На пачатку кастрычніка ў кітайскім горадзе Ліюян усё павінна было быць прыгожа: неба, агні, дроны, музыка, – спектакль пад паэтычнай назвай «Кастрычнік: Гук кветкавага росквіту». Але замест чароўнага 3D-шоу гледачы атрымалі сцэну з фільма пра канец свету: дроны загарэліся і пачалі ліць полымя на натоўп.

0:00
/0:33

На відэа, якія імгненна разышліся па сацсетках, людзі ў паніцы ўцякаюць, хаваюцца пад сталы і, падобныя на рыцараў з сярэднявечнымі шчытамі, уздымаюць над галавой пластыкавыя крэслы замест броні. На шчасце, ніхто не пацярпеў, але выглядала гэта не як "гук кветак", а як феерверк Суднага дня.

Мясцовыя ўлады з Ліюянскага ўпраўлення культуры і турызму заявілі, што сухое надвор’е магло стаць прычынай аварыі. І папярэдзілі, што пры такіх умовах нават дробная іскра можа ператварыцца ў пажар. Не дзіўна, што ў сацсетках людзей разарвала на жарты: "Цяпер будуць прадаваць вогнеўстойлівыя парасоны!" – пісаў адзін карыстальнік.

Гэтая гісторыя – добрая нагода паразважаць, як мы прыйшлі да таго, што лятаючыя робаты, некалі прыдуманыя для вайны, сёння забяспечваюць нам забаўкі. Ад эксперыментальнага мастацтва на дзясятак дронаў да масавых шоу ў Дыснэі і салютаў у амерыканскіх гарадах. Шлях дронаў ад зброі да забавы заняў усяго некалькі гадоў.

Ад дронаў-забойцаў да дронаў-мастакоў

Усё пачалося ў 2012 годзе, калі французскі арт-калектыў Marshmallow Laser Feast разам з рэкламным гігантам Saatchi & Saatchi паказаў у небе нешта неверагоднае – балет дронаў. На фоне музыкі эксперыментальнага кампазітара Oneohtrix Point Never яны зрабілі спектакль, дзе лятальныя робаты ўпершыню сталі не зброяй, а пэндзлем.

Ідэя была простая і вострая: ці можна ператварыць тэхналогію кантролю і знішчэння ў нешта прыгожае, людскае і спакойнае?

Праз некалькі месяцаў аўстрыйская Ars Electronica паўтарыла эксперымент, запусціўшы 49 дронаў у начное неба. NBC News напісала тады: «Гэта не такая ўражальная тэхніка, як у ваенных, але выглядае куды прыгажэй». Так мастацтва зрабіла першы крок у неба — літаральна.

Калі ў гульню ўвайшла Disney

Ужо праз год, у 2013-м, Disney зразумела: тут пахне не толькі мастацтвам, але і бізнесам. Кампанія падала некалькі патэнтаў на выкарыстанне дронаў у шоу: ад паветраных праектараў да кіравання марыянеткамі. Але галоўны тэрмін, які яны прыдумалі, быў сапраўды казачны – "flixel" (ад floating pixel, "плаваючы піксель").

Ідэя простая: кожны дрон – гэта адзін «піксель» у паветраным экране. Сабраўшы іх сотні ці тысячы, можна ствараць 3D-малюнкі ў небе, якія пераўзыходзяць феерверкі і пры гэтым шматразовыя.

Disney меў на гэта вагомую прычыну: толькі адзін парк Walt Disney World траціў каля 33 тысяч долараў на адное феерверк-шоу. І так чатыры разы на дзень, кожны дзень. Не дзіва, што кампанія пачала шукаць спосаб зэканоміць і зрабіць шоу больш экалагічным і прадказальным.

Калі Федэральнае авіяцыйнае ўпраўленне ЗША пачало рэгуляваць дроны, Disney хутчэй за ўсіх выстаяла ў чарзе па выключэнне – і атрымала яго. Так у 2016-м з’явілася першае дронавае шоу ў Disney Springs, а потым і ў іншых парках, уключаючы Disneyland Paris. Па праўдзе кажучы, не сказаць, каб выглядалі гэткія шоу выклікалі захапленне, асабліва калі праглядаеш іх на ютубе.

А цяпер дронавыя шоу – гэта ўжо не фішка арт-фестываляў, а руцінная гарадская забава. У гэтым годзе, напрыклад, некаторыя амерыканскія гарады адмовіліся ад феерверкаў у Дзень незалежнасці. Замест дыму і гулу – святло і музыка.

