Кітайскія інжынеры з кампаніі Kaiwa Technology вырашылі пайсці далей за ўсіх і паказалі на World Robot Conference 2025 у Пекіне праект, які выклікаў і захапленне, і шок адначасова. Іх ідэя – стварыць першага ў свеце гуманоіднага робата з уласнай штучнай маткай. Гаворка пра робата, здольнага насіць дзіця ад зачацця да родаў.

Аўтар заяўляе: "Я ініцыяваў распрацоўку, каб вырашыць праблему скарачэння насельніцтва", дадаючы: "Хоць камерцыйнае сурагатнае мацярынства лічыцца незаконным, я хачу задаволіць попыт тых, хто не хоча жаніцца, але хоча мець дзяцей".

Раэкцыя

Навіна літаральна выбухнула на кітайскіх платформах – на Weibo хэштэг пра "першага цяжарнага робата" ўвайшоў у топ пошуку, а на Douyin відэа атрымала каля 4 тысяч каментароў.

Грамадская думка падзялілася:

  • крытыкі: "гэта жорстка, калі дзіця нараджаецца без сувязі з маці", "гэта парушае этыку", "адкуль будуць браць яйкаклеткі?";
  • падтрымка: "жанчынам больш не трэба пакутаваць", "калі каштуе палову маёй зарплаты – я куплю", "жанчыны нарэшце вызваленыя".

Для многіх гэта надзея. Каментатары пісалі: "Я тройчы спрабавала штучнае апладненне, але безвынікова. Цяпер з’явіўся шанец", "шмат сем’яў трацяць вялізныя грошы на ЭКА і не атрымліваюць выніку – робат можа дапамагчы грамадству".

Статыстыка кажа на карысць гэтай ідэй: узровень бясплоднасці ў Кітаі расце. У 2007 годзе – 11,9%, у 2010-м – 15,5%, а ў 2020-м ужо 18%. Таму ў некаторых рэгіёнах (у тым ліку Пекіне і Шанхаі) уключылі аплату ЭКА і штучнага апладнення ў медыцынскую страхоўку.

Ад сябе заўважу, што ідэя з "Туманнасці Андрамеды" Ефрэмава, дзе ўсе дзеці выхоўваліся наўпрост ў грамадскіх садках, без бацькоў, становіцца ўсё больш блізкай да рэальнасці: дзяржавам патрэбны грамадзяне, якія будуць пхаць эканоміку і генераваць дабрабыт, але якія ўвесь час шукаюць, дзе ім асабіста было б лепш.

"Одна из величайших задач человечества — это победа над слепым материнским инстинктом. Понимание, что только коллективное воспитание детей специально отобранными и обученными людьми может создать человека нашего общества. Теперь нет почти безумной, как в древности, материнской любви. Каждая мать знает, что весь мир ласков к её ребёнку. Вот и исчезла инстинктивная любовь волчицы, возникшая из животного страха за своё детище".

Як гэта працуе?

У жываце робата будзе ўбудаваная штучная матка, напоўненая спецыяльнай вадкасцю, якая імітуе натуральныя воды, у якіх развіваецца дзіця. Праз трубку эмбрыён будзе атрымліваць пажыўныя рэчывы, падобна таму, як гэта адбываецца праз пупавіну ў арганізме жанчыны. Па словах распрацоўшчыка, доктара Чжана Ціфэна (Zhang Qifeng), у лабараторыях тэхналогія ўжо апрабаваная, і цяпер галоўная задача – упакаваць яе ў форму робата, які мог бы весці сябе як сапраўдны мама-замяняльнік.

Плануюць паказаць прататып ужо на працягу года, а да 2026-га выпусціць яго ў продаж па цане да 100 тысяч юаняў (каля 14 тысяч долараў). Прычым у Кітаі ўжо ідуць абмеркаванні на юрыдычным і этычным узроўнях, бо пытанняў тут больш, чым адказаў.

Чаму гэта важна?

Штучныя маткі не навіна для навукі. Напрыклад, яшчэ ў 2017 годзе амерыканскія медыкі з Філадэльфіі змаглі выгадаваць неданошанае ягня ў так званым "біямяшку" – празрыстым пакеце з цёплай вадкасцю, дзе жывёла атрымлівала ежу праз трубку. Але да гэтага часу такія сістэмы працуюць толькі як інкубатары для тых, хто ўжо нарадзіўся занадта рана. А вось паўнавартаснае выношванне з нуля пакуль застаецца на ўзроўні ідэі.

У выпадку з робатам Kaiwa размова ўжо пра поўны працэс: ад імплантацыі эмбрыёна да родаў. Праўда, падрабязнасцяў, як менавіта гэта будзе працаваць, распрацоўшчыкі пакуль не раскрываюць. Таму скептыкаў не менш, чым аптымістаў.

Іншыя навінкі з Кітая

Дарэчы, на той жа канферэнцыі паказалі яшчэ адну дзіўную рэч – робата для вырошчвання раслін з дапамогай ШІ. Ён самастойна апыляе кветкі, выкарыстоўвае генную інжынерыю і нават здольны "паскарацца" ў працы, каб хутчэй выводзіць новыя гатункі культур. Іншымі словамі, у будучыні ў Кітаі могуць з’явіцца і робаты-маці, і робаты-аграномы.

Ну што ж, калі ўсё гэта спраўдзіцца, можна будзе сказаць: "У маёй сям’і трое дзяцей: двое класічных і адзін робагадаванец".

Дзякую ўсім спонсарам:

Магнатам: mova.how, Dzmitry Sudnik, himik94, Alexey Gulev, Aleś, aliaksei, Jaŭhien Baranoŭski, VentelD; і патронам: Vozhyk, Randomname, Aliaksey Kandratsenka, Alena Н., Aliaksiej Homza, Nicolai Grodzitski, Піля, Aliaksandr Limantau, bbbbb, Tsimafei Akudovich, Mikita, markedby, Hvedar, Maateusz, Kri69, GM, Heorhi Raik, Kate Svd, Mikita, Kiryl, Roskvit

Далучыцца