Кампанія, якая названа ў гонар зброі злодзеяў з «Уладара пярсцёнкаў», апублікавала палітычны маніфест. І там усё — менавіта так, як вы падумалі. Усё так, як чакаецца ад зброі злодзеяў.
Я даўно хацеў пагаварыць пра Palantir. Пра Алекса Карпа, ПітэраЦіля, пра тое, як крэмніевыя мільярдэры будуюць новы феадалізм — толькі замест замкаў і рыцараў цяпер серверы і алгарытмы сачэння. І вось нарэшце ёсць нагода, бо Palantir зрабіла тое, чаго ад іх чакалі ўсе, хто сачыў уважліва: яны проста ўзялі і сказалі ўголас тое, пра што раней толькі намякалі, маглі казаць толькі саромеючыся.
Because we get asked a lot.
— Palantir (@PalantirTech) April 18, 2026
The Technological Republic, in brief.
1. Silicon Valley owes a moral debt to the country that made its rise possible. The engineering elite of Silicon Valley has an affirmative obligation to participate in the defense of the nation.
2. We must rebel…
19 красавіка 2026 года Palantir Technologies апублікавала ў твітары трэд з 22 пунктаў — канспект кнігі «The Technological Republic» свайго CEO Алекса Карпа . 32 мільёны праглядаў за двое сутак. Акцыі кампаніі трошкі выраслі. А інтэрнэт выбухнуў.
https://www.dw.com/en/palantir-why-its-political-manifesto-is-causing-a-stir/a-72874150
Хто такія Palantir і чаму назва кампаніі ўжо ўсё пра іх кажа
Palantir заснавалі ў 2003 годзе Пітэр Ціль і Алекс Карп. Першыя грошы атрымалі ад In-Q-Tel, венчурнага фонду ЦРУ. Кампанія з самага пачатку рабіла софт для спецслужбаў і ваенных, які дазваляе збіраць, злучаць і аналізаваць велізарныя аб'ёмы даных пра людзей з розных крыніц — дзяржаўных баз, сацсетак, камер, медыцынскіх рэестраў, падатковых дэкларацый.
Назва паланцір — гэта «камяні» з «Уладара пярсцёнкаў» Толкіна. У кнізе імі карыстаўся Саўрон, каб сачыць за ўсім Міжзем'ем. Карп і Ціль, відаць, чыталі Толкіна і свядома абралі бок зла. Сярод набліжаных Ціля, дарэчы, іхні фонд Founders Fund жартоўна завуць «the Precious» — «Каштоўнасць», як Голум называў свой Пярсцёнак. Такая вось не проста адсылка, а сапраўдная эстэтычная праграма.
Трэба спыніцца на Алексе Карпе — бо гэта адна з самых дзіўных постацяў у сучасным тэху. Уявіце CEO абаронна-тэхналагічнай кампаніі, які ніколі не вучыўся ні праграмаванню, ні бізнесу. Які напісаў доктарскую дысертацыю пра мову і агрэсію ў культуры пад кіраўніцтвам Юргена Хабермаса — найвядомейшага жывога філосафа Еўропы, тэарэтыка дэмакратычнай камунікацыі. Які сам пра сябе кажа, што ён «сацыяліст і прагрэсіст — але не woke».
Алекс Карп нарадзіўся ў 1967 годзе ў Філадэльфіі. Бацькі — актывісты, якія хадзілі на пратэстныя маршы за грамадзянскія правы. Ён скончыў Хаверфардскі каледж па сацыялогіі і антрапалогіі, потым юрыдычны факультэт Стэнфарда — дзе, дарэчы, і пазнаёміўся з Пітэрам Цілем. А потым зрабіў тое, чаго ніхто ў Крэмніевай даліне не робіць — паехаў у Франкфурт пісаць доктарскую па сацыяльнай тэорыі. Пад кіраўніцтвам Хабермаса — чалавека, які ўсё жыццё тэарэтызаваў пра тое, як грамадства можа вырашаць канфлікты праз адкрыты дыялог, а не праз сілу. Іронія тут літаральна залатая: вучань Хабермаса цяпер кіруе кампаніяй, чый маніфест заклікае да «жорсткай сілы» замест «высокай рыторыкі».