Так што будучыня святла ў небе ўжо настала. Феерверкі, якія калісьці былі сімвалам радасці, паступова пасуваюцца, але пакуль не зыходзяць у гісторыю. Усё ж такі, іх гісторыя куды больш багатая і сыходзіць каранямі ў стагоддзі назад, калі толькі быў вынайдзены порах.

Выхад гэтага тэксту спансіравалі:

Магнаты: mova.how, Dzmitry Sudnik, himik94, Alexey Gulev, Aleś, aliaksei, Jaŭhien Baranoŭski, VentelD; і патроны: Vozhyk, Randomname, Aliaksey Kandratsenka, Alena Н., Aliaksiej Homza, Nicolai Grodzitski, Frau K, Піля, Aliaksandr Limantau, bbbbb, Tsimafei Akudovich, Mikita, markedby, Hvedar, Maateusz, Kri69, GM, Heorhi Raik, Kate Svd, Mikita, Kiryl, Roskvit, Aliaksandr Smirnou

Падтрымаць

Кітайскі маштаб

Па сапраўднаму такія шоу пачалі уражваць, калі да іх прымянілі кітайскі размах. У розных кутках Кітая дронавыя шоў налічваюць ужо не дзясяткі, а сотні, а часам і тысячы адзінак лятаючых пікселяў.

У верасні мінулага года ў небе над кітайскім Яньбянам узляцелі 7 598 дронаў. Менавіта столькі лятальных апаратаў стварылі самы вялікі ў гісторыі малюнак у паветры, які трапіў у Кнігу рэкордаў Гіннэса.

Арганізатарам выступіла кампанія Shenzhen Damoda Intelligent Control Technology, і ім сапраўды ёсць чым ганарыцца: папярэдні рэкорд складаў "усяго" 3 191 дрон. На гэты раз неба ператварылася ў велізарны экран, дзе "пікселі" рухаліся і фармавалі Вялікую Кітайскую сцяну, дракона, і нават танцораў у нацыянальных строях.

Усё гэта кантралявалася… з аднаго ноўтбука. Алгарытм сачыў за кожным дроном у рэальным часе, а самі апараты былі раскладзены ў стартавыя скрыні па 12 штук у кожнай. Як толькі далі сігнал, неба ажыло. Галоўная фігура, выява тыгра, трымалася ў паветры 37 секунд – і гэтага хапіла, каб трапіць у гісторыю рэкордаў.

Кітайскія дронавыя шоу сёння – новы нацыянальны спорт. Свае моцныя брэнды па вытворчасці дронаў, танныя і ў вялікай колькасці. Такія шоў сталі сімвалам тэхналагічнай моцы і культурнага гонару кітайцаў.

Сінэргія дронаў і феерверкаў

Але ў ва ўсёй гэтай справу яшчэ ёсць куды зайсці далей. Як паказаў інцыдэнт напачатку артыкула. Цяпер наймоднейшы канцэпт, які злучае дроны і феерверкі – піра-дроны. Ідэальная пара.

Гэта невялікія апараты, якія не толькі малююць фігуры святлом, але і запускаюць міні-феерверкі проста ў паветры.

Гэта дазваляе спалучаць мастацкую дакладнасць дронаў (якія могуць утрымліваць фігуру з тысяч кропак) з эмацыйнай магутнасцю феерверкаў – тым самым выбуховым "вау!", без якога святкаванне здаецца няпоўным.

Піра-дроны нясуць спецыяльныя пірэхнічныя модулі, якія дазваляюць запальваць феерверкі у паветры. Усё гэта кіруецца праз адзін цэнтральны камп’ютар – бяспечна (у тэорыыі і з большасці на практыцы), сінхронна і дакладна. Калі нешта ідзе не так, дрон проста адключае пірэфект (у тэорыі).

Феерверкі ўсё яшчэ дадаюць таго самага "жывога" моманту – святла, шуму, выбухаў, што адчуваюцца нават грудзьмі. Таму арганізатары ўсё часцей ідуць па шляху сімбіёзу: дроны малююць гісторыю, а феерверкі ставяць выбуховую кропку.

На шоу Pyrotechnic Guild International 2023 у ЗША публіка ледзь не страціла дар мовы: у небе з’явілася вялізная галава робата з лазернымі вачыма, з якіх у ідэальным сінхроне выляталі выбухі феерверкаў на зямлі.

Можа, калісьці дроны і возьмуць на сябе ўсё неба, але пакуль яны не прыходзяць замест феерверкаў, а прыходзяць разам з імі. Там, дзе па ранейшым сцэнары павінна была прагучаць адна выбуховая “баба”, цяпер адбываецца святлавы балет, дзе кожная іскра ведае сваё месца.