💀 Горы трупаў на шляху да вынаходніцтва ровара нічаму не вучаць Альтмана і Айва

Кампанія, якая губляе мільярды долараў, купляе за $6,5 млрд кампанію, якая не зарабляе нічога. OpenAI Сэма Альтмана набывае стартап io Джоні Айва – мінулага галоўнага дызайнера Apple. Ад гэтай навіны я злавіў вайбы віруснага роліка пра тое, як журналісты Vice выдумляюць тэмы, кідаючы дзілдакі ў дошку. Зараз патлумачу чаму.
Але спачатку — зірніце, калі ласка, на здымак, якім суправаджалі гэтую здзелку. Якое ўражанне ён у вас пакідае?

https://openai.com/sam-and-jony/
Эфект няёмкасці — той самы, калі нешта старанна імкнецца выглядаць натуральным, сапраўдным, значным… але штучнасць прасякае праз кожны піксель. Пастановачная інтымнасць, інтэнсіўны зрокавы кантакт, чорна-белы мінімалізм. На гэтым фота яны нагадваюць Марка Цукерберга — легендарнага рэптылоіда заснавальніка Facebook. Ці гэта такая агульная рыса мільярдэраў — адчужанасць, што з часам ператвараецца ў аблічча? Цікава, гэта выпрацоўваецца з часам ці з колькасцю грошай на рахунку?

Здаецца, тэхнавізіянеры рана ці позна адрываюцца ад зямлі — у сэнсе літаральным і метафарычным.

І найбольш яскрава гэта бачна на постаці Ілана Маска, зорка якога пачала згасаць яшчэ ў 2022 годзе. Тады я яшчэ не здагадваўся, наколькі глыбокім будзе гэтае падзенне. Але пра гэта — іншы раз.


Што і навошта купіў Альтман?
Стартап io, заснаваны дызайнерам Apple з легендарнай аўрай – Джоні Айвам і яго камандай. Стартап пакуль нічога не прадае, а займаецца чымсьці туманным і сакрэтным.
Сам Айв у OpenAI не пераходзіць, але яго дызайнерская студыя LoveFrom (так, назва быццам з паштоўкі бабулі) будзе адказваць за ўвесь дызайн праектаў OpenAI, у тым ліку праграм. Каля 55 інжынераў, распрацоўшчыкаў і спецыялістаў далучацца да OpenAI. Першыя прылады чакаюцца не раней за 2026 год.
І што ж яны ствараюць? Не смартфон. Не акуляры. Альтман і Айв аб’ядналіся, каб стварыць «нешта», што стане для штучнага інтэлекту тым, чым iPhone стаў для мабільных тэхналогій. Прылада без экрана, не акуляры, не тэлефон — нешта зусім іншае. І, хутчэй за ўсё, занадта дарагое і сумнеўна карыснае. Але выглядаць будзе — ах, трымайце трымайце мае валасы!
З унутраных перамоваў OpenAI, якія ўдалося праслухаць журналістам The Wall Street Journal, вядома, што гаворка пра маленькую, кішэнную прыладу без экрана, якая разумее кантэкст вакол сябе. Нешта кшталту асабістага AI-спадарожніка.
Што гэта можа быць? Паводле аналітыка Мін-Чы Куо, прылада будзе крыху большай за AI Pin, падобная да iPod Shuffle, і можа насіцца вакол шыі. Прылада павінна будзе узаемадзейнічаць з тэлефонам і ноўтбукам, мець камеры, мікрафоны, доступ у інтэрнэт. Карацей, усё, што ўжо ёсць у вашым смартфоне, але без смартфона.
My industry research indicates the following regarding the new AI hardware device from Jony Ive's collaboration with OpenAI:
— 郭明錤 (Ming-Chi Kuo) (@mingchikuo) May 22, 2025
1. Mass production is expected to start in 2027.
2. Assembly and shipping will occur outside China to reduce geopolitical risks, with Vietnam currently the… pic.twitter.com/5IELYEjNyV
Па словах Альтмана, гэта будзе адна з трох «асноўных» прылад, нароўні з тэлефонам і ноўтбукам. Ці сапраўды гэта рэвалюцыя — пытанне адкрытае. Але выглядала гэта ўсё як аб’яўленне новай рэлігіі для інвестараў. Хутчэй за ўсё, атрымаем найпрыгажэйшы кавалак электронных адходаў з усіх магчымых. Падобныя штукі ўжо рабілі — згадайце Humane AI Pin ці Rabbit R1. Вы ўсё яшчэ іх памятаеце, праўда?


