Куды знік "Відзік"? Я не ведаю. Але ведаю, што далей - неВідзік #0

Куды знік "Відзік"?
Прывітанне! Гэта Віталь Аляхновіч, а вы чытаеце пілотны выпуск маіх перафарматаваных нататак для падкаста "Відзік". 19 траўня будзе два гады з нулявога выпуску, але адзначаць пакуль няма чаго.
Новага выпуску "Відзіка" у мяне для вас няма, як і прыкладнага разумення, ці з'явіцца ён увогуле. Пакуль вяртаемся ў выглядзе "неВідзіка" – тэкставага дайджэста для падпісчыкаў, але з часам абавязкова вернецца і агульнадаступны відэафармат. Толькі былое, як валасы на галаве, не вернецца 👴🏻




Цікавая статыстыка падкаста Відзік за ўвесь час на YouTube
Таму падпісвайцеся, каб нічога не прапусціць: "неВідзік" будзе выходзіць раз на тыдзень, можа з часам зменіць назву. Для платных падпісчыкаў і патронаў – усе выпускі у поўнай версіі, астатнім прыйдзецца мірыцца з абмежаваннямі. Гэты нулявы выпуск дайджэста – даступны бясплатна цалкам. Для азнаямлення, так бы мовіць.
Выбачайце, але я хачу, каб блогерства 🤡 перастала быць хоббі, за якое мне сорамна перад любай і дачкой. Калі не атрымаеца... што ж, пэўна з гэтым трэба будзе урэшце завязаць і пайсці кур'ерам у дастаўку 🙃
Дзеля гэтага падыход стаў больш сур'ёзным – я завёў сайт ці блог aliakhnovich.com, дзе будуць з'яўляцца розныя цікавосткі са свету навукі і тэхналогій, відэаролікі з тэкставай расшыфроўкай, запісы з асабістага блогу. Там жа ёсць і узроўні падпіскі, азнаёмцеся.

Паглядзіце, што я магу прапанаваць
АгледзеццаНу, а далей пераходзім непасрэдна да самога дайджэста.
У батарэек для аўто наклюнуўся прарыў
General Motors анансавала новую батарэйную тэхналогію, дзякуючы якой могуць значна патаннець электракары. Новая літый-марганцова-нікелевая хімія (LMR) дазваляе павялічыць шчыльнасць энергіі на 30% пры такой жа цане вырабу, што і ранейшыя элементы. Акрамя таго, яна абыходзіць залежнасць ад кітайскіх патэнтаў, што мае вялікае стратэгічнае значэнне.

Гэта можа стаць пераломным момантам: цяпер у General Motors ёсць магчымасць вырабляць электрычныя аўто, што будуць па цане супастаўныя з бензінавымі аналагамі. Першая партыя LMR-батарэй з’явіцца ў 2027 годзе, а на поўную лінія вытворчасці запрацуе ў 2028.
LMR замяняе дарагія металы, такія як кобальт, на даступны марганец, зніжаючы сабекошт. Шчыльнасць энергіі — на 30% вышэй, чым у LFP (літый-жалезафасфатных) батарэй, пры такой жа цане. Новыя батарэйныя блокі будуць утрымліваць на 50% менш кампанентаў, што зніжае рызыку затрымак.
RIP Skype
Мне Skype ніколі не падабаўся, але недаацаніць для свайго часу яго ўплыў і інавацыйнасць нельга – гэта быў адзін з самых уплывовых інструментаў сувязі ХХІ стагоддзя. Праз 14 гадоў пасля набыцця за $8,5 млрд Microsoft зачыніла Skype.
Яшчэ ў 2003 годзе Skype прапанаваў тое, пра што сёння мараць многія:
- якасныя відэазванкі;
- тэлефанаванне на звычайныя нумары;
- паведамленні і SMS у адным месцы;
- глабальны маштаб без прывязкі да платформы.

