🤖 Гуманоідны Atlas выйдзе на працу на заводзе Hyundai з 2028 года, а колькі людзей страціць працу?
Boston Dynamics гадамі паказвала відосікі, дзе робаты робяць сальта, танчаць і выглядаюць так, нібыта іх галоўная праца - збіраць лайкі ў тыктоку. На CES 2026 у Лас-Вегасе робат Atlas заявіў: «Хопіць цырку, я іду на змену на завод Hyundai».
Першым месцам называюць завод у ЗША. У 2028-м Atlas пачне з «бяспечных і правераных» працэсаў: напрыклад, з parts sequencing - гэта калі дэталі загадзя раскладваюцца і падаюцца на лінію ў правільным парадку. А ўжо да 2030 года Hyundai абяцае пераход да задач кшталту паўтаральных рухаў, цяжкіх нагрузак і больш складаных аперацый.

Atlas у новай версіі цалкам электрычны, на батарэях. Па спеках ён будзе вільгацятрывалым і зможа працаваць прыкладна ад -20 да +40°C. Цікавая фішка - тактыльныя сэнсары ў руках (робат "адчувае" дотык, а не проста "хапай што бачыш") і здольнасць самастойна мяняць батарэю, каб працаваць увесь дзень без перакуру.
Яшчэ адзін важны параметр - 56 ступеняў свабоды (DoF). DoF - гэта, па-чалавечы, колькі незалежных рухаў у суставах і сегментах цела: чым больш, тым больш тонкай і чалавечай можа быць маторыка. Кажуць, што робат можа ўзнімаць да 50 кг, а "большасці задач" яго можна навучыць за адзін дзень.
Кантэкст тут таксама смачны. Boston Dynamics - гэта не стартап учорашняга дня: яны выраслі з MIT яшчэ ў 1992, доўга жылі на грантах і даследаваннях (у тым ліку з DARPA), праславіліся BigDog, Atlas і, вядома, Spotам - тым самым сабачкам, якога прадавалі бізнесу прыкладна за $74 500 яшчэ з 2020 года. Але пры ўсёй віруснай славе кампанія гадамі губляла мільёны. І вось Hyundai ў 2021 купіў Boston Dynamics, ацаніўшы яе прыкладна ў $1,1 млрд, і цяпер, здаецца, кажа: "Хлопцы, час рабіць не толькі шоу, але і табэль уліку працоўнага часу".
Hyundai яшчэ і падколвае Tesla паміж радкоў: маўляў, наш Atlas будзе больш сур’ёзны, чым Optimus. Гэта на фоне таго, што Tesla на хвалі AI-хайпу каштуе на рынку каля трыльёна, хоць аўто прадае менш, чым гіганты кшталту Hyundai. І тут узнікае галоўнае пытанне: грошы. Колькі каштуе Atlas не кажуць. Але калі Spot каштаваў дзясяткі тысяч долараў, то Atlas, паводле ацэнак, можа быць на парадак даражэй, аж да сотняў тысяч. І чым больш спрыту і аўтаномнасці, тым большы кошт. Таму гэта вялізная стаўка на тое, што гуманоіды сапраўды акупяцца ў цэху, а не толькі ў YouTube. За кошт большай эфектыўнасці, чым людзі.

Калі гуманоіды сапраўды пойдуць у вытворчасць масава, гэта зменіць не толькі заводы, але і сацыяльны кантракт: хто і за што будзе атрымліваць зарплату, што будзе з перанавучаннем людзей, як будуць выглядаць прафсаюзы ў эпоху калег з акумулятарам. Страхі пра звальненні не фантазія: ва ўнутраных дакументах Amazon разглядалі сцэнар, дзе робаты могуць выштурхнуць сотні тысяч працоўных месцаў у ЗША да 2033.
Зразумела, у аўтамабільнай індустрыі ўжо даўно і шырока выкарыстоўваецца спецыялізаваная робататэхніка. Гуманоідныя робаты распрацаваны спецыяльна для задач, якія выконваюцца людзьмі ў прасторах, прызначаных для людзей, з канчатковай мэтай пазбегнуць выплаты заработнай платы людзям.
Саміх атласаў хочуць выпускаць ажно па 30 000 штук у год. Гэта прыкладна мінус 30 000 працоўных месцаў на заводах для людзей.
Галоўная інтрыга не ў тым, ці зможа Atlas падымаць 50 кіло, а ці зможа ён эканамічна і сацыяльна ўпісацца ў свет, дзе людзям таксама трэба есці, жыць і мець годнасць.

Выхад гэтага тэксту спансіравалі:
Магнаты: mova.how, Dzmitry Sudnik, himik94, Alexey Gulev, Aleś, aliaksei, Jaŭhien Baranoŭski, VentelD, Marmol, Ivan Yanchuk, Hieorhij Puhačoŭ, Vozhyk; і патроны: Randomname, Aliaksey Kandratsenka, Alena Н., Aliaksiej Homza, Nicolai Grodzitski, Піля, Aliaksandr Limantau, Tsimafei Akudovich, Mikita, markedby, Hvedar, Maateusz, Kri69, GM, Heorhi Raik, Kate Svd, Mikita, Kiryl, Aliaksandr Smirnou, Aleś z-pad Miensku, Taćciana, Georgij Smirnov, Ant, Канстанцін
Падтрымаць