💥 Новы палёт Starship прайшоў з поспехамі і стратамі

SpaceX зноў запусціла ў неба свой гіганцкі ракетны карабель Starship – ужо дзевяты па ліку. Палёт выглядаў шматабяцальным: ракета ўзляцела, рушыла па зададзенай траекторыі і не развалілася, як гэта здаралася раней. Але радасць была нядоўгай: праз некалькі дзесяткаў хвілін карабель страціў кантроль, пачаў куляцца ў космасе, а потым разваліўся ў атмасферы над Індыйскім акіянам.

Карабель Starship – гэта такая металевая махіна, вышэй за 120 метраў, шырэй за самалёт Boeing 747 і цяжэй, чым маё жыццё ў панядзелак раніцай. SpaceX распрацоўвае яго для будучых місій на Месяц, Марс і, магчыма, калі спатрэбіцца, на цёплыя крыніцы Венеры. Галоўная фішка Starship – магчымасць шматразовага выкарыстання: запусціў, пасадзіў, заправіў – і зноў у неба.
Часткова пра гэтую канцэпцыю касмічнай таксоўкі я расказваў у гэтым відэа:

Падчас двух папярэдніх выпрабавальных палётаў ракеты – у кожным з якіх выкарыстоўвалася мадэрнізаваная канструкцыя Starship «Block 2» – праблемы ў рухальнай сістэме карабля прывялі да ўцечак падчас запуску, што ў рэшце рэшт выклікала заўчаснае адключэнне галоўных рухавікоў ракеты. У абодвух палётах карабель выйшаў з-пад кантролю і разваліўся.
Сёння ўначы адбыўся дзевяты палёт: карабель нарэшце праляцеў свой першы адрэзак без сур’ёзных няспраўнасцяў. Асноўныя рухавікі адпрацавалі, цеплаахоўныя пліткі не пасыпаліся, і ўсё ішло як па масле. Але… пасля выключэння рухавікоў у космасе адбылася страта ціску ў баках з палівам. Гэта прывяло да таго, што Starship ператварыўся ў цыліндр без руля і ветразя.
Адна з галоўных мэт палёту была – праверыць новыя цеплаахоўныя пліткі, якія мусяць абараняць карабель пры вяртанні ў атмасферу. Іх не выпрабуеш цалкам на Зямлі – трэба, каб яны пахваліліся сабой у сапраўдным пекле вяртання.
У нас ёсць каля дзясятка ці больш эксперыментаў з пліткай. Мы спрабуем розныя пакрыцці на плітцы. Мы спрабуем розныя метады вырабу, розныя метады мацавання. Мы змяняем запаўняльнік для пліткі.
У мінулым годзе SpaceX паспяхова пасадзіла тры зоркалёты ў Індыйскім акіяне пасля таго, як яны перажылі пякельныя вяртанні ў атмасферу, але вярнуліся з пашкоджанымі цеплавымі шчытамі.
Дарэчы, у беларусі здаецца існуе яшчэ наземная пляцоўка для тэставання гэткіх плітак. Прынамсі, я ў адной такой быўшы ў свой час – 10 год таму. Яшчэ з валасамі.

Але праз страту кіравання ў атмасферы Starship не змог прайсці гэтыя тэсты.
Цікава, што Starship нават спрабаваў упершыню адкрыць люк і выкінуць муляжы спадарожнікаў Starlink, але не здолеў – люк не адчыніўся як трэба.
Першая ступень – Super Heavy – у гэтым палёце таксама была асаблівай: яе выкарыстоўвалі другі раз, што ўжо само па сабе поспех. Яга узляцела, аддзялілася ад Starship, пачала вяртацца і… бабах. У момант пасадкі адбыўся выбух. Прычына пакуль высвятляецца, але SpaceX эксперыментавала з тым, каб саджаць ракету з выкарыстаннем толькі двух з 33 рухавікоў, замест звыклых трох. Магчыма, ракета вырашыла, што гэта ўжо занадта.
Што далей?
Каманда SpaceX ўжо мае наступны Starship на старце – ён прайшоў неабходныя выпрабаванні яшчэ ў красавіку. Паводле Маска, новыя запускі могуць адбывацца кожныя тры-чатыры тыдні. Але перад гэтым інжынерам давядзецца перагледзець атрыманыя даныя, праверыць, ці не паўтараюцца праблемы, і, мажліва, падлічыць, колькі яшчэ Starship-аў спатрэбіцца, каб нарэшце ўсё спрацавала.
Finally made it home, reflections on flight 9. Ship made it to SECO, Booster had a good showing for first reflight (although was lost unexpectedly shortly after landing burn start). I’m optimistic based on what we are seeing in data that turnaround time to flight 10 will be…
— Shana Diez (@ShanaDiez) May 28, 2025
Карацей, з аднаго боку – запуск прайшоў лепей, чым папярэднія. З другога – галоўныя задачы не выкананыя. Як сказаў адзін з працаўнікоў SpaceX у Twitter: "Магло быць і горш".

Дзякую ўсім спонсарам:
Магнатам: mova.how, Dzmitry Sudnik, himik94, Alexey Gulev, Aleś, aliaksei, Jaŭhien Baranoŭski, VentelD; і патронам: Vozhyk, Randomname, Aliaksey Kandratsenka, Alena Н., Aliaksiej Homza, Nicolai Grodzitski, Frau K, Піля, Aliaksandr Limantau, bbbbb, Tsimafei Akudovich, Mikita, markedby, Hvedar, Maateusz, Kri69, Aliaksandr Kasheuski, GM
Далучыцца
Абмеркаванне