоў. А ніводнае незалежнае вымярэнне такую адлегласць не пацвярджае.

🟢 А што наконт гэтай дзіўнай сферычнай формы?

Рэштка звышновай тыпу 1a, якая выбухнула ў 1006 годзе

Звычайна рэшткі звышновай выглядаюць неяк крыва, бо выбух адбываецца няроўна, і матэрыя сутыкаецца з газам або пылам вакол. Але калі ўсё выбухае роўненька, ды яшчэ ў пустым кавалку космасу — можа атрымацца ідэальная сфера. Рэдкасць, але магчыма.

Таму Teleios пакуль застаецца касмічнай загадкай. У ім няма патрэбных рэнтгенаў, адлегласць няясная, а форма — быццам яе рысавалі з дапамогай цыркуля. А калі хто раптам падумаў, што гэта Death Star з "Зорных войнаў" — не, пакуль што не пацверджана 😄

Астранамы працягваюць назіранні і спадзяюцца, што новыя дадзеныя дапамогуць раскрыць таямніцу гэтай чароўнай сферы. А пакуль — Teleios проста прыгожае нагадванне, што космас поўны нечаканасцяў. І не ўсё, што кругленькае і свеціцца, мусіць быць НЛА.

📡 Падпісвайцеся, калі хочаце яшчэ больш навін пра зоркі, чорныя дзіркі і іншыя дзівацтвы Сусвету

Далучыцца