У 2009 годзе Skype меў 405 млн карыстальнікаў і складаў 8% усіх міжнародных званкоў у свеце. Гэта была не проста праграма, а сапраўдны камунікацыйны слой інтэрнэту. І самы лепшы файлаабменнік на свеце 😏

Выйшаў новы DOOM
Я яшчэ не паспеў пагуляць: другі месяц на вёсцы і толькі ў чэрвені дарву да PC. P 15 траўня ў Steam назбіралася 8000 адзнак, з якіх 85% – пазітыўныя. Таксама ў гульні 85 балаў на Метакрытыцы.
Я з тых, хто упадабаў вертыкальнасць і дынаміку DOOM Eternal. Новая частка The Dark Ages, кажуць, бліжэй да гульні 2016 года, якая мне ў свой час не зайшла 🫤 Улічваючы цану, які год буду чакаць зніжак.

Увогуле, дайце id Software нарэшце працягнуць прыгоды Блашкавіча. Я хачу ведаць, як ён выгнаў нацысцкую погань з ЗША 👿

Mafia: The Old Country будзе каштаваць $50
Гэта заўважна нізкая цана для патэнцыйна добрай AAA-гульні. Асабліва, калі ўзяць да ўвагі апошнія павышэнні цэнаў у гульнявой індустрыі. DOOM: The Dark Ages, напрыклад, каштуе вар'яцкія $70. Зразумела, такім чынам Microsoft падштурхоўвае да падпіскі Game Pass.
Гендырэктар Take-Two Interactive Штраўс Зельнік даў інтэрв'ю Gameindustry.biz выказаўся па цанавому пытанню новай Mafia:
"Наша задача — не трэсці спажыўца, каб даведацца, колькі манет у яго ў кішэнях, а ствараць выдатныя забаўляльныя прадукты".
Па яго словах, з улікам інфляцыі, рэальная цана на гульні памяншаецца ўжо 20 гадоў. Зразумела ж, у нашых шыротах, дзе на торрэнтах гульні былі і ёсць бясплатнымі, гэта працуе крыху ня так.

Рэліз гульні запланаваны на 8 жніўня
Цікавосткі з інтэрв'ю
- Take-Two запусціць чатыры гульні для Switch 2.
- Гэта найбольш маштабная падтрымка запуску кансолі Nintendo з боку кампаніі.
- Зельнік прызнае праблемы пры запуску Civilization 7, але ўпэўнены ў яе доўгатэрміновым поспеху.
- Кампанія працягвае выпускаць абнаўленні і паляпшаць гульню
- Другі трейлер GTA 6 набраў 475 мільёнаў праглядаў за 24 гадзіны.
- Гэта дапамагло ўзняць продажы іншых праектаў Rockstar, у тым ліку GTA Online і Red Dead Online
Xbox-партатыўка ад Asus і гульнявы архіварыус
У сетцы з’явіліся першыя фота Project Kennan — партатыўнай гульнявой прылады, распрацаванай сумесна Microsoft і Asus. Гэта — Xbox-версія новага ROG Ally 2, з асаблівым дызайнам і асобнай кнопкай з лагатыпам Xbox.
З’яўленне фота і дакументаў у рэгулятыўных базах сведчыць, што прылада ўжо праходзіць сертыфікацыю, а значыць — рэліз можа быць вельмі хутка. Xbox-версія атрымае 8-ядерны AMD Ryzen Z2 Extreme (36 Вт), а звычайная — толькі 4 ядры і 20 Вт.



Прадстаўленне прылады можа адбыцца ўжо на Computex, які пачынаецца 20 траўня, адразу пасля канферэнцыі Microsoft Build (19 траўня). Цана і дата старту продажаў пакуль не абвешчаныя, але верагодна, анонс будзе ўжо на гэтым тыдні.
Тым часам Xbox шукае інжынера, які дапаможа ў распрацоўцы рашэнняў для эмуляцыі Xbox, што дазволіць «новым пакаленням гуляць у гульні мінулага». Улічваючы, што Microsoft аб'ядноўвае лепшыя часткі Windows і Xbox для партатыўных гульнявых ПК, гэта цікавая прапанова.
Cyberpunk 2077 на распродажы, а Sony дурэе
Калі вы яшчэ не валодаеце гульнёй, то самы час звярнуць увагу на значныя зніжкі, што будуць дзейнічаць да 25 траўня на Cyberpunk 2077 і дадатак да яе.
9 чэрвеня стартуе канферэнцыя Apple для распрацоўшчыка WWDC'25, на якой, па чутках, прадставяць і версію Cyberpunk 2077 для macOS. Вельмі чакаю, што апроч гэтага хіта з'явіцца і больш пазітыўных навін пра гульнявыя магчымасці macOS. Вельмі моцна хочацца пазбавіцца ад Windows у якасці гульнявой станцыі, але аперацыёнка ад Apple пакуль не можа быць паўнацэннай заменай у гэтым кірунку.

