👋 Вітаю, шаноўныя!

Ужо сёння (а можа заўтра, а можа да шостага красавіка) NASA запускае Artemis II. Першы за больш чым паўстагоддзя палёт людзей да Месяца. Чацвёра астранаўтаў, мільён кіламетраў на шлях туды і назад, дзесяць дзён у касмічнай пустэчы. І я мушу быць у захапленні.

Але вось штука: 10 гадоў таму я быў бы. Памятаю, як сачыў за першым палётам SpaceX Super Heavy — паўмільёна чалавек на прамой трансляцыі, і я сярод іх, з вачыма па пяць капеек. Тады здавалася, што кожны такі старт — гэта крок у светлую будучыню, якая вось-вось настане.

А потым мінулі гады і падзеі, і светапогляд неяк зварухнуўся бліжэй да зямлі. Не таму, што космас стаў менш цікавы — а таму, што надта шмат больш важнага адбываецца вакол нас, што і сілаў падняць вачэй да неба не застаецца. Цяжка глядзець на зоркі, калі пад нагамі ўсё гарыць. Але ракета стаіць на старце, экіпаж гатовы — і, можа, менавіта зараз варта хоць на дзесяць хвілін адарвацца ад зямнога і паглядзець уверх.

Галоўнае, што вам трэба ведаць пра палёт да Месяца

Дзесяць дзён туды і назад, мільён кіламетраў, чацвёра людзей у капсуле памерам з два мінівэны — вось вам Artemis II у адным сказе. Гэта першы палёт людзей да Месяца з часоў Apollo 17, які адбыўся ў снежні 1972 года. Больш за паўстагоддзя таму.

Ракета называецца Space Launch System, SLS — стометровая махіна вагой 2600 тон з палівам, якая развівае цягу ў 4 тысячы тон. Гэта наймацнейшая ракета, на якой калі-небудзь ляцелі людзі. Па сутнасці — гэта рэмікс тэхналогій з праграмы Space Shuttle 70-х гадоў, пераасэнсаваны для новай эпохі. NASA патраціла вар'яцкія дзясяткі мільярдаў долараў і два дзесяцігоддзі, каб давесці яе да старту. Кожны запуск SLS абыходзіцца ў яшчэ некалькі вар'яцкіх мільярдаў. Не самая ўдачная ракета, з якой было (і ёсць) шмат праблемаў.

Экіпаж на чале з камандзірам Рыдам Вайзманам, пілотам Віктарам Гловерам — першым чарнаскурым мужчынам на шляху да Месяца, Крысцінай Кох — першай жанчынай, і канадцам Джэрэмі Хансенам — першым не-NASA-астранаўтам у такім палёце. Яны сядуць у капсулу Orion, якую экіпаж назваў Integrity, і паляцяць па так званай «вольнай траекторыі вяртання» — нават калі адмовіць рухавік, гравітацыя Месяца сама закіне іх назад да Зямлі.

На пятыя суткі місіі яны праляцяць над адваротным бокам Месяца — тым, які ніхто з жывых людзей не бачыў з 1972 года і пабачаць тыя слынныя базы рэптылоідаў-нацыстаў. На паўгадзіны-гадзіну знікне сувязь з Зямлёй. А потым — вяртанне, уваход у атмасферу, тэмпература 1600°C на абшыўцы, і прывадненне ў Ціхім акіяне каля Сан-Дыега.

Дарэчы, пра абшыўку: падчас беспілотнага палёту Artemis I цеплавы шчыт паводзіў сябе не зусім так, як чакалі — адламваліся занадта вялікія кавалкі абгарэлага матэрыялу. Разабраліся, выправілі вугал уваходу ў атмасферу. Спадзяёмся, гэтым разам ўсё пойдзе гладка. Бо на борце ўжо не манекены Хельга і Зоар, а жывыя людзі.

Адлік і трансляцыю глядзіце на сайце NASA. Цэль – 22:24 UTC – 00:24 па Варшаве – 01:24 па Мінску і Вільні.


🎥
Відэа тыдня: чырвонае неба Аўстраліі

Калі вы бачылі на гэтым тыдні ў стужцы відэа з крывава-чырвоным небам над Заходняй Аўстраліяй, то ведайце – гэта было не іншапланетнае ўварванне (на жаль) і не канец свету. Гэта атмасферная навука ў дзеянні і трапічны цыклон Нарэль.

