Астраномы, зазірнуўшы ў самыя глыбіні космасу, заўважылі нешта надзвычай масіўнае ў сэрцы гравітацыйнай лінзы з паэтычнай назвай Касмічная Падкова. Па падліках, гэта можа быць чорная дзірка масай каля 36 мільярдаў сонцаў. Увага! Паўтараю яшчэ раз лічбамі: 36 000 000 000 сонцаў! Для параўнання: нашая цэнтралізаваная ў Млечным Шляху чорная дзірка выглядае на яе фоне, як сціплы хатні кот перад бенгальскім тыграм: у 10 000 разоў менш масіўная.

Даследаванне апублікавалі ў часопісе Monthly Notices of the Royal Astronomical Society. За адкрыццем стаіць каманда з Інстытута касмалогіі і гравітацыі Універсітэта Портсмута (Вялікабрытанія) і Федэральнага ўніверсітэта Рыа-Грандэ (Бразілія). Іх "паляўнічыя" вочы скіраваліся на гравітацыйную лінзу – з’яву, калі гравітацыя вельмі масіўнага аб’екта (напрыклад, цэлай галактыкі) настолькі моцная, што скрыўляе прамяні святла і час, якія пралятаюць побач.

Што такое гравітацыйная лінза?

Эфект падобны да таго, як праз павялічальнае шкло прадметы выглядаюць бліжэйшымі і большымі. Гравітацыйная лінза можа не толькі ўзмацніць святло, але і сказіць выяву, раздвоіць яе або нават стварыць некалькі копій таго ж самага аб’екта. У ідэальным выпадку, калі ўсё выраўнавана з ювелірнай дакладнасцю, мы бачым так званае Кальцо Эйнштэйна — поўную светлую акружнасць вакол масіўнага аб’екта.

Гравітацыйнае лінзаванне прадказаў яшчэ Альберт Эйнштэй — ён разважаў, што гравітацыя здольная працаваць як лінза для святла. У 1919 годзе брытанскі астраном Артур Эдынгтан упершыню гэта праверыў, сфатаграфаваўшы зрушаныя становішчы зорак падчас поўнага сонечнага зацьмення.

Сёння гэты эфект — адзін з галоўных інструментаў астраномаў для вывучэння вельмі далёкіх і слабых аб’ектаў, якія інакш мы проста не ўбачылі б. Ён дапамагае не толькі зазіраць у самыя раннія эпохі Сусвету, але і “прасвечваць” нябачную цёмную матэрыю, масу якой можна ацаніць па тым, як яна скажае святло.

Карацей, гравітацыйная лінза — гэта натуральны касмічны тэлескоп, зроблены самой прыродай. І, у адрозненне ад чалавечых, яна працуе мільярды гадоў без рамонту і замены дэталяў.

Стрэлкамі пазначаны копіі адной і той жа звышновай зоркі, якая трапіла ў гравітацыйную лінзу, створаную галактычным кластарам

Падкова ў космасе

Касмічная Падкова адкрылася чалавецтву ў 2007 годзе дзякуючы тэлескопу Хабл. У цэнтры гэтай структуры – гіганцкая жоўтая галактыка LRG 3-757, а вакол яе – сіні падковападобнае ззянне, гэта святло з яшчэ адной галактыкі, што знаходзіцца за ёй. Масіў LRG 3-757 у сто разоў перавышае масу Млечнага Шляху, а адлегласць да яе складае каля 5,6 мільярда светлавых гадоў.

Гравітацыйная лінза, вядомая як Касмічная Падкова, названая так з-за няпоўнага кfльца блакітнага святла, якое акружае яе цэнтральную галактыку LRG 3-757

Астраномы не бачылі чорную дзірку наўпрост, але вывучылі рух святла ў падкоўным кальцы і хуткасці зорак унутры галактыкі. Вынікі ідэальна падыходзяць пад мадэль з ультрамасіўнай чорнай дзіркай у цэнтры. "Аб’яднаўшы гэтыя два вымярэнні, мы можам быць цалкам упэўнены, што дзірка рэальная", – кажа прафесар астрафізікі Томас Калет.

На яго думку, такі монстр мог узнікнуць толькі пасля сутыкнення дзвюх велізарных галактык і зліцця іх уласных чорных дзірак. Дарэчы, некаторыя астраномы мяркуюць, што падобны лёс чакае і наш Млечны Шлях, калі ён урэшце сустрэнецца з галактыкай Андрамеды. Але гэта не заўтра, таму білеты можна пакуль не браніраваць.

А што з легендарнай TON 618? Гэта чорная дзірка лічыцца яшчэ больш масіўнай – каля 66 мільярдаў сонцаў. Але яна знаходзіцца так далёка (больш за 10 мільярдаў светлавых гадоў), што яе гаспадарную галактыку мы разглядзець не можам, і ўсе ацэнкі базуюцца на ўскосных мадэлях. Таму навукоўцы з Портсмута сцвярджаюць: іх Касмічная Падкова – найбольш упэўнена пацверджаная прэтэндэнтка на тытул найцяжэйшай чорнай дзіркі, якую мы калі-небудзь бачылі.

І так, калі хто пытае, “а што там у цэнтры чорнай дзіркі?”, то адказ просты: лепш не правяраць на сабе, бо экскурсіі туды арганізуюць толькі ў адзін бок.

📡 Падпісвайцеся, калі хочаце яшчэ больш навін пра зоркі, чорныя дзіркі і іншыя дзівацтвы Сусвету

Далучыцца