Робаты эвалюцыянуюць занадта хутка. Паглядзіце толькі на гэтага жалезнага карапуза. Па ўзроўню развіцця ён ужо 100-адсоткава дагнаў мяне з дзявятага класа. Гляджу як ён замагаецца з непаслухмянай гравітацыяй за тое, каб стаць роўна, і успамінаю сваю першую дарослую дыскатэку і тую першую пляшку віна за жупранскім Домам культуры. Дзякуй табе за настальгічныя ўспаміны, маленькі выпівоха. Наперадзе цябе чакае цэлы свет цікавостак.
Як і чытачоў новага выпуску "тэхнавукі". Прывітанне ўсім, за клавіятурай Віталь Аляхновіч. Сёння я падрыхтаваў для вас бярэмя цікавостак са свету тэхналогій, навукі і космасу: першыя кадры Сусвету з перадавога тэлескопа, аднаўленне мовы паралізаванага, яшчэ адзін прыгожы ракетны выбух і шмат інгаша.
Аўтаномная Gemini Robotics
Каманда Google DeepMind прадставіла палегчаную версію свайго штучнага інтэллекта Gemini Robotics, які можа працаваць непасрэдна на робаце, аўтаномна, без доступу да інтэрнэту. Пра гэтую ШІ-мадэль я расказваў у тэхнавуцы 20.
Калі коратка нагадаць, то Gemini Robotics – гэта так званая Vision-Language-Action-мадэль, то бок штучны інтэлект, які спалучае зрок, разуменне мовы і выконвае на гэтай аснове дзеянні. Прасцей кажучы, ён можа зразумець, што вы сказалі, убачыць, што ёсць вакол, і зрабіць патрэбную справу. Нават калі раней яму гэтага ніхто не паказваў. Напрыклад, падняць кубачак або уставіць вілку ў разетку.
Паменшаная і аптымізаваная версія мадэлі здольная круціцца цалкам лакальна, прама ў жалезе, без доступу да вялікай і моцнай версіі дзесьці там на воблаку. І, што цікава, працуе яна амаль гэтак жа добра, як яе "старэйшая" воблачная сястра. То бок робат здольны разумець каманды, аналізаваць наваколле і выконваць тонкую працу з прадметамі нават тады, калі Wi-Fi адключылі, а сісадмін не выйшаў з запою.
Кіраўніца аддзела робататэхнікі ў DeepMind, Кароліна Парада, тлумачыць, што новая версія можа вучыцца на хаду: дастаткова 50–100 дэманстрацый, каб адаптавацца да новых заданняў. Спачатку мадэль вучылі на робаце ALOHA, але потым без асаблівых праблем "прыручылі" і іншых. Напрыклад, гуманоіда Apollo і дзвюхрукага Franka FR3.
Такі падыход асабліва карысны там, дзе забаронены выхад у сетку. Напрыклад, на ваенных аб’ектах, у медыцыне або проста на беларускім хутары з Edge-злучэннем. А яшчэ палегчаная мадэль зручная для распрацоўшчыкаў, бо разам з ёю Google упершыню прапануе SDK – камплект для распрацоўкі, з дапамогай якога можна дакручваць ШІ пад канкрэтныя патрэбы.
Google DeepMind паказвае, што робаты могуць станавіцца разумнейшымі і больш самастойнымі нават без злучэння з мазгавым воблачным цэнтрам. І хоць поўнафункцыянальная старэйшая версія Gemini па-ранейшаму мацнейшая, яе "малодшы брат" ужо гатовы рабіць сваю справу.
Таму рыхтуйцеся да часоў, калі ваш будучы разумны пыласмок пачне падазрона ціхенька мурлыкаць у кутку. Яго мазгі пэўна ўжо будуць прыдатныя для Gemini.
Дарэчы, такога кшталту сінэргія робатаў і Vision-Language-Action мадэляў — самы перадавы трэнд у робататэхніцы.
Ëсць такая кампанія Generalist, якая хоча стварыць агульнага прызначэння робата – не проста машыну, а амаль універсальнага выканаўцу, што зможа рабіць розныя рэчы ў рэальным свеце: ад складання скрынкі да сартавання цвікоў. Пакуль гэта не «жалезны чалавек», але першыя вынікі выглядаюць годна.
