🥲 На жаль, менавіта Цукерберг зрабіў next big thing, і гэта разумныя акуляры
У мяне для вас кепскія навіны. Менавіта кампанія Марка Цукерберга Meta (яна ж Facebook) зрабіла немагчымае – вынайшла next big thing. Прынамсі, намацала тую катэгорыю асабістай электронікі, якая зможа паспрачацца са смартфонамі за вашую ўвагу. Гаворка пра разумныя акуляры. Разумныя акуляры, якія сапраўды хочаш насіць. І не, гэта не чарговая футурыстычная цацка за 10 тысяч долараў, як якія-небудзь Apple Vision Pro, а рэальны прадукт, які можа сабе набыць значна большая частка тэхнагікаў.
Выглядаюць гэтыя акуляры, ну, даволі крута. Пачуццё стыля ў ва ўсіх рознае, таму скажу так, выглядаюць яны нармальна. На вуліцы вы ў іх нават не будзеце глядзецца занадта падазрона.

Гаворка пра Meta Ray-Ban Display – новае пакаленне разумных акуляраў з камерамі, мікрафонамі і гэтым разам з убудаваным дысплеем у адным з вачэй. Гэта не нейкая кіберпанк-маска, а звычайныя акуляры, якія лёгка зблытаць з класічнымі Ray-Ban. Але калі глядзеш праз іх – бачны невялікі экран у куце зроку, як у гульнях: маленькі HUD з апавяшчэннямі, мапамі і іншымі карыснымі штукамі. Пры гэтым звонку ніхто нават не заўважыць, што перад тваімі вачыма ёсць экран – Meta практычна прыбрала ўцечку святла, якая была праблемай у старых мадэлях.

Кіруюцца гэтыя акуляры цікава. Не патрэбныя больш толькі галасавыя каманды, ці сэнсарная панэль на дужцы. Ëсць камплектная альтэрнатыва у выглядзе нейрабэнда на прыдалонні, які счытвае электрычныя імпульсы ад рухаў пальцамі. Так, ты літаральна кіруеш інтэрфейсам лёгкімі рухамі пальцаў. Пакруціць для павелічэння зуму, свайпнуць вялікім пальцам меню, набраць тэкст у паветры – і ўсё працуе дзіўна дакладна. Marques Brownlee, які тэставаў навінку, прызнаўся, што ўжо з першага разу пісаў сказы без памылак, проста малюючы літары на каленцы.

Важаць акуляры 69 грамаў. Так, трошкі цяжэйшыя за звычайныя, але ўсё яшчэ зручныя. Ёсць дзве версіі: чорная і пясочная, з такім жа па колеры нейрабэндам. А яшчэ ёсць круты чахол-зарадка, які можна скласці, як футляр для сонечных акуляраў, і ён дае чатыры дадатковыя зарады.


Што ўмеюць гэтыя акуляры ў параўнанні з папярэднікам. Там ўжо можна было запісваць відэа ў POV-фармаце ад першай асобы, размаўляць з Meta AI і слухаць музыку. Але не было ўбудаванага дысплэя. Новыя акуляры паказваюць інтэрфейс і дазваляюць кіраваць без голасу; паказваюць вакенца перадпрагляду пры здымцы – цяпер ты дакладна бачыш, што трапляе ў кадр; падтрымліваюць відэазванкі і паведамленні праз WhatsApp; паказваюць мапу з навігацыяй у рэальным часе, якая паварочваецца разам з тваёй галавой; і нават робяць жывое субтытраванне і пераклад размоў у рэальным свеце – гук запісваецца праз мікрафоны і ператвараецца ў тэкст на дысплеі. Выглядае відовішчна.

Кошт – $800. Для гаджэта, які выглядае як будучыня, гэта нават менш, чым чакалася. Хаця, як заўважае MKBHD, Meta, хутчэй за ўсё, прадае іх амаль па сабекошце, каб хутчэй атрымаць долю рынку. Прататып такіх акуляраў, што паказвалі год назад, каштаваў $10 000.
Адзіны вялікі мінус – гэта самая Meta. Усё, што адбываецца ў гэтых акулярах, жорстка прывязана да экасістэмы Цукерберга: WhatsApp, карты Meta, Instagram. Пакуль няма ніякага App Store, толькі "родныя" праграммы. А пытанні пра прыватнасць... ну, вы самі разумееце, Meta і асабістыя даныя – гэта як кот і смятана.

