🦊 Firefox пад пагрозай знікнення, бо трымаецца за грошы Google, як за адзіную ратавальную палачку

У ЗША працягваецца судовая справа супраць Google. Міністэрства юстыцыі сцвярджае, што Google мае незаконную манаполію на рынку пошуку: Google плаціць мільярды даляраў, каб быць пошукам па змаўчанні ў самых папулярных браўзерах і на смартфонах. А гэта значыць, што канкурэнты проста не маюць шанцаў выбіцца ў людзі.
Паводле фінансавага дырэктара Mozilla, Эрыка Мюльхайма, калі Google з забаронай плаціць за “месца па змаўчанні” знікне з унутранасцяў Firefox — браўзер апынецца пад пагрозай закрыцця. Бо амаль 90% даходу Mozilla прыносіць менавіта Firefox, і з гэтых грошай 85% ідуць ад… Google.
Без гэтых выплат Mozilla прыйдзецца скарачаць каманду, спыняць развіццё новых функцый і, як сказаў сам Мюльхайм, “падаць у спіраль заняпаду”, што можа скончыцца знікненнем Firefox як прадукту.
Паміж 2014 і 2017 Mozilla ўжо рабіла Yahoo асноўным пошукавікам. І тады карыстальнікі проста пачалі масава сыходзіць на іншыя браўзеры.
Іронія сітуацыі ў тым, што Firefox сам выступае за больш справядлівы рынак і супраць манаполій, але менавіта рэформы супраць Google могуць яго ж і знішчыць. Бо Firefox працуе на сваім уласным рухавічку Gecko — адзіным, які не належыць вялікай карпарацыі. Іншыя — гэта або Google Chromium, або Apple WebKit. А Mozilla — гэта ўсё ж такі некамерцыйная арганізацыя, а не мільярдны бізнэс-манстр.
Можна, канечне, развіваць іншыя крыніцы даходу. Напрыклад, як Opera, якая ўжо больш зарабляе на рэкламе, чым на пошукавых здзелках. Але ў Mozilla кажуць: для нас, з нашым акцэнтам на прыватнасць, такія мадэлі цяжэй рэалізаваць.
Абмеркаванне