👋 Вітаю, шаноўныя!

Некалькі тыдняў таму мой сябар-матацыкліст запусціў YouTube-канал з простай ідэяй: кожны месяц — адзін эксперымент над сабой, і потым шчырыя вынікі на відэа. Месяц без смартфона, месяц планкі, месяц адцісканняў ад падлогі. Не рэклама, маёй рэкламы ён не патрабуе. Не прамы матывацыйны кантэнт, але проста чалавек робіць напрацягу месяца тое, на што ў многіх не хапае вытрымкі на тыдзень, і дэманструе вынік. Дзякуючы яму я таксама пачаў кожны дзень адціскацца. Працуе.

Мне 36. Работа сядзячая, хобі — камп'ютар. Нейкіх драматычных змен у сваім арганізме я пакуль не адчуваю. Але "пакуль" — гэта ключавое слова. Бо вучоныя з Стэнфарда парут гадоў таму разабраліся, чаму здароўе часам ламаецца не паступова, а быццам раптам — і адказ аказаўся даволі нязручным.

Стэнфардскія даследчыкі некалькі гадоў сачылі за 108 людзьмі ва ўзросце ад 25 да 75 гадоў — аналізавалі кроў, мікрабіём, РНК, бялкі, метабаліты. Больш за 135 000 розных малекул, каля 250 мільярдаў асобных кропак даных. І знайшлі нешта незвычайнае: большасць малекул у нашым целе мяняюцца не паступова, а рэзкімі скачкамі. І гэта адбываецца двойчы за жыццё: прыкладна ў 44 гады і ў 60.

У сорак з нечым настаюць змены ў метабалізме алкаголю, кафеіну і тлушчаў, паказчыкі звязаныя з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, стан скуры і мышцаў. У шэсцьдзесят — тое самае, плюс імунная сістэма і нырачная функцыя. Даследчыкі адразу паспрабавалі патлумачыць скачок у сорак перыменапаузай ў жанчын. Але калі паглядзелі на мужчын асобна, аказалася: у іх тое самае. Так што не гарманальная перабудова, а нешта больш фундаментальнае, чаго навука пакуль да канца не разумее.

Мне гэта чытаць крыху няёмка, бо да сарака чатырох у мяне яшчэ ёсць час, але не так каб вельмі шмат. Часу ў сутках менее, месяцы пралятаюць незаўважна: дачка год таму вымаўляла толькі "мама" і "дай", а сёння ўжо лапоча, не спыніць. І вось я адціскаюся кожны дзень, і думаю: ці дапаможа мне гэта прайсці скачок да труны больш павольна? 🤔 Аўтар даследавання кажа проста: лепш мяняць лад жыцця, пакуль яшчэ здаровы, а не калі ўжо прыпякло.

А яшчэ — напрыканцы мінулага года я перастаў піць алкаголь і кінуў курыць. Не абвяшчаў гэта гучна 1 студзеня, бо... ну яно так не працуе. І не дзеля артыкула з Стэнфарда, раптоўная смерць былога калегі прыкладна майго ўзросту мяне моцна ўразіла. Ды й я нарэшце ўсвядоміў, што нават бутэлька-другая крафтавага піва наступнай раніцай прыгнятае арганізм і перашкаджае рухавасці і працаздольнасці. Узрост ня той.

Тут канешне яшчэ ўлічаны розныя закупы на святы, госці, падарунковыя бутэлькі, хрост дачкі і г.д., але агулам тэндэныя мне падабаецца. Як і самаадчуванне.

І вось мой графік расходаў па катэгорыі "Алкаголь+Тытунь" за студзень–сакавік: 0. Год таму за той жа перыяд — 459 злотых. Лінія на графіку за 2025 год паўзе ўверх прыгожай лесвіцай да самага снежня. Мая лінія за 2026 год — плоская і чырвоная, як нуль на кардыяграме. Але ў добрым сэнсе. 🤞

💬 Каментар з-пад Відзіка

Выйшаў 69-ы выпуск падкаста "Відзік", якарная тэма – спрэчная DLSS 5 з нейрасеткамі, што ператвараюць знешні выгляд відэагульняў у джэнерыкавую AI-выяву. Слушная заўвага з каментароў на YouTube:

«Мне падаецца што ўся та гульня з новымі тэхналогіямі DLSS то канешне першыя крокі. У тым сэнсе што напэўна зараз то ўсё выглядае страшна, брыдка і ўсе шукаюць кнопку офф. Але ж праз пару год ужо усё будзе не так і адназначна» — Griver Drednout.

