Добра. Насамрэч аднойчы я ўсё ж такі ўстаў з канапы, каб знайсці стрыечную сястру свайго дзеда ды распытаць пра яе жыццё і родзічаў. Але з большага выбудаваць генеалагічнае дрэва на 200+ чалавек з галінкамі, што сягаюць ў глыб да 1751 года, атрымалася цалкам праз інтэрнэт. Зразумела ж, далёка не для ўсіх мой шлях апынецца паўтаральным, бо ёсць некалькі ключавых уводных: каталіцтва і Заходняя Беларусь. Але нейкі кірунак, спадзяюся, задасць і для вашых пошукаў. Зараз раскажу, як гэта было.

Пяць дачок каваля Владыслава

На гэты здымак я натрапіў у Facebook, калі вырашыў пагугліць там сваё прозвішча так, як яно запісваецца па польску. Здымкам падзялілася нейкая пані з Польшчы, допіс пад ім казаў, што на здымку пяцёра дачок каваля Владыслава Аляхновіча і яго жонкі Паўліны Бурачэўскай з графскага двара Навасёлкі пад Ашмянамі. Здымак зроблены дзесьці ў часы Першай сусветнай.

Той граф быў з Чапскіх, што фундавалі касцёл у маіх Жупранах, да якога таксама спрычыніўся Багушэвіч. Графская сядзіба і двор ціха-мірна існавалі ў Навасёлках да 1939 года. Вакол яе гуртавалася мясцовае сялянства і работнікі. Граф выдзяліў пасаг маёй стрыечнай прабабці на вяселле. Пра апошняе, я ужо даведаўся, калі добра пакапаўся ў карэннях.

Ну а калі прыйшлі Саветы, граф павесіўся на рагу бліжэйшага леса, яго сядзібу разрабавалі, а канчаткова яга згарэла ў 1944 годзе. Відаць, падчас вызвалення. дваром карыстаўся калхоз, у грунтоўных стайнях гадаваліся коні. Пакуль усё канчаткова не прыйшло ў заняпад. Лес завецца графскім. Не ведаю, атрымаў такую назву ўжо пасля таго, як там павісеў шляхетны госць, ці да...

Зразумела ж, здымак пяці дачок каваля мяне зацікавіў. Я палез шукаць старыя карты, бо непасрэда знішчаны двор на сучасных нідзе не пазначаны. У пошуках зніклых мясцін выдатна дапамагае гэты сайт: https://orda.of.by. Там ёсць польскія, савецкія і здаецца нямецкія карты беларускіх мясцін. Можна адкрыць некалькі карт побач адна адной і яны будуць сінхранізаваць паміж сабой месцазнаходжане. Перасоўваеш адную карту, соўгаюцца ў тым жа напрамку і астатнія.

Высветлілася, што ад двара Навасёлкі да вёскі, дзе нарадзіўся мой дзед, а таксама да маёй вёскі напрасткі рукой падаць.

І дзесьці ў гэты момант мяне працяла. Гэта ж могуць быць мае сваякі? Вось на гэтым здымку стогадовай даўніны ўсе такія незвычайныя, прыгожыя, старасвецкія жанчыны могуць быць дзецьмі людзей, ад якіх пайшоў мой дзед, мой бацька і я. Проста зараз я углядаюся ў твары тых дзяўчат, што хадзілі па зямельцы жупранскай дзесьці побач са мной. Нейкім чынам перажывалі тры вайны, паспелі пабыць падданымі расійскага імператара, грамадзянамі Сярэдняй Літвы, другой Польскай рэспублікі, БССР.

У гэты момант я зразумеў: што нічога не ведаю пра свае карэнні. Нават не ведаю, дзе пахаваны бацька майго дзеда, калі і як ён памёр, дзе нарадзіўся і кім быў. Каб перакінуць масток да пяці дачок каваля, мне спачатку трэба было даведацца пра майго прадзеда.

Разам з гэтым, я даведаўся пра колер яго вачэй, двух расстраляных за польскасць сваякоў, зніклага удзельніка польска-бальшавіцкай вайны, роднасныя сувязі з Арміяй Краёвай і гістарычнага суседа, што стварыў з Ашмяншчыны ўмоўнае ДНР (Сярэднюю Літву) яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам. Пра гэта ўсё ў наступнай частцы.