Мінулагодні хіт PlayStation 5 – карэйская гульня Stellar Blade між тым штурмуе міравы рэйтынг продажаў у Steam, саступае толькі CS2. Гульня выйдзе на PC ужо 11 чэрвеня. Між тым гульня недаступная ў 120+ рэгіёнах Steam, у якіх няма афіцыйнай магчымасці стварыць уліковы запіс PlayStation Network.

Стваральнікі Stellar Blade ужо вядуць перамовы з выдаўцом – Sony – каб выправіць гэтую недарэчнасць. Але ж упартыя японцы ўсё ніяк не хочуць зарабляць на продажы сваіх гульняў. Крэйзі.

Можа таму стваральнікі Helldivers 2, якія ўжо аднойчы на гэтым вар'яцкім патрабаванні акаўнта PSN абпякліся, цяпер сваю наступную гульню фінансуюць самастойна і не бяруць грошай ад Sony?
"The next game is 100% funded by ourselves so we'll call 100% of those shots."
Моддараў Skyblivion звазілі да Тода Говарда
Bethesda запрасіла стваральнікаў Skyblivion у сваю штаб-кватэру ў Мэрылэндзе, дзе моддары сустрэліся з супрацоўнікамі студыі, у тым ліку з Тоддам Говардам. Такі суцяшальны прыз для тых, хто не паспеў зрабіць свой рэмэйк Oblivion.

Skyblivion — гэта глабальны фанатскі рэмейк The Elder Scrolls IV: Oblivion на рухавіку Skyrim, які ствараецца з 2012 года. Навіна пра запрашэнне можа азначаць, што Bethesda плануе афіцыйна падтрымаць праект або нават дапамагчы з яго выданнем. Нягледзечы на тое, што нядаўна выйшаў афіцыйны рэмайстар Oblivion.
Паводле моддараў, Skyblivion прапануе глыбейшы досвед і новыя механікі, у адрозненне ад афіцыйнага рэмастара. Таму яны асабліва не пераймаюцца наконт канкурэнта.
Рэліз Skyblivion запланаваны на 2025 год. Ён будзе бясплатны для ўсіх, хто валодае арыгінальнымі версіямі Oblivion і Skyrim на ПК
Місія: Немагчымая – Фінальны разлік
📅 У кінатэатрах з 23 траўня 🌟 На iMDb – 7,8 балаў
Што ж, здаецца, Том Круз урэшце спыніўся… ну, хаця б як Ітан Хант. Новая частка «Місіі: Немагчымая», якая атрымала назву Фінальны разлік, — гэта ўжо восьмы фільм у франшызе, і, паводле чутак, апошні. І калі гэта праўда — то, па меркаванню кытыкаў, скончылі яны з размахам!
Фільм пачынаецца на нервах і трымае ў такім стане амаль тры гадзіны. Так, тры гадзіны. Але яны пралятаюць, як Том Круз праз мост Вэстмінстэр — хутка, шумна і са сківіцай, што часам адвісае ад убачанага.
🎢 Фінальны разлік — гэта сапраўдны атракцыён: напханы, перагружаны, у нейкі момант нават бессаромна перабольшаны… Але гэта і ёсць ягоны шарм. У ім ёсць усё, за што мы любім гэтую серыю: шпіёнскія гульні, нездаровыя дозы адрэналіну, і, канешне, сцэны, дзе Том Круз рызыкуе жыццём — і ўсё гэта не з дапамогай графікі, а па-сапраўднаму! У кульмінацыі фільма — пагоня на біплане над каньёнам у Паўднёвай Афрыцы, якая выглядае настолькі шалёна, што ўзнікае пытанне: ці сапраўды гэта яшчэ кіно, ці ўжо запіс каскадзёрскага самагубства?