Перад цыклонам моцны вецер падняў у паветра пясок і глебу аўстралійскай пустыні, насычаныя аксідам жалеза — па сутнасці, іржой. Прафесар Том Гіл з Універсітэта Тэхаса кажа, што гэта адно з самых чырвоных небаў, якія ён бачыў за кар'еру. Святло праходзіць праз гэты пылавы заслон, кароткія хвалі святла рассейваюцца, і застаюцца толькі чырвоныя.

🤑
Год, калі штучны інтэлект пачаў лічыць грошы

А пакуль NASA паліць мільярды на ракеты, тэхгіганты пачалі паліць менш — прынамсі на некаторых напрамках. OpenAI на гэтым тыдні закрыла Sora — свой сэрвіс для генерацыі відэа, які паўгады таму выклікаў калектыўнае «ого» ва ўсім інтэрнэце. І падарыў нам skibidi-версію Сэма Альтмана, што спявае проста з ўнітаза...

Лічбы ад інсайдараў гавораць самі за сябе: за ўвесь час існавання Sora прынесла 1,4 мільёна долараў. ChatGPT за той самы перыяд — 1,9 мільярда. Sora была, як сказаў адзін аналітык, «чорнай дзіркай для рэсурсаў» — прыгожай дэмкай, якая так і не стала бізнесам. Разам з Sora пад нож пайшла і ўгода з Disney на мільярд долараў — па ёй дазвалялася генераваць відэа з Мікі Маўсам і Ёдай. Reuters піша, што рэальных грошай паміж кампаніямі так і не перайшло.

OpenAI кажа, што цяпер сканцэнтруецца на робатах і «агентных» тэхналогіях. Але для мяне гэта сігнал шырэйшы: 2026-ы становіцца годам, калі ШІ-кампаніі пачнуць рэзаць касты і падымаць цэны. Бясплатныя ліміты будуць яшчэ больш сціскацца, падпіскі даражэць, а ўсё, што не прыносіць грошай напрамую, — пойдзе пад нож.

На Reddit апошні тыдзень карыстальнікі максімальных версій падпіскі на Claude Code скардзяцца, што пачалі вокаімгненна ўпірацца ў ліміты выкарыстання. Anthropic нібыта заўважылі праблему, але ці сапраўды гэта баг, ці якая спроба патэсціраваць межы дазволенага? 🤔

Па розных ацэнках, падпіскі зараз субсідзіруюцца дзесьці на 90%. Ніхто не ведае дакладных лічбаў, але сумневаў у гіганцкім разрыве між выдаткамі і даходамі няма. Эра бясплатных цацак, падобна, заканчваецца.

🛠️
Інструмент тыдня: CodexBar

Вось інструмент, які дапамагае з гэтым жыць. CodexBar — мініяцюрная праграмка для macOS, якая сядае ў menu bar і паказвае, колькі токенаў вам засталося ў Claude, ChatGPT, Cursor, Gemini, Copilot і яшчэ дзясятку іншых сэрвісаў. Бачыце ліміты ў рэальным часе, ведаеце, калі яны абнавяцца — і больш не трапляеце ў сцяну на паўдарозе да гатовага коду. Ставіцца адной камандай. Ёсць і CLI-версія для Linux. У годзе, калі бясплатнае канчаецца — мець лічыльнік ужо неабходнасць.

💡
Тры мільёны за залежнасць ад сацсетак

На Зямлі тым часам адбываюцца рэчы, якія маюць значна больш шанцаў паўплываць на наша штодзённае жыццё, чым палёт да Месяца. Суд прысяжных у Лос-Анджэлесе прызнаў Meta і YouTube вінаватымі ў тым, што яны не папярэдзілі карыстальнікаў пра рызыкі сваіх прадуктаў. Справа тычылася 20-гадовай Кэйлі, якая з падлеткавага ўзросту карысталася Instagram і YouTube і набыла дысморфію цела і кампульсіўную залежнасць ад платформаў.

Прысуд: 3 мільёны долараў кампенсацыі, 70% — на Meta. І гэта толькі кампенсацыйныя выплаты — прысяжныя вырашылі, што штрафныя таксама патрэбныя, і будуць вызначаць іх памер асобна. На судзе сведчыў сам Цукерберг, былыя супрацоўнікі-выкрывальнікі, тэрапеўтка Кэйлі. TikTok і Snap дамовіліся да суда — толькі Meta і Google пайшлі да канца.

