🤩 Астрономы атрымалі здымкі дзіўнай касмічнай смерці

Вось вы думаеце, што зорка – гэта сабе такая касмічная газавая бурбалка, якая проста знікае з гучным бум і ўсё. Але не. Некаторыя зоркі, як высветлілася, могуць выбухаць двойчы.
Астраномы з European Southern Observatory зрабілі відарыс астаткаў зоркі, якая загінула ў так званай падвойнай дэтанацыі. Гэтыя рэшткі называюцца SNR 0509-67.5 (амаль як мой пароль ад інтэрнэт-банка), і знаходзяцца яны ў суседняй галактыцы – Вялікім Магеланавым Воблаку.
Здымкі атрыманы з дапамогай інструмента MUSE, усталяванага на Вельмі Вялікім Тэлескопе (Very Large Telescope – назва такая. Але тэлескоп сапраўды вялікі).

MUSE дазваляе не проста сфатаграфаваць, а літаральна «прасвятліць» аблокі газу пасля выбуху і паглядзець, з чаго яны складаюцца.
На відарысе розныя колеры – гэта розныя хімічныя элементы. Кальцый паказаны сінім колерам і размешчаны ў дзвюх канцэнтрычных абалонках. Аранжавым на здымку паказаны вадарод – асноўны будаўнічы матэрыял зорак.
Што такое звычайны выбух тыпу Ia?
- У класічным сцэнары белы карлік цягне матэрыю з суседняй зоркі.
- Ён паволі назапашвае масу і, калі дасягае крытычнай мяжы (прыкладна 1.4 мас Сонца – мяжа Чандрасекара), у яго ўнутры пачынаецца тэрмаядэрная рэакцыя.
- Гэта і выклікае грандыёзны выбух – звышновую.
А што такое двайная дэтанацыя?
Гэта іншы сцэнар выбуху, які адбываецца да таго, як маса дасягне мяжы Чандрасекара.
- Белы карлік крадзе гелій з суседняй зоркі.
- Назапашаны пласт гелію на паверхні белага карліка запальваецца першым – гэта першы выбух, або першая дэтанацыя.
- Гэты першы выбух стварае ўдарную хвалю, якая ідзе ўглыб зоркі.
- Гэтая хваля правакуе другі выбух, ужо галоўную дэтанацыю вугляродна-кіслароднага ядра.
- У выніку атрымліваецца двайны выбух: спачатку ў знешнім слоі (геліевым), потым – у цэнтры.


Абмеркаванне