172 тысячы чалавек адначасова гулялі ў Forza Horizon 6 на Steam. Толькі на Steam. Без уліку Xbox. І гэта яшчэ да афіцыйнага рэлізу 19 мая.
За такую магчымасць гэтыя людзі ў горшым выпадку заплацілі 140 еўра, калі куплялі Premium Edition у Ізраілі, 122 еўра ў Польшчы, 95 еўра ў Казахстане і 72 еўра на тэрыторыі СНД. Ва ўсіх гэтых выпадках цана амаль удвая большая за кошт стандартнага выдання. І ўсё дзеля таго, каб атрымаць гульню на чатыры дні раней.
Чатыры. Дні.
Геймеры, вы ёбнуліся?
Сёння пагаворым пра рэкордны старт Forza Horizon 6, пра тое, як індустрыя прывучыла нас плаціць за магчымасць не чакаць, пра тое, якой атрымалася новая Forza Horizon 6, гэтая GTA ад свету аўтамабільных гонак, і ці варта яна ўвагі з тэхнічнага боку.
Давайце спачатку пра лічбы, бо яны сапраўды ашаламляльныя. Forza Horizon 5 на піку мела 81 тысячу адначасовых гульцоў на Steam. Гэта быў поўны рэліз: усе версіі, усе цэны. Forza Horizon 6 перабіла гэты рэкорд яшчэ да таго, як гульня стала даступнай звычайным пакупнікам. 172 тысячы на Steam, і гэта выключна людзі з Premium Edition за 120 еўра або падпісчыкі Game Pass, якія дакупілі Premium Upgrade за 60 еўра.
Калі зрабіць грубую арыфметыку і памножыць пікавы анлайн на кошт Premium Edition, атрымліваецца каля 20 мільёнаў долараў толькі на Steam за адзін дзень. І гэта без уліку Xbox, Microsoft Store і ўсіх астатніх платформаў.
Тут варта пагаварыць пра слана ў пакоі: paid early access, або платны ранні доступ.
Гэта ўжо не новая з’ява. Starfield, Diablo IV, Mortal Kombat 1, Avowed, Doom: The Dark Ages — усе гэтыя гульні прапаноўвалі заплаціць больш, каб пагуляць на некалькі дзён раней. Але з кожным годам гэта ўсё больш нармалізуецца, і Forza Horizon 6 паказвае, наколькі паспяхова такая мадэль працуе.
Абяцанка запусціць цябе ў гульню на пару дзён раней — геніяльная маркетынгавая вынаходка выдаўцоў.
Чалавек, які вынайшаў гэтую схему, такуууую прэмію атрымаў…
Так, я ўжо даўно мусіў прызвычаіцца да факту, што эра адзінай даты рэлізу скончылася. Цяпер у гульняў некалькі дат рэлізу, у залежнасці ад таго, колькі ты гатовы заплаціць.
Test Drive Unlimited Solar Crown у свой час пайшла яшчэ далей: два ўзроўні ранняга доступу ў залежнасці ад версіі. Дзве розныя даты рэлізу для адной гульні. Ёсць срэбная версія — гуляеш на два дні раней. Ёсць залатая — на сем дзён. Прагрэс.
Па сутнасці, гэта штучная затрымка рэлізу. Гульня гатовая. Яна прайшла сертыфікацыю. Яна працуе. Але для цябе яна выходзіць 19 мая, а для чалавека з больш тоўстым гаманцом — 15-га.
Гэта не ранні доступ для тых, хто плаціць больш. Гэта позні доступ для тых, хто заплаціў стандартную цану. І проста грошы з паветра для выдаўцоў.
Добра гэта ці кепска? Для мяне як для геймера, пэўна, кепска. Бо чым больш паспяховых падобных выпадкаў, тым шырэй будзе распаўсюджвацца такая практыка. Не здзіўлюся, калі для GTA VI, якая выходзіць гэтай восенню, мы таксама пабачым які-небудзь платны доступ за пару дзён да афіцыйнага рэлізу.
З іншага боку, у мяне няма FOMO, страху нешта прапусціць. Канешне, калі сядзець у сацсетках, то будзеш пачувацца як кот, што глядзіць на кумпяк пад столлю паветкі і аблізваецца. Геймінг найлепш працуе, калі ўсе пачынаюць адначасова: разам шукаюць сакрэты, разам смяюцца з мемаў, разам абмяркоўваюць першыя ўражанні.
Калі ты дзеліш гульцоў на тых, хто заплаціў больш, і тых, хто не, ты разбіваеш гэтую агульную магію.
