У 80-м выпуску падкаста «Відзік» Віталь Аляхновіч і Яўген Рудзі абмяркоўваюць буйныя ўцечкі і анонсы гульнявой індустрыі. Разбіраемся, што паказала ранняя версія DLSS 5, чаго чакаць ад GTA VI, навошта зноў перавыдаюць «Ведзьмара 3» і якія гульні прывезлі на Gamescom 2026.
У гэтым выпуску
- DLSS 5 уцякла ў інтэрнэт. Новую тэхналогію Nvidia знайшлі ў файлах NBA 2K27 і прымусілі працаваць у іншых гульнях — ад Control і Final Fantasy VII Rebirth да рэмайстра GTA: San Andreas. Вынікі атрымаліся спрэчнымі: твары сталі больш фотарэалістычнымі, але часта губляюць задуманы мастакамі выгляд, а прадукцыйнасць прыкметна падае. Мы нагадваем, што гэта непадрыхтаваная версія, аптымізаваная пад адну гульню, таму меркаваць пра фінальную якасць DLSS 5 пакуль рана.
- Уцечкі і афіцыйны паказ GTA VI. Абмяркоўваем стары білд гульні, які, імаверна, трапіў да хакера, новыя геймплэйныя ролікі і вяртанне шасцізоркавага ўзроўню вышуку. Асобную ўвагу аддаём неверагоднай дэталізацыі свету, разнастайнасці NPC і спробе Rockstar зрабіць горад больш жывым і рэалістычным. Галоўнае пытанне — ці не страціць GTA частку сваёй ідэнтычнасці, калі імерсіўнасць і сур’ёзная рэакцыя паліцыі абмяжуюць звыклы вулічны хаос.
- Навошта хакер злівае GTA VI. Яго барацьба з карпарацыямі выглядае менш высакародна на фоне прасоўвання ўласнай крыптавалюты і заробку на цікаўнасці да чужой працы. Мы не падтрымліваем публікацыю незавершанай гульні і раім не спампоўваць нібыта ўцеклыя білды з торэнтаў: замест GTA там лёгка атрымаць шкоднае праграмнае забеспячэнне. Заадно разважаем, чаму GTA VI стане масавым хітом не толькі сярод захопленых геймераў, але і сярод людзей, якія купляюць усяго некалькі самых вядомых гульняў.
- A Plague Tale: Resonance — больш экшну, менш трагедыі. Спін-оф і прыквел распавядае пра маладую Сафію, якая шукае адказы пра сваё мінулае на востраве Мінатаўра. Замест пастаяннага ўцёку і маніпуляцый з пацукамі гульня прапануе больш блізкага бою, парыраванняў і простых галаваломак. Візуал і аптымізацыю хваляць, але гісторыю лічаць слабейшай за драму Аміцыі і Гуга, а высокі кошт робіць версію ў Game Pass больш прывабнай.
- Новае жыццё «Ведзьмара 3». На Gamescom нечакана анансавалі яшчэ адзін маштабны рэмайстар з палепшаным асвятленнем, трасіроўкай прамянёў, абноўленымі баямі, перамяшчэннем, паводзінамі Плоткі і штучным інтэлектам монстраў. Абнаўленне абяцаюць зрабіць бясплатным, у тым ліку для дадаткаў «Каменныя сэрцы» і «Кроў і віно». Абмяркоўваем таксама новы дадатак пра прыгоды Геральта на радзіме Люціка і тое, як CD Projekt Red рыхтуе аўдыторыю да рэмэйка першага «Ведзьмара» і чацвёртай часткі серыі.
- Star Wars: Zero Company — XCOM у далёкай-далёкай галактыцы. Пакрокавая тактыка пра атрад наймітаў на зыходзе Вайны клонаў робіць стаўку не толькі на глыбокія баі, але і на прапісаных герояў, да якіх гулец паспявае прывязацца. Крытыкі высока ацанілі гісторыю, атмасферу і візуальную частку, а пікавы анлайн аказаўся вельмі моцным для гэтага жанру. Галоўная праблема ПК-версіі — прадукцыйнасць, завісанні і памылкі ў паводзінах байцоў.
- Рэмэйк Heroes of Might and Magic III. Ubisoft пераносіць культавую стратэгію ў 3D на рухавіку Snowdrop, захоўваючы знаёмы геймплэй, hot seat, сеткавую гульню і рэдактар карт. У камплект адразу ўвойдуць «Клінок Армагедона» і «Подых смерці», а таксама падтрымка старых карыстальніцкіх карт. Разважаем, ці не перашкодзіць рэмэйк Heroes of Might and Magic: Olden Era і ці захочуць даўнія фанаты пераходзіць з любімай двухмернай версіі.
- Exodus атрымала дату рэлізу. Навукова-фантастычная RPG ад ветэранаў BioWare вельмі нагадвае Mass Effect, але будуе сваю галоўную механіку вакол рэлятывісцкага запаволення часу. Для героя касмічная місія можа заняць некалькі тыдняў, а дома за гэты час пройдуць гады — таму наступствы сюжэтных рашэнняў можна будзе ўбачыць у маштабе цэлых пакаленняў. Нас прывабліваюць касмічныя падарожжы, артэфакты і тактычныя баі, але насцярожваюць стылізаваныя твары герояў, стрыманая колеравая палітра і рызыка атрымаць занадта шмат падлеткавай «серыяльшчыны».
А яшчэ гаворым пра выкарыстанне iPhone замест вэб-камеры, магчымую восеньскую лінейку новых айфонаў і складную мадэль коштам больш за дзве тысячы долараў.