Карп вольна размаўляе па-нямецку і па-французску. Некалькі гадоў жыў у Франкфурце, потым марыў пераехаць у Берлін і «правесці ўвесь дзень у ложку». Замест гэтага ён стаў CEO кампаніі, якая дапамагае знаходзіць, дэпартаваць і забіваць людзей.
Карп ніколі не навучыўся вадзіць машыну. Калі яго пыталі чаму, ён адказаў: «Я быў занадта бедны. А потым — занадта багаты». Ён трымае мячы тай-чы ў офісе. Займаецца баявымі мастацтвамі ў калідорах кампаніі. Кладзе тэлефон у клетку Фарадэя, каб заблакаваць сігналы — «кітайцы былі б дурнямі, каб не спрабавалі слухаць мае званкі». Ён майстэрна страляе з пісталета — адзін журналіст засведчыў, як Карп трапляў у мішэні з 250 метраў. Ён нібыта штодня бегае на лыжах па 20 кіламетраў. Яго ахова складаецца з ветэранаў нарвежскага спецназу FSK, якіх ён першапачаткова наняў як партнёраў для лыжаў.
У 2024 годзе яго кампенсацыя склала 6,8 мільярда долараў — найбольшая сярод усіх CEO публічных кампаній у ЗША. У 2020-м, калі Palantir выйшла на біржу — 1,1 мільярда. Пры гэтым шмат гадоў яго зарплата была абмежавана 125 тысячамі долараў. «Я зараблю грошы толькі тады, калі заробіце вы», — казаў ён калегам.
Time у 2025 годзе назваў яго «ўвасабленнем новага тыпу мільярдэра Крэмніевай даліны: адкрытага тэхнанацыяналіста, які прапаведуе заходнюю моц». А сам Карп цытуе Сэмюэля Хантынгтана ў лістах да інвестараў: «Узвышэнне Захаду стала магчымым не дзякуючы перавазе яго ідэй ці каштоўнасцяў... а дзякуючы перавазе ў прымяненні арганізаванага гвалту». На адным з earnings calls ён сказаў, што місія Palantir — «палохаць ворагаў і, часам, забіваць іх». Гэта не журналісцкая інтэрпрэтацыя — гэта прамая цытата CEO кампаніі з рыначнай капіталізацыяй звыш 250 мільярдаў долараў.
Калісьці, яшчэ студэнтам у Франкфурце, Карп крытыкаваў нямецкага пісьменніка Марціна Вальзера за тое, што той выступаў супраць культуры памяці пра Халакост. Дзесяцігоддзі пазней, у «The Technological Republic», Карп фактычна прыняў пазіцыю Вальзера, напісаўшы, што яго словы адлюстроўвалі «забароненыя жаданні і пачуцці нацыі». Былая навуковая кіраўніца Карпа, прафесарка Карола Брэдэ, заўважыла, што ў яго заўсёды была «палітычная гнуткасць, характэрная для лібералізму» — інакш кажучы, здольнасць змяняць пераконанні ў залежнасці ад таго, куды дзьме вецер.
Два галоўныя прадукты Palantir
Gotham і Foundry. Gotham выкарыстоўваюць спецслужбы: ЦРУ, Пентагон, паліцыя Нью-Ёрка і Лос-Анджэлеса, нямецкія паліцэйскія ўпраўленні ў Гесене і Баварыі. Foundry — платформа для аналізу даных, якую купляюць урады і карпарацыі. Нідэрланды і Грэцыя, напрыклад, выкарыстоўвалі Foundry для адсочвання COVID-19.