Тры мільёны — гэта, вядома, для Meta як знайсці злотувку ці рубель у кішэні. Але справа не ў сумах. Гэта першы з серыі «ўзорных» працэсаў, за якімі стаяць тысячы падобных справаў ад прыватных асобаў, школьных акруг і генеральных пракурораў штатаў. Калі прысяжныя працягнуць выносіць такія вердыкты — гэта можа скончыцца глабальным урэгуляваннем, якое прымусіць платформы рэальна змяніць тое, як яны працуюць. І, магчыма, нарэшце пахісне Section 230 — юрыдычны шчыт, які дзесяцігоддзямі абараняў сацсеткі ад адказнасці за тое, што яны робяць з людзьмі.


🍒
чэры-пік ад падпісчыкаў

Нагадаю, што перыядычна ў сваіх падпісчыкаў у тэлеграме я прашу падзяліцца цікавымі знаходкамі і рэкаменадцыямі. Вось, што мне параілі апошнім часам.

Aleś Karoza: "Апка Merlin для распазнавання птушыных галасоў. Дзякуючы ёй ужо некалькі новых птушак пабачылі. Апка бясплатная і працуе лепей за платныя аналагі".

riderXIII: "ОSТ Lies of P. мала таго, што ОСТ Абскуры амаль год таму мяне ўразіў (ён на паліцы, даехаў), дык у студзені я паслухаў Lies of P. Музыка – не тое, што чакаеш ад смакталіка (да, з бойкавай эпічнасцю, але няшмат)".

Aleś Karoza: "Спампоўваць файлы на тэлефон і карыстацца імі, асабліва аўдыякнігі. Калі гэта файл, а не сэрвіс, яно настолькі лепей працуе. Хутка і надзейна. А не „Пратэрмінаваны доступ да спампоўкі“. Аўдыякнігі слухаю праз BookPlayer на iOS і на чыталцы праз убудаваную праграму".


💡
Жалеза тыдня: chiptune сінтэзатар

І напрыканцы — нешта для душы. Шведскі дызайнер і сталяр Love Hultén зрабіў NES-SY2.0 — сінтэзатар, убудаваны ў корпус, натхнёны легендарнай кансоллю Nintendo. Унутры знаходзяцца NES Poly chiptune-сінтэзатар, клавіятура KeyStep, педаль эфектаў Flamma FS22 і ўласнаробны MIDI-візуалізатар. І так, у яго можна ўставіць сапраўдны картрыдж ад NES.

Hultén робіць тэхналогію цёплай. Усе яго прылады — ручная работа з дрэва, кожная штука ў адным экзэмпляры. Вы можаце бачыць яго працы на сайце як аб'екты мастацтва, але яны працуюць і гучаць.

А гучаць яны ў жанры chiptune — музыцы, якая ствараецца на гукавых чыпах старых кансоляў і камп'ютараў. Тыя самыя пісклівыя 8-бітныя мелодыі з Super Mario і Mega Man. Толькі ўзнятыя да ўзроўню сапраўднага музычнага жанру. Chiptune нарадзіўся ў дэмасцэне 80-х, калі праграмісты спаборнічалі, хто выціне больш з абмежаванага жалеза. Сёння гэта жывая субкультура з фестывалямі, лэйбламі і артыстамі, якія выступаюць з Game Boy замест гітары. Калі ніколі не слухалі, то пашукайце на YouTube «chiptune live» і дайце сабе пяць хвілін здзіўлення.


🌐
Знаходка з сеціва: Silent Sand

Пасля ўсіх гэтых ракет, судовых працэсаў і чырвоных небаў — вось вам антыдот. Silent Sand — бясплатны віртуальны дзэн-сад у браўзеры. Мышкай або пальцам грабеце пясок, ствараеце ўзоры, як у японскім каменным садзе карэсансуі. Можна наладзіць памер граблям, колькасць зубцоў, адлегласць паміж імі. Ніякіх мэтаў, ніякіх балаў, ніякага сэнсу і менавіта таму працуе. Пяць хвілін грэбання лічбавага пяску замест бясконцай стужкі і вы ўжо крыху іншы чалавек.


Дзякую за вашу ўвагу. Пабачымся зусім хутка ў Відзіку! 👋