👋 Вітаю, шаноўныя!
Мінулы тыдзень прайшоў у рэжыме "не дыхаць" – рыхтаваў 70-ы выпуск падкаста Відзік. Сямідзясяты! Мэта – дабіць да сотні ў гэтым годзе і выйсці на пенсію. Бо стварэнне кожнага выпуску гэта нейкія эмацыйныя арэлі: а навошта я гэта раблю, прагляды не растуць, манетызуецца цяжка. Пакуль рыхтуюся і запісваю. А потым калі выпуск выходзіць, адчуваецца палёгка і асалода. Вось для чаго:
«Вялікі рэспект за ўзровень падрыхтоўкі! Вельмі падабаецца гэты фармат, што гэта не проста бла-бла пра нейкія чуткі, а грунтоўны разбор крыніц і аналіз арыгінальнага матэрыялу».
Трэба быць шчырым, сацыяльнае пагладжванне на мяне ўплывае станоўча. Пэўна, у стварэнні кантэнта на беларускай мове менавіта такое пагладжванне і з'яўляецца асноўным прыбыткам. 😁
Некалькі гадоў таму навукоўцы праверылі, як пагладжванне працуе. Фізічнае, сапраўднае. І апынулася, што павольнае пагладжванне мяккім пэндзлікам рэальна змякчае эмацыйны боль ад сацыяльнага выраку. У эксперыменце 84 жанчыны спачатку гулялі ў кібермяч, дзе камп'ютар пачынаў іх ігнараваць, а потым іх гладзілі па прадплеччы – каго павольна, каго хутка. Тыя, каго гладзілі павольна – тры сантыметры за секунду (шкада, што не пяць) – пасля адчувалі значна меншую патрэбу ў сацыяльным прыняцці. Хуткае пагладжванне так не працавала.
Аўтары кажуць: у лічбавым свеце лёгка забыцца, наколькі важны дотык. А я дадам: у свеце беларускамоўнага кантэнта — наколькі важны каментар. Так што гладзьце свайго кантэнтмейкера павольна, тры сантыметры за секунду, і ён будзе рабіць далей.
Калі ж яшчэ не глядзелі 70-ы выпуск відзіка, то там пра патэнцыйны прарыў у цвердацельных батарэйках, новы алгарытм сціскання ад Google, які абяцае скараціць спажыванне аператыўкі нейрасеткамі, і Claude Mythos – мадэль, якую прадаюць як суперхакера. Раю зазірнуць.
А тым часам на мінулым тыдні людзі не скавыталі пра каментары і падабайкі, а абляцелі Месяц, прасвідравалі зямную атмасферу і плюхнуліся ў акіян.
У ноч з пятніцы на суботу капсула Orion увайшла ў атмасферу Зямлі на хуткасці больш за 30 махаў і прываднілася ў Ціхім акіяне каля Сан-Дыега. Чатыры астранаўты – Рыд Уайзман, Віктар Гловер, Крысціна Кох і канадзец Джэрэмі Хансен – правялі ў космасе дзесяць дзён і сталі першымі людзьмі каля Месяца за амаль 54 гады, з часоў апошняй місіі Apollo ў снежні 1972-га.
Тэмпература за бортам дасягала каля 2 760 °C – капсулу абгарнула плазмай, радыёсувязь знікла на шэсць хвілін. За чатырнаццаць хвілін Orion скінуў амаль 40 000 км/г хуткасці, экіпаж вытрымаў перагрузку ў 3,9 G. Потым парашуты, прывадненне, і камандзір дакладвае: «чатыры зялёныя члены экіпажу» – маўляў, усе здаровыя.
Гэта відэа з міссіі Artemis I, калі на Зямлю вярталіся манекены. У гэтай місіі астранаўты перажылі штосьці падобнае
Місія Artemis II не садзілася на Месяц – гэта будзе пазней, калі SpaceX і Blue Origin дапрацуюць пасадачныя модулі. Але экіпаж падляцеў да Месяца на адлегласць каля 407 000 км ад Зямлі, а гэта новы рэкорд для людзей. Адтуль яны адправілі здымкі: месяцовы ландшафт і серп Зямлі над лунным гарызонтам.






