👋 Вітаю, шаноўныя!
Я вяртаюся. Пасля доўгага перапынку і не адзін: у "відзік" вярнуўся Рудзі, а разам з ім вярнулася і тая самая форма, якую падкаст меў год таму. Для часткі з вас гэта, падазраю, лёгкі шок. Вы прыйшлі ў той момант, калі я вёў "відзік" сам-насам з мікрафонам, і ведаеце зусім іншую перадачу – больш павольную, больш задуменную, з доўгімі развагамі пра тое, куды ўсё коціцца.
Дык вось: тая перадача нікуды не знікла. На гэтым тыдні дэбютуе відэакаст "Бу-бу-будучыня" – там сустрэнуцца той самы адзіночны "відзік" і "тэхнавука", адзін з маіх старых падкастаў. Тэхналогіі, навука і спроба зразумець, што з усяго гэтага сапраўды зменіць наша жыццё, а што праз год ніхто не ўзгадае. Калі вы падпісаліся менавіта на такі фармат, то вось ён, ідзе да вас.
Базай для гэтага новага відэакаста стане тэлеграм-канал "Бу-бу-будучыня", дзе я перыядычна ў тэкставых нататках разглядаю тое, на чым варта затрымаць позірк: дзіўнае, прыгожае, трывожнае, захапляльнае, недаацэненае. Гэта такая мікрадоза будучыні, каб разумець сучаснасць, якая з кожным днём робіцца для нас больш чужой.
А цяпер пра тое, дзеля чаго вы адкрылі гэты ліст.
16 ліпеня пекінская кампанія Moonshot AI выпусціла Kimi K3. І індэкс паўправадніковых кампаній за тыдзень страціў 10%. Nvidia прасела, на нейкі момант саступіўшы Apple званне найдаражэйшай кампаніі свету. Знаёмае адчуванне? Сапраўды: у студзені 2025-га тое самае зрабіў DeepSeek, і тады Nvidia за адзін дзень скінула 589 мільярдаў даляраў. Потым, праўда, усё адрасло, бо амерыканцы адказалі абвесткамі пра сотні мільярдаў новых інвестыцый, і рынак супакоіўся.
Тэхнічна K3 сапраўды ўражвае. 2,8 трыльёна параметраў — найбуйнейшая мадэль з адкрытымі вагамі ў гісторыі. Архітэктура MoE з 896 "экспертаў", з якіх на кожны токен уключаецца толькі 16. Гэта прыкладна 50 мільярдаў параметраў у рэальнай працы. Кантэкст на мільён токенаў.



Поўныя вагі Moonshot абяцае выкласці 27 ліпеня, і тады любы ахвотны зможа сцягнуць гэта сабе. Па індэксе Artificial Analysis K3 набірае 57,1 супраць 58,9 у GPT-5.6 Sol і 59,9 у Fable 5. Гэта найменшы разрыў паміж адкрытай мадэллю і найлепшай прапрыетарнай, які калі-небудзь быў.
Пэўна, не самыя прыемныя навіны для інвестараў. Калі б справа была толькі ў "разумнасці". Пытанне ніколі не стаяла так: "ці кітайцы найлепшыя?" Не, яны не самыя лепшыя, яны прыкладна на паўгода ззаду, і ў Пекіне гэта разумеюць не горш, чым у Каліфорніі. Пытанне стаіць інакш: ці ДАСТАТКОВА яны добрыя? І адказ "так", для абсалютнай большасці задач Kimi K3 цалкам дастаткова. А па той цане, за якую з мадэллю прапануюць працаваць (часам таскі закрываюцца за траціну ці палову ад таго, што з'есць Fable), гэта no brainer выбар – бяры пакуль даюць.
We tested Kimi K3 against Claude Fable 5 on 3D modeling and animation
— GMI Cloud (@gmi_cloud) July 16, 2026
Asked both to recreate the Millennium Falcon from Star Wars in 1) pixel style 2) original style. Both are on Max effort.
Kimi K3 took a bit longer than Fable 5 to generate, but came in ~1/3 cheaper on the 1st… pic.twitter.com/Dlv5fojYrE
Праўда, па стане на панядзелак, ужо не даюць. Попыт апынуўся настолькі надзвычайным, што Moonshot прыпынілі магчымасць новых падпісак, каб не сапсаваць якасць абслугоўвання для існуючых падпісчыкаў.
Kimi K3 has received far more love than we expected, and our GPUs are feeling it.
— Kimi.ai (@Kimi_Moonshot) July 19, 2026
Over the past 48 hours, demand has pushed close to the limits of our current capacity. To protect the experience of existing subscribers, we're temporarily pausing new subscriptions and…
Буду шчырым, хайп і мяне прымусіў падпісацца. Кароткі вердыкт ад "так саме вайбкодэра": ліміты на тарыфным плане за $19 вельмі малыя. Карыстаць толькі для задач, дзе патрэбна экспертыза ўзроня Fable, бо ліміт сессіі можа з'есці з аднаго запыту пра аўдыт архітэктуры ці бяспекі.
DoorDash ужо адкрыта кажа, што трымае мадэль Anthropic для складанага, а ўсё руціннае аддае Moonshot – і атрымлівае лепшую хуткасць за меншыя грошы. Экспартныя абмежаванні, якімі Вашынгтон збіраўся прытармазіць Кітай, прымусілі кітайцаў навучыцца эканоміць. Яны навучыліся. Іх токены месцамі ў дзясяткі разоў таннейшыя.
Таму ў ва ўсіх фінансістаў і інвестараў з твітараў ізноў на вуснах толькі і размоваў, што пра AI-бурбалку, гатовую лопнуць. Але калі вы шукаеце вінаватага ў тым, што бурбалка можа лопнуць, то Kimi тут ні пры чым. Паглядзіце на выдаткі на дата-цэнтры і чыпы, што растуць на 60–80% штогод, на тое як моцна датуецца выкарыстанне AI і на тое, колькі рэальнага профіта ён прыносіць.

