👋 Вітаю, шаноўныя!

Вы трымаеце ў руках першы нумар «чэры-🍒-піку» — маёй чарговай спробы зрабіць рассылку. Назва, калі што, з праграмавання: cherry pick — гэта калі ты не цягнеш з кодавай базы ўсё запар, а выбіраеш толькі тое, што сапраўды патрэбна. Прыкладна так я і збіраюся рабіць гэты ліст. Так, я ведаю: «яшчэ адна рассылка». Але паслухайце.

На Захадзе newsletter даўно стаў паўнавартасным фарматам. Не замяняльнікам сацсетак, не дублем блога, а чымсьці большым: асабістым пісьмом ад чалавека, якому раз на тыдзень (ці часцей) давяраеш. Без алгарытмаў, без рэкамендацый, без бясконцай стужкі. Ты сам вырашаеш — адкрыць ці не.

У часы думскролінгу гэта амаль рэвалюцыйна. Рассылка — гэта як газета ці часопіс, толькі для міленіялаў: ніхто не крычыць загалоўкамі, ніхто не змагаецца за тваю ўвагу праз трыгерны кантэнт. Проста тэкст, думкі і спасылкі.

Кожны нумар будзе спалучаць некалькі рэчаў. Па-першае, тое, пра што я думаю прама цяпер — артыкул, навіна, якая мяне зачапіла, ці проста нешта, вартае разважання. Па-другое, невялікія рубрыкі, якія дапамагаюць не прапускаць цікавае: добрая кніга (каго я падманваю) добры артыкул, відэа, сэрвіс, які вырашае нейкую праблему, або куток інтэрнэту, пра які вы хутчэй за ўсё не чулі. І, нарэшце, месца для вас, бо падпісчыкі заўсёды ведаюць нешта такое, чаго не ведаю я.

Ну а ці патрэбна вам усё гэта — вырашайце самамстойна. Для гэтага, уласна, і існуе нулявы выпуск. Ён прыйшоў усім-усім падпісчыкам на пошту, але калі вы чытаеце яго на сайце, то вось па гэтай спасылцы можна падпісацца: на бясплатным узроўні будзе даступная большасць рассылкі.


🔍
Знаходка тыдня: Chanel Surfer

Сайт Channel Surfer змяшчае YouTube у олд-скульную сетку тэлевізійных тэматычных каналаў. Можна пераключацца паміж каналамі: трапляеш на відэа, што ўжо "ідуць" у эфіры, але нельга гэтыя ролікі пракручваць наперад ці назад. Глядзі, што паказваюць: прырода, кліпы 90-х, навука, гісторыя, сад і агарод. Гучыць дзіўна, але ж як яно цудоўна працуе! Я не думаў, што мог сумаваць за тэлевізарам у класічным яго разуменні. Таксама можна імпартаваць свае ўласныя падпіскі.

Геніальна!

Хто возьмецца навайбкодзіць штосьці такое для беларускага гледача? Цалкам беларускамоўны тэлевізійны канал рукамі талакі? 🤔


💊
Залежнасць ад кодзінга з агентамі

У Сан-Францыска з'явілася новая светская тэма для размоваў: колькі ў цябе агентаў і ці не падпалілі яны тваю паштовую скрыню, пакуль ты спаў. Людзі прыходзяць на вечарынкі з адкрытымі ноўтбукамі, каб сачыць, як там іх маленькая армія ШІ-памагатых спраўляецца з задачамі.

Параўнанне з тамагочы тут вельмі дакладнае. Толькі замест таго, каб карміць пікселевую качачку, ты ноччу бяжыш да камп'ютара — «адзін апошні промпт». А раніцай, яшчэ да кавы, праверыць, ці не зрабілі яны чаго лішняга.

Адзін з герояў артыкула кажа, што яму гэта нагадвае стратэгічныя гульні накшталт StarCraft. Адчуванне, калі кіруеш некалькімі атрадамі адначасова і спрабуеш утрымаць сітуацыю пад кантролем.

На Reddit пачалі абмяркоўваць тэрмін для гэтага — slurm coding — па імені вечарыначнага чарвяка са старой Футурамы, які проста не мог спыніцца тусавацца.

Выглядае так: маленькая ідэя вечарам, ШІ дапамагае хутка сабраць каркас, штосьці адразу пачынае працаваць, дафамін і на гадзінніку ўжо трэцяя гадзіна ночы, а праект за гэты час вырас на тры фічы.

Раней гэта было нешта адмысловае — патрэбен быў досвед, кафеін і вельмі шмат часу. Цяпер гэта звычайны панядзелак.

Ты кажаш сабе, што паспрабуеш яшчэ адную рэч. Фіча працуе. Цяпер здаецца, што сістэма заслугоўвае лепшы UI. А ўжо калі зрабіў, то можна і замахнуцца на кросплатформу. І неўзабаве ты ўжо паглыбіўся ў працу з React Native...

Забаўна, але бутэлечным горлам больш з'яўляецца не тэхніка, а чалавечыя сон і энергія. І ў гэтага ёсць адваротны бок.

Даследчыкі з Boston Consulting Group апыталі больш за паўтары тысячы работнікаў і знайшлі новы феномен — AI brain fry, мазгавы туман ад інтэнсіўнай працы з ШІ-інструментамі. Апісваюць яго аднолькава: гул у галаве, туманнасць, немагчыма сканцэнтравацца. Адзін інжынер напісаў, што «працуецца цяжэй, калі кіруеш інструментамі, чым калі вырашаеш задачу сам». Чатырнаццаць адсоткаў рэгулярных карыстальнікаў ШІ ўжо сутыкаліся з гэтым. Сярод маркетолагаў — кожны чацвёрты.