https://www.axios.com/local/denver/2025/05/01/palantir-deportations-ice-immigration-trump
Але сапраўдная слава Palantir — гэта вайна і дэпартацыі. Кампанія пастаўляе тэхналогіі Армії ЗША — кантракт на 10 мільярдаў долараў. AI-платформа Maven, якую распрацоўвала Palantir, забяспечвала даныя для авіяўдараў. Google калісьці адмовіўся ад гэтага праекта пасля пратэстаў супрацоўнікаў — а Palantir з задавальненнем падхапіла. Ізраільская армія таксама карыстаецца іхнімі сістэмамі.
У ЗША Palantir — трэці найбуйнейшы падрадчык ICE, міграцыйнай службы. Кампанія будуе для ICE сістэму ImmigrationOS — за 30 мільёнаў долараў без конкурсу. Гэтая сістэма знаходзіць фізічнае месцазнаходжанне людзей, якіх пазначылі на дэпартацыю, стварае «дасье» на аснове данных з Medicaid, падатковай службы, нумароў сацыяльнага страхавання і нават камер на дарогах.
Цяпер пра маніфест
22 пункты, якія Palantir апублікавала як канспект кнігі Карпа.
Што ў гэтых 22 пунктах?
Першае: Крэмніевая даліна мае «маральны доўг» перад ЗША і абавязана ўдзельнічаць у абароне краіны. Другое: трэба выйсці за межы «тыраніі прыкладанняў» — iPhone, маўляў, не вяршыня цывілізацыі. Трэцяе: цяпер не ядзерная зброя вызначае баланс сілаў у свеце, а штучны інтэлект. І галоўнае: зброя на аснове AI будзе створана ў любым выпадку — пытанне толькі, хто яе зробіць.
Далей ідзе палітыка: нацыянальная служба ў арміі мусіць быць абавязковай для ўсіх. На чалавечай мове: мы вяртаем прызыў. Наша бачанне перманентнай вайны працуе толькі калі мы мужна запісваем на фронт людзей на 40 гадоў маладзейшых за нас. Пры гэтым сам Карп ніколі не служыў, а яго кампанія зарабляе менавіта на вайне, якую вядуць іншыя. Зручненька.
«Мяккая сіла» і «высокая рыторыка» сябе вычарпалі — патрэбна «жорсткая сіла», пабудаваная на софце.
Цікавы пункт пяты: «Пытанне не ў тым, ці будзе створана AI-зброя. Пытанне — хто яе зробіць. Нашы праціўнікі не будуць спыняцца на тэатральныя дэбаты.» Слова «тэатральныя» — гэта ключ. «Тэатральныя дэбаты» — гэта тое, што нармальныя людзі завуць «маральнай дыскусіяй» або «дэмакратычным кантролем». Palantir кажа адкрытым тэкстам: этыка — гэта перашкода. Калі ў нашых ворагаў няма нагляду — навошта ён нам?
Пункт сёмы: «Калі марскі пехацінец ЗША просіць лепшую вінтоўку — мы мусім яе стварыць. Тое ж тычыцца софту.» Гэта прамы тычок у бок Anthropic — кампаніі, якая нядаўна мела публічны канфлікт з Пентагонам, адмаўляючыся прадаваць AI для смяротнай зброі. Palantir пазіцыянуе сябе як альтэрнатыву: мы — не яны, мы гатовы на ўсё.
Пункт восьмы: «Дзяржслужбоўцы не мусяць быць нашымі святарамі.» На чалавечай мове: усе гэтыя надакучлівыя бюракраты, якія «расследуюць махлярства» і «сочаць за стандартамі бяспекі» — перашкоды, якія трэба скарміць у дровадрабілку DOGE.
Пункт дзявяты — мой фаварыт: «Мы мусім быць больш паблажлівымі да тых, хто аддаў сябе грамадскаму жыццю.» На чалавечай мове: калі вы смяецеся і жартуеце з вось гэтага відэа, дзе CEO Падланцір выглядае як пад какаінам — вы адказныя за ўзвышэнне фашызму.
Пункт дванаццаты: «Атамная эра заканчваецца. Новая эра стрымлівання будзе пабудавана на AI.» На чалавечай мове: гісторыя не вынесла ніякіх неадназначных вердыктаў наконт гонкі ядзерных узбраенняў — таму давайце паўторым яе з Штучным інтэллектам.
