🕷️ Новы від павука з Таіланда – паўсамка, паўсамец
Арахнолагі з Таіланда апісалі новы від павукоў – і зрабілі гэта, дзякуючы аднаму дзіўнаму прадстаўніку, які нібыта не змог вызначыцца са сваім полам. Левай паловай цела ён быў самкай – ярка-аранжавай і крыху буйнейшай, а правай – самцом, бледнавата-белым і больш сціплым.
У гонар гэтай дзіўнай істоты навукоўцы далі ўсяму віду імя Damarchus inazuma. У гонар Інадзумы, персанажа мангі і анімэ One Piece, у якога пол таксама час ад часу змяняецца, а прычоска і ўбранне падзеленыя па колерах: злева аранжавыя, справа белыя. Супадзенне? Не думаю.

Хто ўсе гэтыя беммерыды і чаму пра іх мала чулі
Новы від належыць да сямейства беммерыдаў (Bemmeridae) – адносна малавядомай групы вялікіх зямельных павукоў, якія жывуць у норках. Само сямейства афіцыйна вылучылі толькі ў 2020 годзе, і цяпер у ім каля пяцідзесяці відаў. Большасць – у Афрыцы, а азіяцкія, у тым ліку Damarchus, пакуль недастаткова вывучаныя.



Менавіта таму знаходка каманды з Універсітэта Чулалонгкорна пад кіраўніцтвам Натапота Варрыта (Natapot Warrit) такая цікавая. Павукоў знайшлі ў правінцыі Канчанабуры ў заходнім Таіладзе. Шэсць асобін, з якіх пяць былі «звычайнымі» (адзін самец і чатыры самкі), а вось шосты і стаў зоркай артыкула ў навуковым часопісе Zootaxa.
Дэталі для аматараў дакладнасці
Самец быў даўжынёй 17 міліметраў і меў белаватыя ногі з цёмна-шэрым брушкам, а самкі – каля 23 міліметраў і заўважна аранжавыя. Але галоўная асаблівасць – гэта той самы гінандраморф, дзе адна палова цела «мужчынская», а другая «жаночая». Гэта рэдкая анамалія развіцця, калі ў арганізме спалучаюцца клеткі з розным наборам палавых храмасом.
Такія павукі сустракаюцца вельмі рэдка, асабліва сярод мігаламорфаў – цяжкавагавікоў павуковага свету. Damarchus inazuma стаў усяго трэцім вядомым прыкладам такой з’явы ў гэтай групе.