➕ З плюсаў — сцэны дзеяння проста неверагодныя. Тое, што робіць Круз у гэтым узросце (а яму ўжо 62, на хвілінку) — выклікае адначасова захапленне і кволыя спробы задумацца пра ўласную фізічную форму. Эмацыйна фільм таксама працуе — асабліва для фанатаў, якія ішлі з Ітанам ад самага пачатку. Тут і флэшбэкі з мінулых частак, і развітанне з камандай, якая стала сям’ёй.
➖ Мінусы? Ну, дыялогі часам такія заблытаныя, што здаецца, быццам сцэнар пісалі калі скікалі з парашутам. І, як гэта часта бывае ў фіналах, фільм спрабуе сказаць усё і адразу — у выніку атрымліваецца крыху перабор.

Але нягледзячы на гэта, Фінальны разлік — годны фінал, у якім франшыза святкуе ўсё, чым яна была. Гэта стужка не толькі пра тое, як Ітан Хант зноў выратоўвае свет. Гэта і спроба Тома Круза выратаваць кіно — відовішчнае, вялікае, з сапраўднымі трукамі і шчырымі эмоцыямі.
І калі гэта і праўда апошняя місія — то яна сапраўды выкананая.
Што новага ў беларускай агучцы?
Кавярня агучыла хіт сярод дзяцей і падлеткаў узроставай катэгорыі 5-30 гадоў – "Minecraft. Кіно" загучаў па-беларуску.

Vozyk у супрацы з Малатком і "Праграмісцкім кутом" працягвае радаваць выбітнымі агучкамі смешных відэаролікаў: ніколі не адпускайце свайго сябра за вадой у лядоўню 🤴🏼
Але таксама ён скончыў і вялікую эпапею – агучку псеўдадакументальнага фільма Cunk on Life / Канк пра жыццё. Унікальны праект, які вы пэўна хоць урыўкамі, але ж дзесьці бачылі.

На Кінакіпе выйшла агучка фільма "Я ўсё яшчэ тут" / Ainda estou aqui.

На Anibel цалкам выйшла агучка Фуры-куры / FLCL – культавага ў вузкіх колах анімэ 2000 года: "Іншапланецянка Харука Харухара збівае на сваім мотаролеры вучня пачатковай школы Наоту Нандабу, але для дасягнення сапраўднага эфекту яна б'е яго сваёй гітарай па галаве, пасля чаго ў яго з гуза на галаве... вырастае робат." Тая яшчэ наркаманія, рэкамендую.
Рэкамендацыі: што паглядзець ці пачытаць?
Тут я распавядаю пра нейкія нефарматныя рэчы, што мяне зачапілі і якімі б хацелася падзяліцца з вамі.
Кітайцы набылі 30 аўтамабіляў розных марак дзеля таго, каб раструшчыць іх аб прычэп грузавіка – гэта самы маштабны краш-тэст такога кшталту. Выжыць пад грузавіком вельмі мала шанцаў. І цікава зразумець, менавіта чаму так. Відэа ў перакладзе на расейскай мове.
Цяперака я з захапленнем заканчваю чытаць раман у жанры цвёрдай навуковай-фантастыкі Children of Time паляка Адрыяна Чайкоўскага. Пра эвалюцыю цывілізацыі павукоў, якіх людзі выпадкова генетычна-мадыфікавалі на экзапланеце, дзе павінен быў прайсці эксперымент над малпамі.

Аповед пераключаецца паміж гісторыяй павукоў і астатняга карабля чалавецтва з грузам, што павінен захаваць зніклую цывілізацыю самагубцаў. Не ведаю нават каму паспачуваць больш.
Што ў планах?
Зараз на фінішным этапе праца з тэкстам, што прысвечаны хайповаму робату Figure 02 і тупіковай галінцы развіцця такіх гуманоідных робатаў, якія нават шнуркі завязаць не ў стане. Планую выпусціць гэты відэаролік напрыканцы наступнага тыдня на канале аляхновіч.

21-га траўня запланаваны практычны экзамен у ДАІ з яздай па горадзе, 26-га траўня вяртаемся дадому і ў больш зручнае асяроддзе стварэння кантэнта.
На сувязі!
Абмеркаванне