Але ёсць і аргументы «за». Распрацоўка гульняў каштуе ўсё больш, а спажыўцы вельмі адчувальныя да росту цэнаў. Дадатковы даход ад энтузіястаў, якія і так купілі б дэлюкс-версію, дапамагае трымаць базавую цану на прымальным узроўні замест далейшага павышэння.
І, у рэшце рэшт, ніхто цябе не прымушае. Чакай чатыры дні і гуляй за стандартную цану. Ці ўвогуле гуляй праз Game Pass.
Але факт застаецца фактам: 172 тысячы чалавек на адным толькі Steam вырашылі, што чатыры дні вартыя 120 еўра. І менавіта таму гэтая практыка нікуды не дзенецца.
А цяпер пра саму гульню. Бо яна таго вартая.
Чацвёрты раз запар Metacritic выводзіць гульні з серыі Forza Horizon вышэй за дзевяноста балаў. Чацвёрты раз запар гульнявая індустрыя кажа: «Ну, Playground Games зноў усіх перамаглі». І чацвёрты раз запар ты пытаешся: а ці ёсць ім з кім агулам змагацца? Ці яны змагаюцца з сабой з мінулага?
І вось тут я не ўпэўнены, што перамагчы атрымалася. Бо, гледзячы на першыя ўражанні ад новай Forza, узнікае пытанне: а ці мяняюць яны наогул хоць нешта?
У гэтым міні-Відзіку хуценька пагаворым пра рэліз Forza Horizon 6, яе японскі сэтынг, тэхнічныя дасягненні на ПК і пра тое, чаму Digital Foundry адначасова ў захапленні і ў расчараванні.
Японія, нарэшце
Forza Horizon 6 афіцыйна выйшла 15 мая для ўладальнікаў Premium Edition. Тыя, хто заплаціў 120 долараў або 120 еўра, атрымалі чатыры дні ранняга доступу. Астатнія пачалі 19 мая, прычым гульня адразу з’явілася ў Game Pass Ultimate і PC Game Pass. Стандартная версія каштуе 70 долараў або 70 еўра. І так, PlayStation 5 таксама атрымае сваю версію, але пазней у гэтым годзе. Microsoft, здаецца, ужо разумее, што яшчэ больш грошай можа ляжаць па-за экасістэмай Xbox.
Галоўная навіна — сэтынг. Упершыню за гісторыю серыі Horizon фестываль прыязджае ў Японію. Токіа, сельская мясцовасць, горныя серпанціны — усё тое, пра што фанаты прасілі гадамі.
Playground Games зрабілі тое, што яны робяць найлепш: узялі рэальную геаграфію і спрасавалі яе ў кампактны, але разнастайны адкрыты свет. Як заўсёды, гэта не рэкрэацыя Токіа адзін да аднаго. Вуліцы шырэйшыя, натоўпаў менш, машын на дарогах таксама менш. Затое ўсё густа набіта рознымі біёмамі: гарадская забудова, храмы, рысавыя палі, гушчарныя лясы і, натуральна, тоґэ — звілістыя горныя дарогі, якія сталі сімвалам японскай аўтакультуры.
Тэхнічная магія на ПК
Перайдзём да таго, што сапраўды хвалюе тэхнагікаў: да графікі. І тут трэба адразу размежаваць: на ПК і на кансолях гэта, па сутнасці, дзве розныя гульні. Менавіта гэта адзначаюць тэхнічныя адмыслоўцы з Digital Foundry.
На ПК Forza Horizon 6 упершыню атрымала паўнавартасны рэйтрэйсінг. У папярэдняй частцы ён абмяжоўваўся адлюстраваннямі на кузаве тваёй уласнай машыны — і ўсё. Цяпер Playground дадалі ray-traced global illumination, або RTGI, сістэму, якая дадае рэалістычнае распаўсюджванне святла і тонкія цені.
Машыны выглядаюць так, быццам яны сапраўды стаяць у гэтым свеце, а не наклееныя зверху. Але галоўны вау-эфект — гэта рэйтрэйсінг-адлюстраванні. Будынкі Токіа люстэркава адбіваюцца ў лакавым пакрыцці тваёй машыны, замяняючы старыя кубмапы і ненадзейныя screen-space reflections. Машыны адлюстроўваюцца адна ў адной, вада на вясковых дарогах выглядае натуральна. Гэта рэальны крок наперад.
Зразумела, за ўсё гэта трэба плаціць вылічальнай магутнасцю. Максімальныя налады з поўным рэйтрэйсінгам патрабуюць топавага жалеза. Але ёсць апскейлінг і генерацыя кадраў, таму не ўсё так страшна.
