🇨🇳🚀🌊 Пад’ём, спуск, плюх – у Кітаі пратэставалі шматразовую ракету

29 траўня прыватная кітайская кампанія Space Epoch – адна з тых, што марыць дагнаць SpaceX, – упершыню паспяхова правяла выпрабаванне сваёй шматразовай ракеты Yuanxingzhe-1 з пасадкай… у мора. Ракета стартавала з марской платформы ля берагоў усходняй правінцыі Шаньдун, узнялася на вышыню каля 2,5 км, затым заглушыла рухавікі, і запаліла іх нанова падчас спуску. Пасля чаго не проста "бухнулася" ў ваду, а прыгожа павісла над паверхняй і мякка апусцілася ў Жоўтае мора.

Гэта быў так званы VTOL-тэст – ад англійскага Vertical Take-Off and Landing, што значыць «вертыкальны ўзлёт і пасадка».
Падчас выпрабаванняў ракета Yuanxingzhe-1 (вышынёй амаль 27 метраў, дыяметрам 4,2 і вагой 57 тон) правісела ў небе 125 секунд. На відэа бачна, як яна нібыта "думае" над морам, затым акуратна апускаецца ў ваду, як Тэрмінатар Т-800 у лаву.

Кампанія адзначыла, што паводле аналізу палётных даных, ракета паводзіла сябе "намінальна", што ў аэракасмічнай індустрыі значыць – усё прайшло па плане.
Space Epoch – далёка не адзіная кітайская кампанія, што глядзіць у бок шматразовых палётаў. Ужо летась кампанія LandSpace правяла свой уласны тэст ракеты Zhuque-3, а яшчэ адна – i-Space – двойчы запускала сваю SQX-2Y. Самыя нахабныя ў гэтай гонцы – Space Pioneer, якім яшчэ ў 2023 годзе ўдалося з першай спробы (!) дасягнуць арбіты – гэта нават хутчэй, чым удалося SpaceX, якім спатрэбілася чатыры спробы з Falcon 1.

Пакуль што SpaceX па-ранейшаму дамінуе на сусветным прыватным касмічным рынку з больш чым 450 паспяховымі вяртаннямі сваіх ракет. Але на Захадзе ўсё часцей кажуць пра празмернае рэгуляванне, якое можа запаволіць тэхналагічныя кампаніі, у той час як у Кітаі прыватны сектар толькі набірае хуткасць – і ўжо вельмі імкліва. Ужо і “плюхацца” навучыліся прыгожа.
Ці варта хвалявацца Ілану Маску? Пакуль – хіба што лёгка. Але калі яшчэ пара "конікаў" ад Space Epoch навучыцца падскокваць да арбіты і назад – спаборніцтва стане сапраўды не жартоўным.


Абмеркаванне