Місія прайшла амаль бездакорна. Акрамя аднаго прыбора, які знэрваваў экіпаж больш за ўсё – туалет. Давайце пра гэты інжынерны цуд, што дапамагае какаць у абставінах, дзе няма верха і ніза, крыху падрабязней.
Капсула Orion абсталяваная так званай Universal Waste Management System – прыблізна такой жа прыладай, што стаіць на МКС. Рэч складаная. Туалет выкарыстоўвае паток паветра, каб зацягваць адходы ўсярэдзіну і трымаць капсулу ў чысціні. Ёсць варонка са шлангам, сядзенне з адтулінай, рамяні для ног і ручкі, каб астранаўт не адлятаў у працэсе за кошт мікрацягі. ☺️

Праблемы пачаліся ў першы ж дзень палёту – туалет адмовіўся супрацоўнічаць з астранаўтамі адразу пасля выхаду на арбіту. Крысціна Кох, якая з гонарам абвясціла сябе «касмічным сантэхнікам», з дапамогай цэнтра кіравання палётамі (ЦКП) адрамантавала яго. Аказалася, помпу недастаткова залілі вадой.

Але хутка з'явілася другая праблема. У адрозненне ад МКС, дзе сцёкі перапрацоўваюцца ў замкнёнай сістэме, на Orion вадкія адходы перыядычна скідваюць проста за борт у адкрыты космас – экіпаж здымаў на відэа, як бліскучыя часцінкі плывуць за акном. Адзін з такіх скідаў спыніўся – NASA падазравала, што лёд заблакаваў вентыляцыйную фарсунку. Экіпажу загадалі не карыстацца туалетам для малой патрэбы. «Copy, we are ‘no go’ for toilet"», – пацвердзіла Кох.
Бак для мачы ў капсуле, дарэчы, памерам з невялікі офісны кошык для смецця, таму шмат не назбіраеш. Для гучных спраў дазвол заставаўся, бо там адходы збіраюцца ў герметычныя пакеты. А для малой патрэбы была рэзервовая сістэма – так званыя Collapsible Contingency Urinals, доўгія кантэйнеры-трубкі.

Праблема з лёдам у касмічных туалетах – штука не новая. Экіпаж шатла STS-41-D у 1984-м мусіў карыстацца запаснымі пакетамі, калі лёд нарос на форсунцы. Тады яго збілі маніпулятарам шатла.
Для Artemis II NASA прыдумала прасцейшае рашэнне: развярнулі Orion так, каб фарсунка туалета "пяклася" на сонцы некалькі гадзін і лёд растаў. Спрацавала. У суботу ўвечары ЦКП нарэшце абвясціў: "Навіна дня – вы маеце дазвол на ўсе тыпы выкарыстання туалета". 🥳
А яшчэ, прыемна ведаць, што нават за межамі нашага свету ўсе аднолькава пакутуюць ад некампетэнтнасці Microsoft – у астранаўтаў не працаваў паштавік Outlook. 😁 Апроч таго місія запомніцца раптоўным, незапланаваным, але ад таго яшчэ больш легендарным продакт-плэйсментам нутэлы... Пайду чаго намажу на батон. 🤔


Пакуль мы далёка не адыйшлі ад касмічнай тэматыкі, вось вам Cosmic Odometer – інтэрактыўны касмічны адометр, які лічыць, колькі кіламетраў ты пралятаеў праз космас з моманту нараджэння. Уводзіш дату і бачыш, як складаецца твой «прабег»: кручэнне Зямлі, арбіта вакол Сонца, рух Сонечнай сістэмы і галактычны дрыфт. У мяне амаль трыльён кіламетраў за 36 гадоў. Біты і крашаны (нядаўна ўпершыню паспрабаваў замаляваць сівізну на барадзе 🥲). Ніякіх акаўнтаў, усё лічыцца лакальна ў браўзеры, плюс ёсць прыгожая 3D-візуалізацыя спіральнага руху Зямлі праз Млечны Шлях. Ідэальны сайт, каб адчуць сябе касманаўтам, не ўстаючы з канапы.

Google дадаў у Chrome вертыкальныя ўкладкі – функцыю, якую карыстальнікі Arc, Zen, Edge і Vivaldi маюць ужо гадамі. Правы клік па панэлі ўкладак → «Show Tabs Vertically» – і ўсё. Я як чалавек, які перасеў спачатку на Arc, а цяпер на Zen, магу толькі сказаць: вітаю ў клубе, хромаўцы. Вы спазніліся на некалькі гадоў, але лепш позна.
Чаму вертыкальныя ўкладкі проста лепш? Справа ў экранах. Амаль кожны сучасны манітор – шырокі, гарызантальны. А вэб-старонкі – вертыкальныя. Месца зверху і ўнізе каштоўнейшае, чым месца злева і справа направа. Калі ўкладкі збоку, яны вяртаюць табе вертыкальную прастору.
І ёсць яшчэ адна рэч, пра якую мала хто гаворыць: назвы. Адкрый 12 гарызантальных укладак – убачыш тры літары ад кожнай. Адкрый 25 – толькі іконкі. З вертыкальнымі ўкладкамі на тым жа экране відаць поўныя назвы 20+ укладак адразу.


