🪲 Кібержукі ратуюць людзей: навукоўцы навучыліся кіраваць жукамі з дапамогай геймпада

Што рабіць, калі робат занадта грувасткі, каб прасунуцца праз завалы, а чалавек туды і наогул не пралезе? Адказ знайшлі аўстралійскія вучоныя: запрэгчы жука. І гэта не жарт.

Даследчыкі з Універсітэта Квінсленда стварылі "кібержукоў" – звычайных жукоў чарнацелкаў (Zophobas morio), на спіну якіх прычапілі невялікія "тэхнапарты" з мікрачыпамі. З дапамогай геймпада (!) яны навучыліся дыстанцыйна накіроўваць гэтых жукоў, стымулюючы іх рух праз электрычныя імпульсы ў вусікі або надкрылы. Такія сабе электрычныя лейцы.
Чаму жук, а не дрон?
Бо жук, у адрозненне ад робата, ужо ўмее і лезці, і поўзаць, і залазіць у шчыліны, дзе нават дрон захрасне. Ён лёгкі, вынослівы, не баіцца пылу, і ўвогуле мільёнамі гадоў толькі і рабіў, што эвалюцыянаваў, каб выжываць у самых няўтульных месцах. Цяпер гэтыя здольнасці можна накіраваць на добрую справу ратавання людзей, што апынуліся пад заваламі будынкаў ці шахтаў.
Ці не шкодзіць гэта жукам?
Не. Паводле аўтараў, такая сістэма кіравання ніяк не ўплывае на здароўе і даўгалецце жука. Да таго ж заплечнікі з мікраэлектронікай лёгка здымаюцца, а батарэйка, якая выкарыстоўвалася для выпрабаванняў, важыла не больш за самаго жука. Жук-альпініст? Калі ласка. На сценку ён таксама можа залезці і не бурчыць у працэсе.

Што далей?
У перспектыве даследчыкі хочуць дадаткова ўсталяваць на жукоў камеры і палепшыць энергасістэму, каб кібержукі маглі самастойна даследаваць завалы, перадаваць відэа і дакладна паказваць месцазнаходжанне людзей. Іншымі словамі, мы рухаемся да таго, каб у будучыні замест вялікіх сапсаваных робатаў пад завалы запускалі армію дробных, цягавітых і абсалютна рэальных казурак.

Калі ўсё атрымаецца, праз некалькі гадоў тэхналогію плануюць праверыць у рэальных умовах. А пакуль жа – жук на зарадцы, геймпад у руках, і навука крок за крокам ідзе да больш бяспечнай будучыні.
Абмеркаванне