Пакуль мы тут на зямлі хаваемся ад навальніцаў пад стрэхамі, з космаса на гэтае відовішча можна паглядзець з больш захапляльнай перспектывы. Амерыканская астранаўтка Ніколь "Вэйпар" Эйерс, што цяпер працуе на борце Міжнароднай касмічнай станцыі, зрабіла ўнікальны здымак – велізарны спрайт, што ззяе над навальнічнымі аблокамі. Такія з’явы даволі рэдкія.

Што такое спрайт?

Спрайты – гэта так званыя TLE (Transient Luminous Events). То бок кароткачасовыя зіхоткія падзеі ў верхніх слаях атмасферы, выкліканыя надзвычай моцнай электрычнай актыўнасцю навальніцы. Інакш кажучы, калі маланка знізу грыміць, у небе вышэй бушуе цэлая лазерная дыскатэка. Спрайты ўзнікаюць прыкладна на вышыні 80 км і могуць выглядаць як чырвоныя грыбы.

Чым гэта цікава вучоным?

Такія фатаграфіі дапамагаюць даследчыкам лепей зразумець, як і чаму ўзнікаюць гэтыя з’явы, а таксама які ўплыў яны маюць на атмасферу. Спрайты застаюцца адной з найменш вывучаных формаў электрычнай актыўнасці на планеце. А дзякуючы астранаўтам, што цяпер узброены не толькі навуковымі прыборамі, але і камерамі з добрай матрыцай, назіранні з арбіты сталі асабліва каштоўнымі.

Здымак Эйерс быў зроблены над Мексікай і ЗША. Спрайт выцягнуўся ажно ў верхнія пласты атмасферы, ззяючы над гарадамі, што свяціліся ўжо сваім, больш будзённым, штучным святлом.

📡 Падпісвайцеся, калі хочаце яшчэ больш навін пра зоркі, чорныя дзіркі і іншыя дзівацтвы Сусвету

Далучыцца