Віталь Аляхновіч і Яўген Рудзі абмяркоўваюць, як штучныя інтэлекты дапамагаюць гульням загаварыць па-беларуску і дзе ім усё яшчэ патрэбны чалавек. Згадваюць любімыя RPG ад BioWare, спрачаюцца пра знешнасць героя Exodus, разбіраюць гісторыю з экранамі складных iPhone і прыглядаюцца да Phantom Blade Zero. А яшчэ знаходзяць гульню, дзе ўвесь свет чакае сваёй чаргі да аднаго персанажа.

У гэтым выпуску

  • Беларуская лакалізацыя за некалькі гадзін. Віталь дзеліцца досведам перакладу Silver Pines з дапамогай ШІ: ад здабывання тэкстаў і складання гласарыя да дадання «ў» у шрыфты і перакладу шыльдаў з захаваннем іржы. Згадваем таксама Esoteric Ebb, Clair Obscur: Expedition 33, Pony Island і Dispatch — і разбіраемся, чаму гатовы машынны пераклад яшчэ не азначае скончаную лакалізацыю.
  • Хто будзе рэдагаваць і як данесці пераклады да гульцоў? Спрачаемся, ці перашкаджаюць машынныя пераклады прафесійным, калі аматарскую лакалізацыю могуць прыняць распрацоўшчыкі і хто будзе падтрымліваць яе пасля абнаўленняў. Прыдумляем лончар беларускіх перакладаў, згадваем пераклад з экрана і атрымліваем ад чата ўдакладненне пра беларускую перакладчыцкую супольнасць.
  • BioWare: любімыя RPG і размова пра канец студыі. Абмяркоўваем паведамленні пра закрыццё BioWare і лёс наступнай Mass Effect, няўдачы Andromeda, Anthem і The Veilguard, новых уладальнікаў EA і патрабаванні інвестараў. Успамінаем Neverwinter Nights, Dragon Age: Origins і першую трылогію Mass Effect — гульні, якія падарылі сотні гадзін і столькі ж нагодаў прывязацца да выдуманых персанажаў.
  • Exodus і герой, якому зноў перарабілі твар. Разглядаем новы выгляд галоўнага персанажа патэнцыйнага спадкаемцы Mass Effect. Спрабуем зразумець, на каго разлічаны гэты дызайн і для каго ўвогуле цяпер робяць дарагія гульні. Не выключаем, што частка нашых прэтэнзій — звычайная зайздрасць да чужых валасоў.
  • Складны iPhone і дарагія трэшчыны. Разбіраем гісторыю з пашкоджанымі экранамі iPhone Duo, абмяркоўваем магчымую праблему шарніра і тое, ці можа яна абярнуцца праграмай заменаў. Згадваем ранейшыя прыгоды Apple з антэнамі і спрабуем адрозніць брак асобных прылад ад праблемы самой канструкцыі.
  • Phantom Blade Zero: кунг-фу, прыгожыя бойкі і пытанні да сюжэта. Абмяркоўваем перадрэлізныя агляды, тлумачым, што такое ўся і кунг-фу-панк, і разбіраемся, чым гульня адрозніваецца ад соўлслайкаў. Разнастайная зброя і хуткія баі прывабліваюць, а тэатральныя персанажы, падача гісторыі і заўвагі да босаў прымушаюць прыгледзецца ўважлівей. Рубрыка «не гулялі — абмяркоўваем» працуе напоўніцу.

А яшчэ — бясплатная Jono, у якой кожнаму даюць толькі хвіліну кіравання, петыцыя за выратаванне Mass Effect, кароткая згадка рэмайстра The Wolf Among Us і «Адысея», згенераваная Grok: ці атрымалася ў Ілана Маска пазмагацца з Ноланам?