Вось што сапраўды парадавала аглядальнікаў: Playground нарэшце дадалі live preview графічных налад. Ты мяняеш параметры і бачыш вынік адразу, без перазагрузкі гульні. У Forza Horizon 5 даводзілася перазапускаць гульню пасля кожнай змены. Цяпер усё ў рэальным часе. Гэта вельмі файны quality of life.
А вось на Xbox сітуацыя іншая, але таксама добрая. У рэжыме прадукцыйнасці на Series X гульня трымае 4K з дынамічным маштабаваннем і ідэальныя 60 кадраў у секунду. Digital Foundry не зафіксавалі ніводнага прасядання. Series S працуе ў 1080p, губляе дэталі на адлегласці, але таксама трымае стабільныя 60 fps.
У рэжыме якасці на 30 fps кансолі атрымліваюць невялікі кавалачак рэйтрэйсінгу: адлюстраванні на кузаве машын, як было ў пяцёрцы на ПК. Але поўнамаштабных рэйтрэйсінг-адлюстраванняў навакольнага свету тут няма. Кансолі выкарыстоўваюць мікс кубмап і SSR, які працуе нядрэнна, але не заўсёды кансістэнтна.
Ацэнкі: 90+ балаў і знаёмыя пытанні
Што датычыцца крытычных ацэнак, Forza Horizon 6 набрала каля 90+ балаў на Metacritic і стала адной з найлепш ацэненых гульняў 2026 года на дадзены момант. Крытыкі хваляць японскі сэтынг, візуалы, кіраванне, вялізны адкрыты свет і больш за 550 машын.
Але да такіх безумоўна выдатных адзнак я стаўлюся скептычна. Не вельмі разумею, як настолькі высокія балы можна ставіць чарговай гульні ў серыі, у якой, гледзячы па ўсім, не адбылося ніякай заўважнай рэвалюцыі па-за тэхналогіямі.
Крытыка ёсць, і яна паўтараецца ад рэцэнзіі да рэцэнзіі. Формула стала прадказальнай. Шосты раз ты прыязджаеш на фестываль, шосты раз збіраеш машыны, шосты раз адчуваеш сябе рок-зоркай за рулём.
І тут зноў узнікае пытанне: наколькі доўга серыя можа ехаць па тых самых адпаліраваных рэйках, не ператвараючыся ў руціну? Токіа можа выглядаць прыгожа, але занадта пустыя шырокія вуліцы без характэрнага гарадскога руху могуць ствараць не эфект мегаполіса, а эфект апакаліпсісу. А фестываль у Японіі ў многім выкарыстоўвае тую ж прэзентацыю, што і мексіканскі ў пяцёрцы.
Forza Horizon — гэта, бадай, адзіная серыя, якая стабільна набірае 90+ балаў, і пры гэтым я кожны раз чую адны і тыя ж заўвагі: «занадта знаёма», «формула не змянілася».
І тым не менш: 90+ балаў, адна з лепшых гульняў года, рэкордны пік гульцоў. Можа, справа ў тым, што Playground Games проста дасканала адшліфавалі свой рухавік і свой падыход, каб нават стагнацыя выглядала як дасканаласць? Калі твая «формула без зменаў» стабільна добрая, гэта праблема ці суперсіла?
Шмат якія фанаты серыі Horizon адзначаюць, што гэта лепшая гоначная гульня для людзей, якія звычайна не любяць гоначныя гульні. Гэта ў тым ліку і пра мяне. Апошняя гоначка, па якой я па-сапраўднаму фанацеў, была Need for Speed: Most Wanted. Далей мне ўжо было нецікава, і я не магу назваць сябе фанатам гоначнага жанру.
Але гульні Horizon робяць для мяне тое, чаго не робяць астатнія. Яны могуць мяне зацягнуць. Мне падабаецца там гойсаць. Мне падабаецца рэжым умоўнай каралеўскай бітвы The Eliminator.
Але мой прагрэс у кожнай новай Horizon з цягам часу прымушае мяне даволі хутка губляць цікавасць. Лічы, толькі пачаў, а ўжо рассякаеш па аўтабанах на топавым аўтамабілі. У гэтай частцы абяцаюць, што сістэма прагрэсіі будзе больш складанай і гульня не будзе закідваць цябе топавымі тачкамі проста за факт твайго існавання.
А пакуль, калі ў цябе ёсць Game Pass і шэсцьдзясят еўра на Premium Upgrade, ты ўжо можаш ганяць па Токіа. Усе астатнія — да сустрэчы 19 мая.
Ну, або на PlayStation. Калі-небудзь пазней.