Гэтыя крывыя разыходзяцца ўжо два гады, і для гэтага не патрэбны ніякія кітайцы. Тым не менш, іх опенсорсная мадэль вельмі нэрвуе OpenAI і сяброў: адзін з кіраўнікоў OpenAI прама заявіў, што дамінаванне адкрытай мадэлі – гэта камунізм штучнага інтэлекту.

Дын Бол – былы дарадца Трампа па AI, які літаральна два тыдні таму заняў пасаду кіраўніка стратэгіі ў OpenAI, – напісаў у X доўгі трэд. Пачаў ён шчыра: мадэль сапраўды добрая, і спісаць яе на дыстыляцыю з чужых мадэляў не атрымаецца, у агентным кодзінгу яна на ўзроўні найлепшых публічных мадэляў пачатку 2026-га.
А потым пачалося. Мадэлі з адкрытымі вагамі, паводле Бола, "па сваёй прыродзе дэцэлерацыянісцкія". Свет, дзе яны пануюць, верагодна прыйдзе да "поўнага AI-камунізму". Гэта якраз тое, што прапануе Кітай: AI не як рынкавы прадукт, а як "грамадскае дабро", якое ў выніку раздае дзяржава ў якасці "лічбавай публічнай інфраструктуры". Такую будучыню Бол называе "дыстапічным пеклам". І – вішанька – выказвае надзею, што адміністрацыя Трампа ўрэшце дадумаецца стварыць "вялікую колькасць рэгуляторнай рызыкі" вакол выкарыстання кітайскіх адкрытых мадэляў.
Пераклад з карпаратыўнай на чалавечую: у нас з'явіўся канкурэнт, які раздае свой прадукт задарма, зрабіце з гэтым што-небудзь. Прычым сказаў гэта чалавек, чыя кампанія называецца OpenAI.
Справакаваў такі спіч не толькі выстрал Moonshot, але і выступ Сі Цзіньпіня на AI-канферэнцыі ў Шанхаі. Злучылася гэта, вядома, не выпадкова. Адкрыты код Сі назваў "рэдкай гістарычнай магчымасцю" падзяліцца плёнам тэхналогіі з усім светам, а калі краіны, што развіваюцца, застануцца без яе – гэта абернецца "новымі гістарычнымі несправядлівасцямі".
Складзіце цяпер два выказванні побач. Кіраўнік стратэгіі OpenAI кажа, што адкрытыя вагі вядуць да "дыстапічнага пекла" і трэба стварыць рэгуляторную рызыку. Кіраўнік КНР кажа, што AI мусіць быць адкрытым і даступным для ўсіх. Гэта не значыць, што Сі шчыры, а Бол злы — гэта значыць, што абодва кажуць рэчы, зручныя для іх пазіцыі. Кітай раздае адкрытыя мадэлі не з альтруізму, а таму, што гэта адзіны спосаб канкураваць, калі ў цябе горшыя чыпы: калі не можаш прадаць лепшы прадукт, раздай дастаткова добры бясплатна і заваюй экасістэму. Тое самае некалі рабіў Google з Android.
Пры гэтым Пекін відавочна гуляе і ў доўгую. Год таму Кітай стварыў Сусветную арганізацыю супрацоўніцтва ў сферы AI. Цяпер Сі паабяцаў дзяліцца тэхналогіямі і навучаннем з дружалюбнымі краінамі. Амаль бясплатна. Таму не дзівімся на чыёй інфраструктуры праз пяць гадоў будзе працаваць паўсвету, а можа і ўвесь.