Цікавае назіранне: ШІ, які замяняе руцінную працу, зніжае выгаранне. А ШІ, за якім трэба сачыць — павялічвае кагнітыўную стомленасць. Гэта не адно і тое ж. І розніца важная.

Вось што піша стартапер з Крэмніевай даліны:

Кожны дзень я заканчваю стомленым. Не ад самой працы, а ад кіравання працай. Шэсць адкрытых працоўных дрэў, чатыры напаўнапісаныя фічы, два «хуткія выпраўленні», якія спарадзілі трусіныя норы, і ўсё большае адчуванне, што я цалкам губляю сюжэт.

Патрабаванні да кагнітыўнай хуткасці нашага мозгу растуць шыбчэй, чым з яе развіццём спраўляецца эвалюцыя. 🥲


💊
ChatGPT вылечыў рак. Не зусім, але...

Пол Канінгем — інжынер з Сіднея, не біёлаг і не ўрач. Калі яго сабаку Розі паставілі дыягназ «рак тучных клетак» і далі некалькі месяцаў жыцця, ён зрабіў тое, што ўмее: пайшоў да ChatGPT і папрасіў скласці план.

https://www.theaustralian.com.au/business/technology/tech-boss-uses-ai-and-chatgpt-to-create-cancer-vaccine-for-his-dying-dog/

Чатбот параіў іматэрапію і накіраваў да геномнага цэнтра пры ўніверсітэце Новага Паўднёвага Уэльса. Там Пол за тры тысячы долараў зрабіў секвенаванне ДНК пухліны, потым сам прагнаў дадзеныя праз алгарытмы, знайшоў мутацыі, выкарыстаў AlphaFold для мадэлявання бялкоў — і ў выніку прыйшоў да навукоўцаў з гатовым рэцэптам мРНК-вакцыны. Тыя, па ўласным прызнанні, былі ў шоку.

Вакцыну зрабілі. Увялі. Пухліна скарацілася ўдвая.

Я вам тут не расказваю казку пра тое, як ШІ «вылечыў рак». Гэта сапраўдная гісторыя пра тое, як звычайны чалавек з аналітычным складам розуму, енмалымі грашыма і вельмі моцнай матывацыяй змог прайсці шлях, які раней быў адкрыты толькі прафесіяналам. І гэта натхняе.


🍒
чэры-пік ад падпісчыкаў

Днямі я папрасіў падпісчыкаў у тэлеграм-канале мне што-небудзь параіць. Штосьці, што яны сустрэлі, адкрылі, скарысталі, паглядзелі, паслухалі. Анімэ, відэагульня, софт, рэцэпт пяльменяў 🥹, месца для прагулкі, відос на ютубе, мем. Што заўгодна. Штосьці, чым хацелася з кімсьці адразу падзяліцца.

І вось што мне адказалі:

Патрык: Yazi — «Першы нармальны файлавы мэнаджар з часоў таго сіняга». Мяецца на ўвазе, відаць, Total Commander. А Yazi – гэта такі хуткі тэрмінальны менеджар на Rust. Для тых, хто ведае, навошта яму гэта трэба.

🐈‍⬛: Прамываць дзіцю нос фізіялагічным рошчынам пасля вяртання з садочка. Кардынальна зніжае колькасць прастуд. Да ўвагі і дарослым са схільнасцю да гаймарытаў.

riderXIII: ОСТ NieR:Automata і NieR:Gestalt&Replicant. «Мяне добра ляснула ў 2017». З тых часоў цягае музыку з Японіі скрынкамі — на паліцы ўжо восем каробак.

Feelema: Portal у Steam — галаваломкі з нетыповай гісторыяй і поўнай беларускай лакалізацыяй.

Drop Dropper: YouTube-канал @apavedyst — гісторыя, у тым ліку пра зусім незвычайныя рэгіёны. Цікава расказвае.

Aleś Karoza: sidebar.io — дызайнерская рассылка, дзе кожны дзень публікуецца роўна пяць спасылак, выбраных людзьмі, а не алгарытмам. Як мінімум адна штодзень вартая ўвагі.

Alexey Gulev: Pantheon — «Найлепшы фантастычны твор апошняга часу». Анімацыйны серыял пра лічбавую свядомасць, даступны на Anibel.

Arhivarius: Alice in Chains — Rooster. Проста вушны аргазм.

pavel: Gavin Dunne — натхнёная гульнямі і кіно музыка, пра якую мала хто ведае. І новы альбом Machinae Supremacy — метал з 8-бітнымі сэмпламі, тэмы: гульні, кіберпанк, барацьба з сістэмай. Калабарацыя з Dan Bull пра Б. Дж. Блазкавіца — забойны прыпеў забяспечаны.


🍿
Галоўнае відэа мінулага тыдня

Гэта канешне ўражанні журналістаў Digital Foundry ад будучай тэхналогіі DLSS 5, якую анансавала Nvidia. Яна выклікала шмат кантраверсіі праз тое, як агулам робіць персанажаў падобнымі да апрацаваных нейрасеткамі бімба-мадэлей. Але лепш самому паглядзець, як яно выглядае па-за працай з персанажамі і паслухаць пра ўсе нюансы. Новы 69-ы відзік ужо амаль гатовы і ў чацвер я абавязкова закрану гэтую тэму глыбей.


👋
Дзякую за ўвагу! Пабачымся зусім хутка