Пункт пятнаццаты — для еўрапейцаў асабліва пікантны: «Паваенная дэмілітарызацыя Нямеччыны і Японіі мусіць быць адменена.» На чалавечай мове: мы можам прадаваць софт і мілітарызаванай Нямеччыне з Японіяй таксама!
Еўропа заслаба ўзброена. Калі Японія працягне сваю «тэатральную прыхільнасць да пацыфізму» — у Азіі зменіцца баланс сілаў.
Пункт сямнаццаты: «Сіліконавая даліна мусіць адыграць ролю ў змаганні з гвалтоўнай злачыннасцю.» На чалавечай мове: федэральныя грошы — добра, але ці асвоілі мы мясцовыя бюджэты? Статыстыка кажа, што злачыннасць зніжаецца па ўсім свеце — але мы гэтага не заўважаем. І разам з вайной будзем запужваць яшчэ і ростам крымінала.
Пункт васямнаццаты: «Бязлітаснае выкрыццё прыватнага жыцця публічных постацяў адштурхвае таленты ад дзяржслужбы.» На чалавечай мове: самыя карумпаваныя людзі ва ўрадзе, якія купляюць больш за ўсіх нашай прадукцыі, выкрываюцца за цёмныя здзелкі і хлусню. Як вы смееце не даваць ім паблажку? Па-сапраўднаму вялікія мужчыны вышэй за такія пытанні.
Пункт дваццаты. Яшчэ адзін мой любімы: «Трэба супрацьстаяць паўсюднай нецярпімасці да рэлігійных перакананняў у пэўных колах» На чалавечай мове: нам надакучыла, што людзі кажуць, быццам наш сузаснавальнік Пітэр Ціль дзівак і вар’ят, бо верыць у тое, што рэгуляванне штучнага інтэллекта спародзіць антыхрыста. Агулам дзіўна чуць ад тэхгналагічнай кампаніі заклікі заткнуць рот тым, хто крытыкуе рэлігійнасць. У крэмніевай даліне сапраўды едуць глуздам на тэорыі сваёй абранасці хрыстом.

А яшчэ — у маніфесце ёсць тэзіс пра тое, што абмяркоўваць розніцу паміж «культурамі» сёння «забаронена», і што Амерыка мусіць супрацьстаяць «пустому і пустэльнаму плюралізму».
Пункт дваццаць першы, на якім маска канчаткова спаўзае: «Некаторыя культуры стварылі жыццёва важныя дасягненні; іншыя застаюцца дысфункцыянальнымі, рэгрэсіўнымі і шкоднымі.» На чалавечай мове: мы тыя, хто варты вырашаць, якая культура мае права на існаванне, а без якой свет нічога не страціць. І гэта кажа чалавек з жыдоўскімі карэннямі. Некаторых гісторыя нічому не вучыць. Альбо ж яны хочуць яе паўтарыць, толькі ўжо з сабой у галоўнай ролі
Рэакцыя свету была прадказальнай
Яніс Варуфакіс, былы міністр фінансаў Грэцыі, напісаў: «Калі б Зло магло твіціць — гэта выглядала б менавіта так». Галандскі даследчык папулізму Кас Мюдэ назваў гэта «тэхнафашызмам у чыстым выглядзе» і заклікаў Еўропу спыніць любое супрацоўніцтва з Palantir. Заснавальнік Bellingcat Эліят Хігінс сарказмам адзначыў, што для кампаніі «цалкам нармальна і добра» рабіць такія заявы.

Але найбольш грунтоўны і глыбокі аналіз зрабіў Марк Кукельберх — прафесар філасофіі тэхналогій у Венскім універсітэце, аўтар кнігі «Why AI Undermines Democracy» і навуковай працы пра тэхнафашызм. І яго аналіз важны не таму, што ён проста кажа «гэта дрэнна» — а таму, што ён тлумачыць, чаму гэта ўсё гучыць так… знаёма.