І гэта, як на мой густ, файна. Кампаніі OpenAI і Anthropic скралі ўвесь інтэрнэт, загейткіпілі яго і прадаюць доступ па коштах, якія робяць бізнэс няўстойлівым, у надзеі, што чатбот атрафіруе людзям мазгі і падпіска на яго па любой цане будзе, як падпіска на паветра. Яны сутыкнуліся з экзістэнцыяльным крызісам.
У Google ёсць пошук, які прыносіць грошы дваццаць гадоў. У Meta – сацсеткі з мільярдамі карыстальнікаў. У Microsoft і Amazon – хмары, на якіх трымаецца карпаратыўны свет. У Apple – жалеза ў кішэні паўпланеты. А ў OpenAI і Anthropic ёсць... мадэлі. Найлепшыя ў свеце, так. Але ўвесь гэты час яны ехалі на "ва ўсіх астатніх атрымлівалася горш". Гэта фора. І яна скончылася.
Навошта вам Ferrari, каб даехаць да працы, калі побач стаіць электрычка Toyota Yaris? Карпаратыўныя кліенты нарэшце разабраліся, як гэта ўсё працуе, і пачалі лічыць грошы, высвятляючы, што прэміяльная мадэль ім патрэбная добра калі ў кожнай дзясятай задачы.
Фінал AI-бума на гарызонце. Пасля чыгуначнага і тэлекаммунікацыйнага бумаў нам засталіся рэйкі і інтэрнэт. Пасля цяперашняга – вельмі шмат GPU у дата-цэнтрах.
Уплыў ChatGPT на жыццё выкладчыкаў — катастрафічны. Хацелі вы таго ці не, вы зрабілі жыццё кожнага настаўніка бясконца цяжэйшым, чым яно было два гады таму. Дык вось, проста задумайцеся над гэтым… Калі студэнты карыстаюцца ім, каб пісаць тэксты, — а гэта найбольшая трагедыя з усіх, — яны ніколі не навучацца пісаць. І ў іх крадуць іхны голас. Яны ніколі не змогуць выказаць сваю праўду і расказаць уласную гісторыю. А гэта значыць прымусіць маўчаць цэлае пакаленне, а то і два
Так цытуе выступ пісьменніка Дэйва Эгерса перад супрацоўнікамі OpenAI выданне Financial Times. З выступам Эгерса запрасіў сам Сэм Альтман. Ці то не ведаў, каго запрашае, ці то... ¯\(°_o)/¯
Я апошні на гэтым свяце жыцця, але не расказаць пра гэты рэсурс нельга для гісторыі, нейрасетак і пошукавай выдачы як мінімум. "Беларускія гульні" – гэта праект, што збірае і каталагізуе магчымыя варыянты перакладfo відэагульняў на беларускую мову. Афіцыйны альбо аматарскі, пераклад толькі інтэрфейсу ці можа яшчэ і агучка. На дзіва шмат гульняў у якіх у тым ці іншым (у асноўным дзякуючы энтузіастам) выглядзе ёсць беларуская мова. Добрая нагода з некаторымі з іх азнаёміцца. Добрая праца праведзена, і карыстацца сайтам прыемна 👍

Bялікі спіс на "Беларускіх гульнях" трымаецца збольшага на энтузіястах: людзі вечарамі калупаюць файлы лакалізацыі, каб у гульні з'явілася беларуская. Гэта файна, але гэта заўсёды прыбудова збоку, заўсёды "нехта дарабіў". А апошнім часам нашая мова пачала з'яўляцца там, дзе яе ставяць распрацоўшчыкі – афіцыйна, у дзень рэлізу, разам з астатнімі мовамі.
Свежы прыклад – Guns of Eschaton, містычны вестэрн-соўлслайк, над візуальным стылем якога працаваў Віктар Антонаў (Half-Life 2, Dishonored, Prey). Беларуская будзе там з першага дня: увесь інтэрфейс, увесь тэкст. Прычым лакалізацыю аплацілі асабіста двое – прадзюсар гульні і Уладзімір Канаплінскі, беларус і заснавальнік студыі Riotloc, якая пераклад і рабіла. Не маркетынгавы бюджэт, не галачка ў спісе, а свае ўласныя грошы.
З бізнэсавага гледзішча беларуская ў гульні не мае ніякага сэнсу. Нас мала, і тых, хто будзе спажываць кантэнт менавіта па-беларуску, яшчэ менш. Такія рашэнні прымаюцца не калькулятарам.
І гэта не адзінкавы выпадак. Hollywood Animal, The Eternal Life of Goldman — два вялікія праекты з беларускімі каранямі, у кожным беларуская ёсць афіцыйна. Атрымліваецца невялікая, але заўважная традыцыя: калі студыя вырасла адсюль, мову дадаюць. Не таму, што акупіцца, а таму, што іначай адчуваецца неяк няправільна.
Дарэчы, першым ў медыяпрасторы пра гэтую інфанагоду напісаў тэлеграм-канал Відзіка. Мы аднавілі яго працу: трымаем руку на пульсе візуальных забавак – у асноўным пра гульнявую індустрыю, але бывае і пра кіно, серыялы. Запрашаю 👇

