Трамп прапануе самае вялікае скарачэнне фінансавання NASA за ўсю гісторыю. І выглядае гэта неяк так: мінус космас для ўсіх — плюс Марс для Маска.

Ад NASA хочуць зрэзаць чвэрць бюджэту. Гэта значыць, менш грошай на навуку, менш астранаўтаў на МКС, і, адпаведна, менш даследаванняў на арбіце. Канкрэтна з МКС плануюць зняць $508 мільёнаў са словамі: “цяпер робім там толькі тое, што карысна для Месяца і Марса”. У перакладзе з бюджэтнай мовы — базавая станцыя на арбіце становіцца дапаможным складнікам пад праекты па заваяванні іншых нябесных целаў.

Адначасова з гэтым, у бюджэце з’яўляецца $1 мільярд на праграмы, звязаныя з Марсам. Без дэталяў, канечне. Але, як піша The New York Times, SpaceX Ілона Маска, хутчэй за ўсё, паспрабуе атрымаць частку гэтых грошай, каб здзейсніць бязэкіпажны запуск Starship на Марс. Маск ужо казаў, што такі палёт — справа наступнага года. А яшчэ ён казаў, што Tesla будзе ездзіць аўтаномна яшчэ ў 2019… і кідае зігі. 👋

Што яшчэ? Мінус $2,2 мільярда на касмічныя навуковыя місіі, уключаючы спыненне місіі Mars Sample Return, якая павінна была даставіць на Зямлю ўзоры глебы з Марса. Новы план — “навошта беспілотнік, калі туды паляціць чалавек”.

Таксама прапануецца паступова адмовіцца ад ракет SLS і капсулы Orion — тых самых, на якія NASA лятае (рэдка і кепска) па праграме Artemis. Замест гэтага — камэрцыйныя альтэрнатывы. Яшчэ адна ахвяра — праграма Lunar Gateway — арбітальная станцыя вакол Месяца. Яе хочуць закрыць пасля палёту Artemis III. Пад лозунгам «перагонім Кітай на Месяцы».

Зямныя навукі губляюць $1,1 мільярда. Гэта значыць: “маловажныя кліматычныя спадарожнікі” — да пабачэння. Таксама скарачаецца фінансаванне “зялёнай авіяцыі” на $346 мільёнаў. 

І, каб фінальна дабіць аптымістаў, мінус $143 мільёны на праграмы STEM — тыя самыя, што дапамагаюць дзецям і студэнтам цікавіцца навукай, тэхнікай і касманаўтыкай. Падаецца, новае пакаленне астранаўтаў павінна будзе вучыцца ў X.

Як падкрэслівае Planetary Society, гэта не проста скарачэнні. Гэта — найбуйнейшае аднаразовае змяншэнне бюджэту NASA ў гісторыі ЗША. І паводле экспертаў, такі падыход азначае, што ЗША адмаўляюцца ад ролі лідара ў сусветнай касмічнай гонцы. 

Гэты бюджэт яшчэ мусіць быць ухвалены ў амерыканскім парламенце.

📡 Падпісвайцеся, калі хочаце яшчэ больш навін пра зоркі, чорныя дзіркі і іншыя дзівацтвы Сусвету

Далучыцца