GeForce RTX 5060 – новая бюджэтная відэакарта, якая абяцае нам больш за 100 кадраў у секунду ў сучасных гульнях — і ўсё гэта за $300. Але ўсяго з 8 ГБ памяці. А для тэстаў журналістаў абавязалі выконваць асаблівыя ўмовы працы відэакарткі! Гэта ўвогуле нармальна?

Відэакартка атрымала новы чып GB206 з 3840 CUDA-ядрамі — гэта на 25% больш, чым было ў RTX 4060. Памяць засталася тая ж — 8 ГБ, але перайшлі на новы стандарт GDDR7, які забяспечвае да 65% болей прапускной здольнасці. Карта “есць” 145 Вт — не самы сціплы апетыт, але для сваёй вагавай катэгорыі нармальна.

NVIDIA сцвярджае, што ўсё лятае: у афіцыйнай рэкламе паказваюць больш за 100–200 fps у DOOM: The Dark Ages, Hogwarts Legacy і Black Myth: Wukong. І ўсё гэта на 1080p з максімальнымі наладамі графікі. Але тут заўвага — усе тэсты рабіліся з уключанай шматкратнай генерацыяй кадраў (frame generation), якая штучна “дадае” fps — ранейшыя карты такога не ўмелі.

Так што “лятае на пальцах”. А па факце мы пакуль што мала што ведаем.

Незалежных аглядаў яшчэ няма. NVIDIA не раздала драйверы загадзя журналістам, і дазволіла толькі пэўным СМІ апублікаваць папярэднія агляды — прычым з вельмі жорсткімі абмежаваннямі. Напрыклад:

  • тэсты толькі ў пяці гульнях (Avowed, Doom: The Dark Ages, Marvel Rivals, Cyberpunk 2077, Hogwarts Legacy),
  • толькі ў 1080p,
  • толькі з генерацыяй кадраў ×4 (якую старыя карты не падтрымліваюць),
  • і параўноўваць можна было толькі з пазамінулымі пакаленнямі RTX 3060 і RTX 2060 Super.

Такі падыход — як калі б вам далі пачаставацца тартом, але есці яго дазволілі б толькі носам 🍰👃

RTX 5060 глядзіцца як цікавы варыянт для тых, хто хоча абнавіць ПК у 1080p-сегменце, але без вялікіх выдаткаў. Аднак без незалежных тэстаў рабіць высновы рана. Асабліва з улікам таго, што NVIDIA жорстка кантралюе інфармацыю, і гэта ўжо выклікае недавер і пытанні.

💻 Падпісвайцеся, калі хочаце быць у курсе, што зноў наварылі ў Сіліконавай даліне

Далучыцца