Каманда Generalist трэніруе end-to-end нейрасеткі, якія кіруюць робатам у рэальным часе па камерах і іншых сэнсарах. Гэтыя сеткі не пішуць код, не складаюць план, не разважаюць на словах – яны проста глядзяць, што перад імі, і дзейнічаюць. І дзейнічаюць спраўна.
Праз якія выпрабаванні праходзяць гэтыя робаты?
1. Сартыроўка дробных дэталяў
Робат хапае і раскладвае маленькія цвікі і балты з кучы па сваіх месцах. Рабіць гэта складана, бо прадметы тонкія і трэба размяшчаць кожны элемент у свой адсек.
2. Згортванне скрынкі і ўкладванне ланцуга
Тут трэба працаваць з дэфармаванымі аб’ектамі, спраўляцца з доўгімі паслядоўнасцямі дзеянняў, і не памяць скрынку. Робат акуратна зашпільвае бакавіны, змяшчае ланцуг унутр, а пасля дакладна — з міліметровай дакладнасцю — закрывае яе.
3. Вяртанне шрубак у слоік
Робат выкарыстоўвае інструменты і прымяняе імправізацыю: саскрабвае шрубкі з магніта, згортвае папяровую талерку ў варонку і сыпле іх у слоік, або падбірае адна за адной. Тут патрэбна сінхранізацыя дзвюх «рук» і вельмі тонкае пачуццё.
4. Разборка і сартаванне Lego (і крыху кідання)
Робат разбірае канструкцыі з «Лега» і сартыруе кубікі па колерах. Ён вучыцца правільна перахопліваць, выкручваць, хістаць — і нават кідаць (!) кубікі ў скрыні. Але не абы як, а з улікам фізікі, вагі і патрэбнай хуткасці.
Пакуль робаты вучыцца складаць ланцуг, не пашкодзіўшы скрынку. Таму можна пачувацца бяспечным перад будучым скайнэтам. Але вось калі яны навучацца збіраць IKEA без інструкцыі — вось тады сапраўды трэба задумацца.
Хачу падзяліцца з вамі пудзілкай пра харчовае атручванне. І я, і пэўна вы, не раз з гэтым сутыкаліся. Хтосьці пераседзіць на ўнітазе, хтосьці ледзь да яго дабяжыць. Сітуацыі бываюць розныя. І нават у самых экстрэмальных выпадках звычайна справа не заходзіць далей, чым нязмыўная ганьба. Звычайна ўсё абыходзіцца без шпіталізацыі. Але не ў гэтым выпадку.
59-гадовы жыхар Кітая пасля порцыі сумнеўнай вулічнай ежы (падрабязнасці, што менавіта гэта было, засталіся загадкай) адчуў нешта больш жудаснае, чым звычайны «бунт у страўніку». Праз некалькі гадзін яго літаральна «разнесла» знутры. Ваніты былі настолькі моцныя, што ён… разарваў сабе стрававод.
Гэтая надзвычай рэдкая і смяротна небяспечная з’ява мае назву сіндром Бурхавэ. Адзін са шматлікіх медыцынскіх тэрмінаў якія непажадана гугліць. Пры ім стрававод — канал, які злучае горла і страўнік — літаральна рвецца ад рэзкага і моцнага павышэння ўнутранага ціску. Як правіла, гэта здараецца падчас моцнай ваніты ці спазмаў. Калі не аказаць медычную дапамогу на працягу 12–24 гадзін, рызыка памерці дасягае 100%.
У выпадку гэтага няшчаснага гурмана ўсё скончылася адносна шчасліва. Лекары з бальніцы Цылу ў горадзе Цындао ўставілі трубку ў грудную клетку, каб адпампаваць вадкасць і праверылі стрававод праз кантраснае рэнтген-даследаванне. Выявілася вялікая расколіна, праз якую кантраснае рэчыва трапляла проста ў грудзі. Меркаваная прычына – выбуховае ўнутранае сцісканне, якое арганізм проста не вытрымаў.
Пасля тэрміновай аперацыі мужчына правёў у шпіталі 35 дзён. Яго выпісалі з зондам для харчавання, які ішоў у тонкую кішку. Eсці нармальна ён яшчэ доўга не мог. Поўнае аднаўленне заняло тры месяцы.