Кукельберх пачынае з простага назірання: адно — калі палітычная партыя ці ўрад фармулюе палітычнае бачанне. Гэта чакана, гэта нармальна, гэта дэмакратыя. Іншая справа — калі гэта робіць прыватная кампанія, глыбока ўбудаваная ў дзяржаўную бяспеку і сачэнне. Гэта не рэклама. Гэта маніфест. І для кожнага сябра дэмакратыі, кажа Кукельберх, чытаць яго — як адкрыць прадукт, які, ты падазраваў, што сапсаваўся, але не ведаў, наколькі.
А далей Кукельберх робіць тое, што Карп сам, пэўна, не чакаў — бо Карп жа філосаф, ён вучыўся ў Франкфурце, ён ведае крытычную тэорыю. Кукельберх бярэ маніфест і паказвае, дзе кожны пункт стаіць на ідэалагічнай лінейцы. І выходзіць вось што: адкрытую варожасць да ліберальнай дэмакратыі. Адмаўленне плюралізму, інклюзіі і эмпатыі. Абдымкі «жорсткай сілы» — чытай: гвалту — і перманентнай вайны (ідэальна, калі ты гандляр зброяй). Размовы пра высокія ахвяры дзеля нацыі і прызыў на ваенную службу. Рэпрэсіі супраць злачыннасці. Рэлігія ў сферы ўлады. Вера не ў роўнасць культур, а ў заходнюю перавагу і элітызм.
Супрацоўніцтва Big Tech і дзяржавы. Пазітыўнае стаўленне да падаўлення інакадумства праз сістэму сачэння, якая заўсёды ведае, як цябе знайсці. Пераўзбраенне Нямеччыны і Японіі. Тэхналагічнае дамінаванне над ворагамі дзяржавы.
Калі гэта гучыць знаёма — яно і павінна гучаць знаёма. Гларыфікацыя сілы, вайны і нацыі, падпарадкаванне грамадзян дзяржаве, зрошчванне карпаратыўнай і дзяржаўнай улады — гэта не новая ідэя. Гэта вельмі старая ідэя. Спойлер: не Алекс Карп прыдумаў фашызм. Але такія як Карп, ап'янёныя ўладай і перавагай, увесь час да гэтай ідэалогіі імкнуцца. Проста цяпер замест форменнай адзежы і маршаў — алгарытмы і серверныя стойкі.
І тут Кукельберх дакопваецца да самай сутнасці — да філасофскіх каранёў маніфесту. Ён паказвае, што бачанне Palantir — гэта ў сваёй аснове пераасэнсаваны Гобс. Томас Гобс у XVII стагоддзі лічыў, што без аўтарытарнага парадку людзі не здольныя жыць разам — яны ствараюць хаос. Ён апраўдваў абсалютную дзяржаўную ўладу тым, што яна аднаўляе парадак. Лявіятан — монстр, які кіруе людзьмі.
Адказ Palantir на хаос у сучасным свеце — аналагічны. Паведамленне кліентам: пераканайцеся, што вы — пераможца, дамінуйце, і парадак адновіцца. Станьце наймацнейшым і навяжыце свой парадак усім астатнім. Тэхналогія — ідэальны інструмент для гэтага: не трэба размаўляць з людзьмі, пераконваць іх, спрачацца.
Вострае як нож назіранне Кукельберха. На сваім профілі ў X Palantir адкрыта і бессаромна піша, што іх мэта — ствараць «софт, які дамінуе». Інакш кажучы, яны будуюць новага Лявіятана — гобсаўскага монстра, які гарантуе бяспеку, але за кошт свабоды і дэмакратыі. Карп і Ціль гатовы заплаціць гэтую цану. Дакладней — яны хочуць, каб гэтую цану заплацілі мы.