Сам Айв кажа, што сённяшнія AI-гаджэты, накшталт Humane Pin ці Rabbit R1, — «сумны досвед» і «бяздарна зробленыя прадукты». Як ён заўважае, «ў апошнія гады мы амаль не бачылі новых спосабаў мыслення, увасобленых у рэчах». Моцнае выказванне, праверым праз пару год, як сваё мысленне нарэшце выкажа Айв.
Мерцвякі з косамі стаяць

Дэманстрацыя Humane AI Pin была жаласным гледзівам. Энтузіазм стваральнікаў, якія манатонна бубнелі пра сваю рэвалюцыйную прыладу, можна было закатваць ў банкі і прадаваць як лякарства ад бяссоння.
AI Pin, дарэчы, таксама стварылі былыя інжынеры Apple. У іх быў цікавы дызайн, унікальны спосаб узаемадзеяння: прылада праектавала на далонь манахромны інтэрфейс і распазнавала у яго кантэксце тыя ці іншыя рухі рукі. У мінулым часе пра AI Pin кажу, бо яна была dead on arrival – па выніку кампанія збанкрутавала, яе з усімі напрацоўкамі прадалі за $116 млн HP, а прылада – усё.

Сітуацыя з Humane – выразная іллючстрацыя разрыву паміж візіянерскімі тэхналагічнымі амбіцыямі і суровай рэальнасцю распрацоўкі прадуктаў і чаканнямі рынку. Фінальны прадукт не адпавядаў рэкламе рэвалюцыйнага дэвайса, што пасуне смартфоны. Ëн быў банальна кепскім: пераграваўся, дрэнна і мала працаваў. Негатыўны фідбэк унутры кампаніі душыўся, а фінальны прадукт не зрэзаніраваў з запытамі рынка.
Дык пры чым тут дзілдакі?
У ангельскай мове існуе такі устойлівы выраз: throw things at the wall and see what sticks – эксперыментаваць выпадковым чынам або без пэўнага выніку ў надзеі на дасягненне нейкага поспеху.
Кажуць, што выраз гэты прыйшоў з кухні, дзе такім чынам правяралі гатоўнасць макарон – літаральна кідалі іх у столь і глядзелі, ці прыліпне.
https://www.quora.com/What-is-the-origin-of-the-phrase-throw-it-against-the-wall-and-see-what-sticks
У беларускай мове адпаведнікам па настроі, ідэі неэфектыўных, хаатычных дзеянняў можа служыць цытата з коласаўскай "Новай зямлі": "Забілі зайца, не забілі, Але ж, брат, гуку нарабілі".

Карацей, ВЯЛІКІЯ і маленькія тэхналагічныя кампаніі зараз у гэтай "макароннай фазе": кідаюць у сцяну што папала — можа, што й прыліпне. Але ж мой мозг сапсаваны інтэрнэтам і двума дзесяцігоддзямі мемных прыпарак, таму я бачу гэта як "фазу лятаючых дзілдакоў", якія мільярднымі інвестыцыямі лётаюць над нашымі галовамі ў пошуках наступнага вялікага прарыву, наступнага смартфона, наступнага інтэрнэта, наступнага транзістара.
Адзін такі дзілдак здаецца прыліп да сцяны, але для ШІ пакуль не могуць знайсці такога ж усеахопнага прымянення, чароўнага спосаба манетызацыі, каб адбіць усе тыя кілаваты энергіі і кілабаксы інвестыцый, што патрэбныя для генерацыі несмешных відарысаў.


У індустрыі сур'ёзна гучаць прапановы пуляць дата-цэнтры на арбіту вакол Зямлі, каб хоць неяк зменьшыць нагрузку на энэргасістэмы планеты.

Перспектывы загадкавага дзілдака Айва і Альтмана
Вось Джоні Айв і Сэм Альтман зараджаюць свой снарад і гатовяцца прыляпіць яго да сцяны. Хочуць стварыць дэвайс, які дадасць сэнсу існавання штучнаму інтэллекту па-за існуючымі смартфонамі і кампутарамі.
Створаць Humane AI Pin, але лепш – найлепшую рэалізацыю цалкам дурной ідэі. Бо найвялікшая слабасць AI Pin — не тэхналогіі, а форма ўзаемадзеяння. Размаўляць з прыладай? Слухаць, што яна там нагалюцыніравала? Прабачце.
Як бы не хацелі візіянеры Крэмніевай даліны стварыць свой уласны iPhone-момант, але рухаюцца яны ў бок ад найбольш эфектыўнага і простага спосабу ўзаемадзейнічаць з электронікай – ціскаць у яе пальцам і бегаць вочкамі па візуальным фідбэку.
Мы ўжо навучыліся жыць з тэлефонамі — на дотык, на вока, інтуітыўна. Гэтыя новыя прылады — ні туды, ні сюды. Размаўляць з імі ў грамадскіх месцах нязручна, нават сорамна. І без шчыльнай інтэграцыі візуальнага і гуку гэта ўсё будзе выглядаць як тэхналогія з марсахода, але не для людзей.
Дата выхаду невядомая, але чакаем не раней за 2026 год. Пра кошт пакуль можна толькі здагадвацца, але верагодна — вельмі дорага, каб адпудзіць звычайных людзей і прывабіць тых, хто хоча быць на піку тэхналогій, нават калі гэта пераходны этап ад калыскі да сметніка.
Абмеркаванне