🌏 Як Сонца распранула Марс — прамое назіранне NASA

Марс сёння – як пустая кавярня ў сусвеце Fallout: калісьці, магчыма, было цёпла і ўтульна, з вадой і нават прыстойнай атмасферай. А цяпер – пыл, холад, і ні душы. Што ж пайшло не так?
Дзесяць гадоў касмічны апарат MAVEN, запушчаны NASA, круціўся вакол Марса не проста так. Нарэшце ён злавіў «на гарачым» працэс, які, па сутнасці, зрабіў з Чырвонай планеты тое, чым яна ёсць сёння – амаль мёртвую пустэчу.

Гаворка ідзе пра спатэрынг (па-навуковаму – sputtering). Гэта такі сабе від касмічнага хуліганства, калі зараджаныя часцінкі ад Сонца – тое, што называецца сонечным ветрам – на шалёнай хуткасці ўрэзваюцца ў атмасферу планеты і выбіваюць з яе асобныя атамы ў космас. Як калі б нехта нырнуў у басейн «бомбачкай» і расплюхаў ваду ва ўсе бакі. У ролі басейна – атмасфера Марса, а «бомбачка» – цяжкія іёны, што ляцяць ад Сонца.
Справа ў тым, што Марс страціў магнітнае поле. А гэта быў яго "плашч-парасон", што бараніў паверхню ад касмічнага ветру. Зямля, на шчасце, мае моцнае магнітнае поле і таму з арбіты не выглядае як твар Дональда Трампа. Але унутранае ядро Марса астыла і перастала круціцца як вар’ят, магнітнае поле знікла. Сонца – не страціўшы момант – пачало метадычна выдзьмуваць з планеты ўсё.

І вось упершыню навукоўцы не проста здагадваюцца, што спатэрынг быў, а пабачылі яго ўжывую – дзякуючы тром прыборам на борце MAVEN: аналізатару сонечнага ветру, магнітнаметру і мас-спектраметру, які вызначае склад газаў.
Каб гэта ўсё зафіксаваць, MAVENу прыйшлося гадамі збіраць дадзеныя з розных бакоў планеты – і з боку дня, і ночы, і на нізкіх арбітах. І вось – навукоўцы склалі першую падрабязную карту, якая паказвае, як і дзе іёны сонечнага ветру выбіваюць з марсіянскай атмасферы атамы аргону (а гэта інэртны газ, адзін з кампанентаў атмасферы).

І што самае цікавае – працэс адбываецца ў чатыры разы інтэнсіўней, чым чакалася. А падчас сонечных штормаў (а маладое Сонца было вельмі неспакойным, як сапраўдны падлетак) – наогул узмацняецца. Гэта і тлумачыць, чаму Марс, які калісьці, верагодна, меў густую атмасферу і ваду на паверхні, усё гэта страціў.
Раней былі толькі ўскосныя сведчанні – напрыклад, дзіўны перакос паміж лёгкімі і цяжкімі ізатопамі аргону: лёгкія знаходзяцца ў верхніх слаях атмасферы і хутчэй вылятаюць у космас. Але зараз упершыню гэта пацверджана прамымі назіраннямі.
"Мы бачылі попел ад вогнішча – цяпер упершыню ўбачылі сам агонь", – кажа Шэнон Кэры, галоўная даследчыца місіі MAVEN. І сапраўды: здагадкі ператварыліся ў факты.
Чаму гэта важна? Бо дапамагае зразумець не толькі лёс Марса, але і тое, што трэба, каб планета заставалася прыдатнай для жыцця. Без магнітнага поля і з агрэсіўным Сонцам нават самая прыстойная атмасфера можа хутка стаць гісторыяй.

https://www.science.org/doi/10.1126/sciadv.adt1538

Абмеркаванне