І гэта не гіпатэтычнае бачанне — яно ўжо часткова рэалізавана. Прадказальная паліцыя ўжо вызначае, куды паліцыя накіроўвае рэсурсы. Міграцыйныя сістэмы ўжо абапіраюцца на AI-аналіз і велізарныя базы даных. Ваенныя аперацыі ўсё больш залежаць ад платформ злучэння даных у рэальным часе. AI ўжо выбірае мішэні для ракет і бомбаў. Palantir — усё больш важная частка гэтай экасістэмы. Калі кампанія апісвае свет, арганізаваны вакол гэтых магчымасцяў — яна не ўяўляе будучыню. Яна апісвае цяперашнасць — толькі пашыраную і ўзмоцненую. Кантракты падпісаны. Людзі затрыманы. Ракеты ўзляцелі.
Менавіта такі паступовы, інфраструктурны зрух Кукельберх апісваў у сваіх працах: не раптоўны пераварот, не фашысцкая рэвалюцыя, а павольная перакалібрацыя таго, што адчуваецца нармальным і неабходным — праз зрошчванне тэхналогій з уладай. Чым глыбей гэтыя сістэмы ўбудоўваюцца, тым больш іхнія базавыя дапушчэнні — пра кантроль, празрыстасць і ўладу — растварацца ў фоне. Калі гвалт і тэхнакратыя нармалізаваны — дарога назад да дэмакратыі становіцца ўсё цяжэйшай.
Але — і гэта важна — гэта не непазбежнасць. Тэхналогіі не вядуць да тэхнафашызму аўтаматычна. Але без пільнасці, без супраціву, без разумення таго, што адбываецца — яны яго, тэхнафашызм, прыводзяць ціха, эфектыўна. Маніфест Palantir дапамагае нам убачыць гэта, бо кладзе ўсё на стол адкрыта. Ён прапануе нам зірнуць на тэхнафашысцкую траекторыю — не як на далёкую магчымасць, а як на свет, які ўжо будуецца проста зараз пры нашым жыцці.

І тут трэба пагаварыць пра Пітэра Ціля — бо Palantir не існуе ў вакууме. Ціль — адзін з самых багатых людзей свету, каардынатар цэлай экасістэмы кампаній: Palantir (сачэнне), Anduril (абаронная тэхніка), Founders Fund (інвестыцыі ў «цвёрдыя тэхналогіі»). У 2009 годзе Ціль напісаў эсэ для Cato Institute, дзе адкрыта заявіў, што больш не верыць у сумяшчальнасць свабоды і дэмакратыі. Ён жа казаў, што Канстытуцыя ЗША перашкаджае «адзінаму амбіцыйнаму чалавеку аднавіць старую Рэспубліку». Ціль напісаў прадмову да кнігі «The Sovereign Individual» — бібліі тэхналібертарыянства, якая прамым тэкстам заклікае «кагнітыўную эліту» вызваліцца ад кайданоў масавай дэмакратыі і пабудаваць новы парадак, дзе тэхналагічная перавага вызначае тых, хто кіруе гэтым быдлам, мной і вамі.
Гэта не тэорыя змовы. Гэта апублікаваныя тэксты, падпісаныя сапраўдным прозвішчам, чалавекам, чый фонд фінансуе кампаніі, якія літаральна кіруюць дэпартацыйнай машынай, ваенным AI і глабальнай сістэмай сачэння.
Гэты маніфест — не проста PR-ход дзіўнай кампаніі. Гэта сімптом. Тэхналагічная індустрыя ўсё больш адкрыта заяўляе пра сваё права кіраваць — не праз выбары, не праз грамадскі дагавор, а праз валоданне інфраструктурай. Хто кантралюе алгарытмы — кантралюе, каго дэпартуюць. Хто кантралюе AI — вырашае, па кім наносяць ракетны ўдар. Хто кантралюе даныя — ведае пра цябе больш, чым ты сам.
Palantir — гэта не адзінкавы выпадак. Але Palantir — рэдкі выпадак, калі карпарацыя кажа ўголас тое, што іншыя хаваюць за PR-камунікацыямі. І менавіта таму гэта важна: не таму, што яны сказалі нешта новае, а таму, што яны перасталі рабіць выгляд, што яны такога не думаюць.