Выпадак быў апісаны ў часопісе The New England Journal of Medicine, тут я вам нічога не выдумляю. Медыкі ўсё яшчэ не маюць адназначнага тлумачэння, чаму ўзнікае гэты сіндром. Ёсць здагадка, што падчас ваніты страваводны сфінктар (такая сабе брамка, што звычайна адкрываецца, каб прапусціць ежу) застаецца зачыненым, а ўнутраны ціск расце і прарывае самую слабую частку стрававода.
У сярэднім у свеце фіксуецца каля трох выпадкаў на мільён чалавек у год. Так што, сябры, памятаем: вулічная ежа можа быць смачнай, але часам яна – проста бомба. Не ведаеш, з якога боку рване.
Наймацнейшая камера ў свеце
На вяршыні чылійскіх Анд, у месцы, дзе ноч цёмная, як у шахце, і паветра сухое, як попел у печы, запрацаваў тэлескоп, які можа перакуліць наша ўяўленне пра Сусвет. Імя яму – Абсерваторыя імя Веры Рубін – астранома, якая першай знайшла сур’ёзныя доказы існавання цёмнай матэрыі, таямнічага «клею», што трымае галактыкі разам.
Прыбор атрымаўся настолькі дасканалым і сучасным, што яго можна з гонарам назваць вачамі чалавецтва, што глядзяць у глыбіню космасу з дакладнасцю і цярплівасцю майстра ювелірнай справы.
Першыя фотаздымакі ўжо паказаны публіцы ў панядзелак 23 чэрвеня. На адным з іх зорны радзільны дом – віхоры з газу і пылу на адлегласці 9000 светлавых гадоў, у месцы, дзе ствараюцца новыя зоркі.
Сам тэлескоп пабудаваны так, каб бачыць як далёка, так і шырока. Яго вялізнае галоўнае люстэрка мае ў дыяметры 8,4 метры, выраблена з суцэльнага кавалка борасілікатнага шкла, пакрытага пластом чыстага срэбра таўшчынёй 120 нанаметраў.
Для кантэксту, такія навуковыя прыборы як касмічныя тэлескопы Хабл ці Джэймс Уэбб маюць поле зроку менш за пяць сотых (0,05) квадратнага градуса, што эквівалентна ўсяго некалькім працэнтам ад памеру поўнага месяца. Рубін, наадварот, можа адначасова адлюстроўваць 9,6 квадратных градусаў – гэта каля 45 поўных месяцаў неба.
Таму так, гэта крыху іншы, унікальны інструмент, які робіць умоўна панарамныя здымкі, але вельмі часта. Гэта значыць, мы ўпершыню пабачым космас як працэс: як адныя зоркі з’яўляюцца, а другія знікаюць, як вандруюць астэроіды. І якія з іх небяспечна ляцяць у наш бок.
Тэлескоп будзе праглядаць увесь паўднёвы небасхіл кожныя 3-4 дні цягам 10 гадоў. «Рубін» зробіць больш за 2 мільёны здымкаў, створыць 500 петабайтаў даных і як мінімум 825 разоў наведае позіркам кожны аб'ект, які зможа ўбачыць. Гэта дазволіць выяўляць мільёны выбухаў звышновых зорак, даследаваць з’явы, якія згінаюць прастору і час, а таксама выявіць 6 мільёнаў цел у нашай Сонечнай сістэме, 17 мільярдаў зорак у нашай галактыцы і 20 мільярдаў галактык у Сусвеце.
Пераважная большасць змен, якія будуць фіксіравацца на небасхіле, будзе тычыцца яркасці, а не руху. Кожны здымак, які робіць тэлескоп Рубін, адразу параўноўваецца з базавым. І калі нешта змянілася, праграмнае забеспячэнне выдае сігнал. Такіх сігналаў будзе каля 10 тысяч на адзін здымак, да 10 мільёнаў за ноч. Прычынай большасці змен будзе не рух аб’ектаў, а змена іх яркасці: зоркі выбухаюць, пульсары мігцяць.
Read next
Could not load content
Стаць удзельнікам
Далучайся да нашай эксклюзіўнай супольнасці як удзельнік майго асабістага блогу і адкрый для сябе свет захапляльнага кантэнту