І ўсё ж, нягледзячы на крытыку, нават самі скептыкі прызнаюць: гэта першыя разумныя акуляры, якія сапраўды працуюць. І не выглядаюць, як быццам ты прыйшоў з фільма "Назад у будучыню".
Можа, менавіта з гэтых акуляраў і пачнецца эпоха пасля смартфонаў. Яны ўражваюць і не замінаюць табе жыць. Успомніце кліпсу ад Humane Ai Pin, ці тыя ж Apple Vision Pro. Яны так і не змаглі прыжыцца ў пасядзённым жыцці.
А акуляры Meta даволі добра прадаваліся: ў мінулым годзе было рэалізавана больш за мільён юнітаў. У гэтым годзе, кажуць, справы ідуць яшчэ лепш. Летам аналітыкі пісалі, што акуляры прадаюцца ў тры разы больш бадзёра. Зразумела ж гаворка ішла пра першае пакаленне разумных акуляраў Ray-Ban Meta. Выйшла другое, удвая даражэйшае, якімі будуць продажы, спрагназаваць цяжка.
Шчыра кажучы, я і сам прама захацеў іх памацаць. Зразумела ж, апраўдаць выдачу з сямейнага бюджэту $800 за гэты кавалак тэхналогій, я для сябе не магу.

А што там у Apple?
Гонка разумных акуляраў пачынаецца сур’ёзная. І, здаецца, Apple гэта ўцяміла і схапілася за галаву.
Апошнія месяцы свет тэхналогій літаральна гудзіць ад дэма і навінак у гэтай галіне. А ў Куперціна, відаць, зараз цішыня і нервова перагортваюць старонку са словам "Vision Pro". Па звестках Bloomberg, Apple вырашыла націснуць на газ у тым самым кірунку: кампанія нібыта спыніла распрацоўку лёгкай і больш даступнай версіі Vision Pro, каб паскорыць працу над уласнымі разумнымі акулярамі.
Vision Light мусілі выйсці ў 2027 годзе. Цяпер гэты год павінен стаць годам рэлізу разумных акуляраў. Людзей з гарнітуры перакінулі працаваць над акулярамі ў паскораным тэмпе. Анонс хочуць зрабіць ужо ў 2026 годзе. Таму агулам над гарнітурай змяшанай рэальнасці Vision Pro ад Apple можна ставіць крыжык. Гэта стаў дарагі і неэффектыўны эксперымент. Сафтварныя напрацоўкі з яго, пэўна атрымаецца задзейнічаць на акулярах, але гэта не дакладна.

Apple хоча зрабіць дзве мадэлі: з дысплеем і без яго. Нават простая версія без экрана гучыць як патэнцыяльны хіт, улічваюцы колькасць адданых фанатаў экасістэмы Apple. Уяві сабе нешта кшталту AirPods у выглядзе сонечных акуляраў. Падключаеш да iPhone – і атрымліваеш гук, камеру і інтэграцыю з Siri. Калі ж дадуць яшчэ і экран, які паказвае апавяшчэнні, мапы і музыку перад тваімі вачыма – гэта будзе новы ўзровень "яблычнай магіі".
Тут ёсць толькі адна праблема: Apple можа спазніцца. Meta ўжо прасунулася далёка наперад, паказаўшы ўласныя акуляры з дапоўненай рэальнасцю на дысплэі. Samsung і Google таксама варушацца, а колішні дызайнер Apple Джоні Айв, па чутках, стварае AI-акуляры для OpenAI.
Meta ж адкрыта кажа, што хоча разбурыць "смартфонную манаполію" Apple. Марк Цукерберг нават прызнаўся, што шмат яго ідэй "упіраліся ў тое, што Apple не дазваляла зрабіць у iOS". Для Apple жа гэта пытанне гонару: не страціць дамінаванне і не прапусціць чарговы тэхналагічны цягнік.
А гісторыя нас вучыць, што Apple часта прыходзіць апошняй, але ўсё адное перамагае. Яна не была першай ні з MP3-плэерам, ні са смартфонам – і ўсё ж зрабіла рэвалюцыю. Таму не выключана, што праз некалькі гадоў мы ўсе будзем насіць iGlasses і жартаваць, што цяпер iPhone патрэбны толькі каб іх падзарадзіць.

Выхад гэтага тэксту спансіравалі:
Магнаты: mova.how, Dzmitry Sudnik, himik94, Alexey Gulev, Aleś, aliaksei, Jaŭhien Baranoŭski, VentelD; і патроны: Vozhyk, Randomname, Aliaksey Kandratsenka, Alena Н., Aliaksiej Homza, Nicolai Grodzitski, Frau K, Піля, Aliaksandr Limantau, bbbbb, Tsimafei Akudovich, Mikita, markedby, Hvedar, Maateusz, Kri69, GM, Heorhi Raik, Kate Svd, Mikita, Kiryl, Roskvit, Aliaksandr Smirnou
Падтрымаць