Выхад гэтага тэксту спансіравалі:
Магнаты: mova.how, Dzmitry Sudnik, himik94, Alexey Gulev, Aleś, aliaksei, Jaŭhien Baranoŭski, VentelD, Marmol, Ivan Yanchuk, Hieorhij Puhačoŭ, Vozhyk, Aliaksei Adamovich, Siarhei Mukhin, Aliaksandr Tsitkou, Aleś Karoza; і патроны: Randomname, Aliaksey Kandratsenka, Alena Н., Aliaksiej Homza, Nicolai Grodzitski, Піля, Aliaksandr Limantau, Tsimafei Akudovich, Mikita, Hvedar, Maateusz, Kri69, GM, Heorhi Raik, Mikita, Kiryl, Aliaksandr Smirnou, Aleś z-pad Miensku, Taćciana, Georgij Smirnov, Ant, riderXIII, Ina Reichspalm, A.S., Uladzislau Lapko, Nadzeya, Fancord.
ПадтрымацьКалі вы карыстаецеся тэрміналам кожны дзень, то ў нейкі момант пачынаеце звяртаць увагу на дробязі. Як хутка ён стартуе, як выглядае, ці не трэба гадзіну калупацца ў канфігу, каб змяніць шрыфт.
Ghostty – адносна новы тэрмінал для Linux і macOS. Галоўная фішка для мяне – спліт скрын. Адно акно, некалькі падзеленых панэляў, кожная з уласнай сесіяй. Як у Kitty (ад якога Ghostty шчодра пазычыў ідэй), толькі ўсё гэта працуе праз натыўны UI платформы з GPU-паскарэннем. Я наладзіў яго пад каляровую схему свайго сайта. З дапамогай Claude Code заняло хвілін пяць.

Why Do Humanoid Robots Still Struggle With the Small Stuff? – Quanta Magazine
Tesla закрывае лінейкі электракараў дзеля робатаў Optimus, стартапы прадаюць андроідаў-дварэцкіх, а даследчыкі з Boston Dynamics і Agility Robotics сціпла прызнаюць: іхнія флагманскія робаты дагэтуль не могуць надзейна адолець лесвіцу.
Тут варта ўспомніць і Яна Ле Куна, які пад чарговым эфектным відэа робата з сальтухамі і каратэ нагадаў: усе гэтыя рухі цалкам запраграмаваныя загадзя, у ідэальна вядомым статычным асяроддзі. А сапраўдныя складанасці – успрыманне, прагназаванне дынамічнага свету, узаемадзеянне з рэальнымі аб'ектамі – усё яшчэ нявырашаныя. Таму нават простая маніпуляцыя рукамі застаецца адкрытай праблемай.
Вельмі цвярозы тэкст пра тое, колькі хайпу і колькі рэальнасці ў «рэвалюцыі гуманоідаў».
My Quest to Solve Bitcoin's Great Mystery – The New York Times
Журналіст NYT спрабуе разгадаць адну з вялікіх загадак тэхнасвету: хто стаіць за псеўданімам Satoshi Nakamoto. Сляды вядуць да Адама Бэка – брытанскага крыптографа, які на камеру HBO адмовіўся ад любых сувязяў з біткоінам. Ці гэта доказ? Не. Ці гэта захапляльнае чытво? Абсалютна так.
Brian Cox: The terrifying possibility of the Great Filter – YouTube
Мільярды зорак, трыльёны планет — і нуль доказаў іншага разумнага жыцця. Браян Кокс разбірае гіпотэзу Вялікага Фільтра: магчыма, мы адзіныя, хто дайшоў гэтак далёка. А магчыма наш фільтр яшчэ наперадзе. Не тое відэа, якое варта глядзець перад сном, але менавіта тое, пра якое будзеш думаць наступныя тры дні.
Дзякую за вашую ўвагу. Пабачымся зусім хутка ў Відзіку! 👋