Віталь Аляхновіч і Яўген Рудзі разбіраюцца, адкуль узялася хваля дэкампіляцыі старых гульняў і ці дапаможа штучны інтэлект вызваліць кансольныя эксклюзівы. Абмяркоўваем бясплатных канкурэнтаў Adobe, спрачаемся пра патрэбнасць Apple Home і збіраем гульнявыя навіны. Напісаць софт становіцца прасцей — засталося навучыцца рабіць яго добрым.
У гэтым выпуску
- Дэкампіляцыя, рэкампіляцыя і новае жыццё старых гульняў. Ад Super Mario 64 і GoldenEye 007 да Modern Warfare 2: як праца энтузіястаў, агульныя інструменты і ШІ-агенты паскараюць перанос гульняў на іншыя платформы. Чаму навіна пра адноўлены код яшчэ не азначае гатовы порт і як агенты часам хітруюць, каб прайсці праверку.
- Штучны інтэлект адбірае не толькі працу, але і хобі. Што застаецца чалавеку, калі аўтаматызуецца яго любімы занятак? Разважаем пра задавальненне ад працэсу, гульні без выклікаў і будучыню ручной працы — з нечаканым прыкладам драўлянага кола з хутара.
- Клоны Adobe і праблема апошніх «80 працэнтаў». Абмяркоўваем стварэнне праграмаў паводле апісання іх функцыянальнасці, бясплатныя альтэрнатывы Photoshop і Premiere Pro ды розніцу паміж эфектнай дэманстрацыяй і надзейным працоўным інструментам. Заадно спрачаемся, ці прымусіць новая канкурэнцыя вытворцаў софту перагледзець падпіскі і стаўленне да карыстальнікаў.
- Рэмейкі і рэмастэры ў эпоху ШІ. Ці падвысяць аматарскія порты патрабаванні да афіцыйных перавыданняў? Дзе аўтаматызацыя можа дапамагчы, а дзе атрымліваюцца толькі хуткасць, эканомія і дзіўныя твары пасля апскейлінгу.
- Guns of Eсhaton і беларуская лакалізацыя. Рудзі вяртаецца да ўражанняў ад дэма змрочнага вестэрна, расказвае пра абвешчаную дату выхаду і тлумачыць, чаму блізкі рэліз выклікае ў яго пэўную занепакоенасць.
- GTA VI: маштаб распрацоўкі і чаканне ПК-версіі. Абмяркоўваем матэрыял Джэйсана Шраера пра Rockstar: працу над NPC, перапрацоўкі, рэакцыю каманды на ўцечку і бюджэтныя чуткі. Асобна — здагадкі пра тое, калі гульня можа дабрацца да камп’ютараў.
- Apple Home: каму патрэбны яшчэ адзін экран? Разбіраем паказаныя хатнія прылады, іх абмежаванні і сцэнары выкарыстання. Віталь бачыць дарагі і недарэчны гаджэт, Рудзі спрабуе знайсці яму месца ў сям’і, а прыгадваецца чамусьці маленькая плазма Майкла Скота з «Офіса».
- Silver Pines і Boltgun 2. Звяртаем увагу на змрочную сумесь хорару і метроідваніі ды абмяркоўваем працяг рэтрашутара ў сусвеце Warhammer 40,000: другога персанажа, больш зразумелыя ўзроўні і знаёмую формулу страляніны.
А яшчэ — Віталеў досвед экзамену па польскай мове на B1, прыгожыя, але няпростыя загадкі Machinarium, мабільны REPLACED і беларуская мова як люксавая трата токенаў.