Можа і так. Але ёсць адна фундаментальная праблема з генератыўнымі нейрасеткамі, якая нікуды не дзенецца праз пару гадоў: вельмі цяжка кантраляваць тое, што яны аддаюць на адзін і той жа запыт. Гэта не мелкі баг, які выправяць у наступным апдэйце. Такая ўласцівасць самой прыроды чорнай каробкі. А таму мастацкага кантролю, якога патрабуе сур'ёзная распрацоўка гульняў, з імі не дасягнуць. Стане крыху лепш? Мабыць. Але якой цаной? І ці будзе гэта ўжо тое самае мастацтва, якое мы звыкліся называць гульнямі?

🫨
Вось гэта паварот

Цікавая сітуацыя, дзе ШІ нібыта не забраў працоўнае месца, а нават іх стварыў. Музычны гурт з 79 тысячамі слухачоў на Spotify існаваў амаль паўгода, перш чым хтосьці зразумеў, што яго не існуе.

NEON ONI — «ура-кавайі метал-гурт з машыны» — з'явіўся ў сетцы ў верасні 2025-га. Сем выдуманых артыстаў, мільён з хвосцікам стрымінгаў на топавым сінгле, фанаты ў каментарах: «я тут, пакуль яны яшчэ не вядомыя». Вакал, інструменты, лірыка — усё было згенеравана штучным інтэлектам. Адзін аўтар, прыхаваны недзе ў Еўропе.

Потым фанаты пачалі заўважаць дзіўнасці і несупадзенні. Пачаліся расследаванні. І тады аўтар гурта проста прызнаўся — і замест таго, каб схавацца, паведаміў, што ўвесь прыбытак з віртуальнага гурта нібыта аддаў японскім дабрачынным арганізацыям. А цяпер наняў сем жывых музыкаў і запусціў тур па Японіі.

Слухачы хацелі пабачыць сапраўдны гурт і гурт увасобіўся ў крыві, мясе і японскім метале. 🤘 Але які ён "сапраўдны", калі песні ўсё адное напісаныя машынай? Усё так заблыталася.

💸
Цікавы артыкул падпісчыка пра Windows і бясплатнасць

Памерла мацярынская плата — памерла ліцэнзія Windows, за якую ты заплаціў двесце даляраў.

Не кіберзлачынства, не вірус. Проста такія правілы: ліцэнзія прывязана да жалеза. Жалеза памерла, грошы зніклі. Аўтар сайта Bel-Geek.com сутыкнуўся з такой праблемай на сваёй скуры. Служба падтрымкі паціснула плячыма: «Мы нічым не можам дапамагчы». Купіце яшчэ раз.

Гэта не адзінкавы выпадак — гэта сімптом. У 2025 годзе Windows 11 сабрала больш за 20 сур'ёзных праблем з абнаўленнямі: сінія экраны, зламаны localhost, падзенне FPS у гульнях. NVIDIA выпускала ўласны фікс, бо Microsoft не паспявала. А Recall — функцыя, якая рабіла скрыншот экрана кожныя некалькі секунд і захоўвала ўсё ў нешыфраванай базе... Менавіта гэта асабіста мяне падштурхнула ушкаць альтэрнатыву на лінуксе.

Вінда, нам трэба пагаварыць: чаму платная АС - гэта тупік
Вінда, нам трэба пагаварыць: чаму платная АС — гэта тупік

Пачытайце, ёсць цікавыя думкі, з якімі можна пагадзіцца альбо не.

🛠️
Інструмент тыдня: RSS-чыталка Current

Гэтая RSS-чыталка Current для Apple-прылад прыцягнула маю ўвагу незвычайнай філасофіяй. Большасць RSS-чыталак прымушаюць цябе адчуваць сябе вінаватым — у іх ёсць лічыльнік непрачытаных артыкулаў, і твая задача яго зменшыць. Current адмаўляецца ад гэтай логікі цалкам: няма лічыльніка, няма «адзначыць як прачытанае». Замест гэтага — плынь. Артыкулы прыплываюць, старэюць і знікаюць самі па сабе, кожны са сваёй хуткасцю: навіны згараюць за тры гадзіны, эсэ ляжыць тыдзень. Ты проста чытаеш і адпускаеш.

А яшчэ гэты спакойны дызайн, што пасуе да майго сайту

На жаль, выключна для экасістэмы Apple. Каштуе 10 долараў. Але адзін раз і назаўсёды, без падпіскі. І гэта, шчыра кажучы, больш сумленная мадэль, чым большасць сучасных праграм, якія вымагаюць грошы кожны месяц за тое, каб ты проста далей карыстаўся тым, чым ужо карыстаешся.

Прызнаюся шчыра, я яе не набыў, яшчэ думаю, бо асноўны мой працоўны інструмент пры падрыхтоўцы блога і відзіка працуе на лінуксе (cachyOS btw).

