Раней было лепей. Сучасны інтэрнэт скараціўся да жменькі пляцовак, чые алгарытмічныя стужкі робяць з нас закладнікаў бясконцага думскролінгу: дурнаватыя відэа, рэкламныя прынады і ружовыя кавалачкі чужога жыцця. Сацсеткі прымушаюць нас пражываць гэты дэкаратыўны фасад чужых будняў, параўноўваць, сумнявацца, губляць веру ў сваё. Пра гэты ўплыў ужо шмат сказана, асабліва пра шкоду для моладзі. Але менавіта яна ўсё лепш разумее: інтэрнэт зрабіўся атрутнай лужынай.

Нядаўняе даследаванне паказала: амаль палова маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 21 года хацелі б вырасці ў свеце без інтэрнэту. Нягледзячы на амаль пастаяннае знаходжанне ў лічбавай прасторы, 47% апытаных перакананыя — жыццё без інтэрнэту было б шчаслівейшым. Многія нават падтрымліваюць абмежаванні і забароны.

Як інтэрнэт зрабіўся дзярмом

Гэтую заняпадную трансфармацыю дакладна апісаў ветэран сеткі і публіцыст Коры Дактароў. Менавіта ён увёў у абарачэнне тэрмін enshittification, які Амерыканскае дыялектнае таварыства прызнала словам 2023 года.

Enshittification - Wikipedia

У артыкуле для Wired Дактароў паказаў, як неабмежаваная прага да грошай разбурае саму сутнасць інтэрнэту, ператвараючы яго ў непрыдатнае для жыцця асяроддзе для ўсіх: карыстальнікаў, медыя, бізнесу.

The ‘Enshittification’ of TikTok
Or how, exactly, platforms die.

Сутнасць гэтага механізму — у наступным:

Спачатку Facebook быў «сваім»: ён паказваў табе допісы сяброў, родных, тых, каго ты па-сапраўднаму хацеў слухаць. Гэта выклікала эфект узаемнага закладніцтва: калі ўсе твае важныя людзі ўжо там, то проста так сысці — значыць парваць сувязі, бо ўсім разам вы не здолееце дамовіцца, куды і як перабрацца.
Потым з’явілася рэклама і кантэнт, на які ты не падпісваўся. Спачатку — артыкулы медыя, якія Facebook прасоўваў, каб перанакіроўваць трафік. Але калі гэтыя выданні сталі залежнымі ад Facebook, алгарытм пачаў душыць іх ахоп. Выданні мусілі выкладваць поўны кантэнт на самой платформе, губляючы сувязь з уласнай аўдыторыяй.
Выданні сталі сапраўды залежнымі ад Facebook — чытачы ўжо не заходзілі на іх сайты, а проста чыталі ўсё ў самой сетцы. А выданні апынуліся ў закладніках у гэтых чытачоў, якія самі былі ў закладніках адзін у аднаго. Facebook перастаў паказваць чытачам артыкулы, якія публікавалі выданні, наладзіўшы Алгарытм так, каб ён падаўляў публікацыі, калі толькі выданне не плаціла за «прасоўванне» артыкулаў для тых чытачоў, якія самі падпісаліся і папрасілі паказваць іх у стужцы.
Потым Facebook пачаў яшчэ больш забіваць стужку рэкламай, змешваючы платныя допісы ад тых, каго ты хочаш слухаць, з платнымі допісамі ад чужых людзей, якія хочуць прыцягнуць тваю ўвагу. І ён даваў рэкламадаўцам выдатную прапанову: рэклама каштавала капейкі, затое мела дакладную нацэленасць дзякуючы асабістым звесткам, сабраным без тваёй згоды.
Прадаўцы таксама сталі залежнымі ад Facebook і ўжо не маглі весці справы без доступу да гэтай мэтавай рэкламы. Сёння Facebook канчаткова зруйнаваны — гэта жудаснае месца як для карыстальніка, так і для медыя, і для рэкламадаўцы.

Статыстыка расчаравання і фрустрацыі

Для мяне ў сярэдзіне нулявых гэта было чароўнае месца з блогамі пра фэнтэзі, фанатскімі суполкамі па перакладу Гары Потэра, гасцявымі старонкамі, RSS-рыдарамі, QIP-гутаркамі і гульнявым форумам "Виртуальных радостей". Інтэрнэт быў мазаікай, а кожны сайт — асобным сусветам.

Рэдкі артэфакт яшчэ захоўваецца ў маім воблаку з 2006 года

Але з часам сюды прыйшлі вялікія грошы і разбуральная тэндэнцыя дзярмавізацыі. Цяпер ён стаў глянцавым гандэлкам, дзе ўсё падлічана, прададзена і скіравана на выцісканне ўвагі.

Ці не дзіва, што моладзь хоча выйсці з гэтай пасткі?

Новае пакаленне вырасла сярод лічбавай цвілі. І брытанскае даследаванне адлюстроўвае гэтае глыбокае расчараванне маладых у тым, як інтэрнэт уплывае на іх псіхалагічны стан.

Half of young people want to grow up in a world without internet
BSI survey of 1,293 young Britons finds they live life online but want an escape route as technology fails to make them happy.

Галоўнае:

47% маладых — хацелі б вырасці без інтэрнэту

50% — падтрымліваюць увядзенне камэнданцкай гадзіны для сацсетак

74% — сталі больш часу праводзіць анлайн пасля пандэміі

68% — адчуваюць сябе горш пасля сацсетак

42% — хлусяць бацькам пра сваю дзейнасць у інтэрнэце

40% — маюць фэйкавыя або запасныя акаўнты

79% — хочуць, каб тэхналагічныя кампаніі былі абавязаныя забяспечваць прыватнасць і бяспеку

Гендарныя адрозненні: 37% дзяўчат сутыкаліся з онлайн-булінгам (супраць 28% хлопцаў); 85% дзяўчат часта параўноўваюць сябе з іншымі.

Фінал, як і пачатак, — у чалавеку

Інтэрнэт не павінен быць вязніцай, дзе ўвагу трымаюць у ланцугах, а чалавечнасць абменьваюць на клікі. Пакуль моладзь яшчэ марыць пра іншы свет — свет без бясконцай стужкі, без алгарытмаў, што кіруюць нашымі паводзінамі, — надзея жыве.

Можа, менавіта іх стома, іх нязгода стануць першым крокам да новай эры — дзе тэхналогіі будуць служыць чалавеку, а не панаваць над ім. Але гэта магчыма толькі тады, калі чалавек гатовы зрабіць гэты крок за межы алгарытму. Бо алгарытм нас ня любіць – ён нас лічыць.

📇 Сапраўдны кантэнт яшчэ жыве — далучайся, пакуль яго не задушыў алгарытм

Хачу больш такога