19 лістапада 2026 года ў адзін дзень выйшла GTA 6 і адбылося IPO Anthropic, найбуйнейшае ў гісторыі. Праз тыдзень рынак ужо пытаецца не «ці ёсць ШІ-бурбалка», а «ці не лопае яна проста цяпер». Адна з галоўных прычын — сыход Джэнсэна Хуанга з Nvidia. У новым выпуску тэхнавукі беларускі тэхнаблогер Віталь Аляхновіч разбірае, што адбылося на біржы, што насамрэч стаіць за заявай пра доказ гіпотэзы Рымана з дапамогай Claude і чаму будучыня з дронамі над галавой аказалася такой гучнай.

У гэтым выпуску:

  • GTA 6 як культурны феномен. Па афіцыйных даных, за першыя суткі прададзена 32,5 мільёна копій на каля 4 мільярдаў долараў. Па ацэнках аналітыкаў, у дзень рэлізу каля паўтара мільёна амерыканцаў узялі бальнічны. Гульня, якую чакалі 13 гадоў, даўно выйшла за межы геймінгу.
  • IPO Anthropic. Стваральнік мадэляў Claude прадаў 980 мільёнаў акцый па 83 долары і прыцягнуў каля 80 мільярдаў. Гэта больш, чым летняе IPO SpaceX. Кампанію ацанілі прыкладна ў 1,5 трыльёна, хоць яна мае 104 мільярды чыстай страты, а Goldman Sachs чакае дадатнага грашовага патоку не раней за 2030 год.
  • Салют, які згас. На адкрыцці акцыі выраслі на траціну, і на нейкі момант кампанія каштавала больш за 2 трыльёны. Але ў той жа дзень S&P 500 страціў 2 %, а назаўтра Nasdaq упаў больш чым на 4 %. Грошы ходзяць па коле: Nvidia купляе акцыі Anthropic, а Anthropic купляе чыпы Nvidia.
  • Nvidia без Хуанга. Высветлілася, што ў Хуанга быў раман з былой топ-менеджаркай сінгапурскай Megaspeed, якую амерыканскія спецслужбы падазраюць у працы на кітайскую разведку. Потым выплыў другі раман, з падначаленай віцэ-прэзідэнткай. Заснавальнік сышоў з усіх пасад пасля 33 гадоў на чале кампаніі. Акцыі страцілі 14 % за пятніцу і каля 40 % за месяц, і падаюць сем тыдняў запар — так доўга яны не падалі з 2008 года.
  • Кампанія аднаго чалавека. Ілан Маск напісаў, што дамовы Хуанга на пастаўкі чыпаў часта трымаліся на поціску рукі. Паводле крыніц [Wired], савет дырэктараў даўно не задавальняла непразрыстасць Хуанга. Бухгалтэрыяй Nvidia зацікавілася SEC, і зноў усплылі інвестыцыі кампаніі ва ўласных кліентаў.
  • Міф пра геніяльнага тырана. The New York Times апісала, як Хуанг кіраваў праз публічнае прыніжэнне. Пры гэтым тысячы супрацоўнікаў падпісалі петыцыю за яго вяртанне.
  • Гіпотэза Рымана і Claude. Матэматык Левент Альпёге (Levent Alpöge) заявіў, што разам з Claude знайшоў доказ гіпотэзы Рымана і яе абагульненай версіі. У выпуску: што такое адна з сямі задач тысячагоддзя, пры чым тут простыя лікі і чаму 17 мільёнаў радкоў кода на Lean — яшчэ не доказ, які матэматык можа прачытаць. Таксама пра тое, як ідзе праверка (кампіляцыя, незалежныя версіі Lean, кампаратар), і пра крытыку Максіма Радзівіла (Maksym Radziwiłł).
  • Чалавечы доказ у той самы дзень. Прэзідэнт Амерыканскага матэматычнага таварыства Раві Вакіл (Ravi Vakil) апублікаваў 940-старонкавы рукапіс стэнфардскага постдока Алясандра Мазула. Гэта доказ абагульненай гіпотэзы Рымана без штучнага інтэлекту. Некалькі месяцаў яго чытаў Браян Конрад (Brian Conrad).
  • Дроны Amazon над Батан-Ружам. 36-кілаграмовыя дроны Prime Air, дрон над галавой кожныя 2–5 хвілін і заяўка ў FAA на тысячу палётаў у дзень. Будучыня з фантастычных фільмаў наступіла, і яна вельмі гучная.
  • Voyager 1 за адзін светлавы дзень ад Зямлі. 18 лістапада зонд, запушчаны ў 1977 годзе, адляцеў на каля 26 мільярдаў кіламетраў. Ніводзін рукатворны аб'ект яшчэ не быў так далёка. Але з 14 лістапада ён перадае толькі нясучы сігнал, і ў NASA пакуль не ведаюць чаму.

А яшчэ ў выпуску: Ёсць пытанне, ці мае Максім Радзівіл дачыненне да Нясвіжа і Міра, і ўрывак з беларускай агучкі «Космасу» з Нілам Дэграсам Тайсанам.

Тэмы: GTA 6, Grand Theft Auto VI, Rockstar, Anthropic IPO, Claude, Nvidia, Джэнсэн Хуанг (Jensen Huang), Megaspeed, ШІ-бурбалка, SEC, гіпотэза Рымана (Riemann hypothesis), Lean, Amazon Prime Air, Voyager 1, Карл Саган, Golden Record.