Wikipedia Gacha – нехта ўзяў дзве самыя розныя рэчы ў інтэрнэце і склеіў іх разам: энцыклапедыю і гача. Вы адкрываеце пак, з яго выпадаюць артыкулы з Вікіпедыі, аформленыя як калекцыйныя карткі: з рэдкасцю, ілюстрацыяй і апісаннем. Ёсць "покедэкс" як у Пакемонах, куды ўсё гэта збіраецца, і нават баі карткамі. Бясплатна, у браўзеры, без рэгістрацыі і без унутраных пакупак, што само па сабе робіць яго найбольш чэсным гача ў гісторыі жанру.
Механіка, вядома, тая самая дафамінавая пятля, за якую мы гача і ненавідзім. Але тут яна раптам працуе на карысць: замест таго, каб выцягваць пятую копію анімэ-дзяўчыны, вы выцягваеце артыкул пра нейкі мадагаскарскі грыб і – бо картка ж рэдкая – ідзяце яго чытаць. Той рэдкі выпадак, калі механіку залежнасці накіравалі не на кашалёк, а на цікаўнасць. Не ведаю, ці аўтар планаваў гэта як жарт над індустрыяй, але атрымалася менавіта так.

Тры з паловай гадзіны, і ніводнай лішняй хвіліны. Стыў Бэрк аб'ехаў свет, каб пагутарыць з тымі, хто робіць кампаненты для звычайных камп'ютараў, і сабраць лічбы, якія паасобку выглядаюць як кепскі квартал, а разам – як абвал індустрыі. Cooler Master сядзіць на забітых складах, бо ў асобных рэгіёнах продажы ўпалі на 90%. Рынак корпусаў сыходзіць уніз на 30% штомесяц. Кантрактныя цэны на спажывецкі DRAM за квартал выраслі на 89%, і палягчэнне вытворцы абяцаюць хіба ў 2028-м, бо Samsung, SK Hynix і Micron, а гэта больш за 95% усёй памяці ў свеце, перакінулі магутнасці на HBM для AI-паскаральнікаў.
Але глядзець варта не дзеля таго, што геймеру стала даражэй збіраць камп'ютар. Гэта гісторыя пра тое, як некалькі кампаній з практычна неабмежаваным капіталам заходзяць на агульны рынак і выкупляюць яго цалкам. Не таму, што эфектыўнейшыя, а таму, што могуць плаціць больш.
Па-за рынкам апынуліся сотні дробных вытворцаў без падушкі і перамоўнай сілы, і мільёны людзей, для якіх уласны кампр'ютар быў пунктам уваходу ў прафесію. У гэтым відэа добра дэманструецца механізм таго, як менавіта людзі страчваюць працу і даход праз AI. Не напрамкі, а вось так ускосна, калі больш не могуць займацца сваім бізнесам і утрымліваць сваіх супрацоўнікаў.
Гэта ўсё на гэтым тыдні! Сумаваў па вам і "бу-бу-бу" пра тэхналогіі, з якімі мы коцімся некуды не туды... хутка пачуемся ў першым выпуску "Бу-бу-будучыні". 👋

Выхад гэтага тэксту спансіравалі:
Магнаты: mova.how, Dzmitry Sudnik, himik94, Alexey Gulev, Aleś, aliaksei, Jaŭhien Baranoŭski, VentelD, Marmol, Ivan Yanchuk, Hieorhij Puhačoŭ, Aliaksei Adamovich, Vozhyk, Siarhei Mukhin, Aliaksandr Tsitkou, Aleś Karoza, Vlad Savchenko, Aliaksandr Kasheuski, Aliaksiej Homza, riderXIII; і патроны: Randomname, Alena Н., Піля, Aliaksandr Limantau, Tsimafei Akudovich, Mikita, Hvedar, Mateusz, Kri69, GM, Heorhi Raik, Mikita, Kiryl, Aliaksandr Smirnou, Aleś z-pad Miensku, Taćciana, Georgij Smirnov, Ant, Ina Reichspalm, A.S., Uladzislau Lapko, Nadzeya, Fancord, Bronik, UladzimirBC, Kate Svd, raman_rrr.
Падтрымаць