🌐
Знаходкі з сеціва: атлас марскога руху

Пэўна, калі вы жывеце не ў Беларусі, то маглі заўважыць тыя шалёныя кошты на паліва, што цяпер гараць на заправачных станцыях... 😒 Flexport Atlas — гэта інтэрактыўная карта сусветнай гандлёвай лагістыкі ў рэжыме рэальнага часу. Можаце паглядзець, наколькі там усё кепска ў Армузскім праліве каля берагоў Ірана, куды баяцца заходзіць грузавыя караблі.

Па атласе можна сачыць за канкрэтнымі суднамі, бачыць іх статус — стаіць у порце, чакае на якары ці ідзе ў дарозе — і глядзець маршруты паміж любымі двума партамі свету. Дадзеныя абнаўляюцца кожныя дзве гадзіны. Бясплатна і проста прыгожа паглядзець, колькі ўсяго адначасова плыве па акіянах.

📚
Чытаю / Гляджу / Слухаю

У пошуках БэнксіReuters

Вялікае журналісцкае расследванне Reuters пра тое, хто такі Бэнксі. Усё пачалося з муралу на сцяне разбуранага дома ва ўкраінскай вёсцы Гарэнька — і скончылася рукапіснымі судовымі дакументамі ў ЗША, якія раскрылі асобу мастака. Інтрыга захоўваецца да апошняга абзаца. Доўгі матэрыял, але чытаецца як дэтэктыў.

I tracked my habits for 300 days and it changed my lifePeter McKinnon

Пітэр МакКінан — фатограф і ютубер — расказвае пра тое, як трэкінг звычак і штодзённік змянілі яго жыццё. Відэа добра кладзецца да тэмы гэтага нумара: калі арганізм мяняецца, нейкі кантроль над тым, як ты жывеш, лішнім не будзе. Плюс прыемна паглядзець на чалавека, які шчыра захоплены сваімі сшыткамі і нататачнікамі. Яны такія прыгожанькія і міленькія, што я нават пайшоў і набыў сабе тры штучкі і паспрабую штосьці запісваць аналагава.

Cascade of A.I. Fakes About War With Iran Causes Chaos OnlineNew York Times

NYT прааналізаваў больш за 110 унікальных AI-відэа і малюнкаў пра вайну на Блізкім Усходзе — выбухі, якіх не было, разбураныя вуліцы, якіх не існуе, салдаты, якія пратэстуюць супраць вайны, але самі не існуюць. Усё гэта было прагледзелі мільёны разоў. Артыкул добра ілюструе, наколькі засранымі сталі сацсеткі вось ужо проста зараз.

Версія для пачытаць без падпіскі.

👾
Раблю нейрапераклад Esoteric Ebb

Esoteric Ebb — чароўная ізаметрычная CRPG на правілах D&D, дзе ты гуляеш за жраца-бюракрата, які расследуе выбух у чайнай краме за тыдзень да першых выбараў у горадзе. Поруч — гоблін-напарнік, п'яныя сфінксы, чэрці і ўсялякія фантастычныя дурні. Гэта як мяшанка з Disco Elysium і угмарыстычнага свету Тэрры Пратчэта.

Я заняўся нейраперакладам гульні на беларускую мову: з дапамогай GPT-5.4 і спонсара Аляксея Гулева, мы прагналі асноўны массіў тэкастаў праз нейронку і пераклалі іх на беларускую мову. Цяпер вечарамі перад сном я праходжу гульню і выпраўляю відавочныя хібы ў перакладзе, прыводжу да адзінасці назвы. Вось запіс такога стрыма:

Пад канец гэтага тыдня планую мінімум раз прайсці гульню да канца і давесці пераклад да гулябельнага стану. Зраўзумела ж, гэта будзе не ідэал, і не літаратурны пераклад, але хочацца, каб у нас была магчымасць згуляць у гэтую цудоўную ралёўку на роднай мове. Здаецца, атрымоўваецца някепска.

🍿
Новае кіно па-беларуску: Удачы, весяліся, не памры

На Кінакіпе ў перакладзе і агучцы Vožyk выйшаў новы фільм рэжысёра Гора Вербінскага Good Luck, Have Fun, Don't Die. Першага яго фільм за 10 гадоў. Сэм Рокуэл іграе падарожніка ў часе, які зноў і зноў спрабуе прадухіліць AI-апакаліпсіс — і зноў, і зноў правальваецца. Свет фільма не такі далёкі ад нашага: усе ў тэлефонах, падлеткі купляюць усё, што ім паказваюць. А трэйлер інтрыгуе.


Дзіўна, як шмат цікавага давялося пакінуць за бортам гэтага выпуску рассылкі. Але дзякуй за ўвагу, пабачымся ў наступнай. 👋