У 84-м выпуску буйнейшага беларускага падкаста пра тэхналогіі і відэагульні «Відзік» Віталь Аляхновіч і Яўген Рудзі абмяркоўваюць жыццё на хутары: дубовых дроў, печак і інтэрнэту, які зноў выпрабоўвае нашую вытрымку. Затым разбіраемся, чаму прыгожыя Googlebook расчаравалі журналістаў, што Microsoft хоча зрабіць з Windows і каму патрэбны дарагі Surface Laptop Ultra. Яўген дзеліцца ўражаннямі ад беларускамоўнай дэмаверсіі Guns of Eschaton, а напрыканцы вяртаемся да намаляваных уручную робатаў у нечакана анансаваным Machinarium 2.

У гэтым выпуску

  • Googlebook: прыгожае жалеза, праблемны софт. Першыя журналісцкія тэсты ноутбукаў на Android выявілі нязручную шматзадачнасць, кепскую адаптацыю мабільных праграм і абмежаванні пры запуску Linux-праграм. Асобна разбіраем інтэграцыю са смартфонам: нестабільнае злучэнне, павольны доступ да файлаў і банкаўскія праграмы, якія не хочуць транслявацца на вялікі экран. Разважаем, хто пагодзіцца плаціць грошы ўзроўню MacBook Air за такі досвед.
  • Guns of Eschaton па-беларуску. Яўген Рудзі паспрабаваў дэмаверсію незвычайнага шутэра з механікамі soulslike і расказвае, як гульня атрымала беларускую лакалізацыю. Тут трэба ўручную ўзводзіць курок, падбіраць патроны, круціць барабан рэвальвера і страляць па частках цела дэманаў у пэўнай паслядоўнасці. Абмяркоўваем павольныя дуэлі, магічныя контратакі і акультны вестэрн, які нагадвае «Цёмную вежу» Стывена Кінга.
  • Surface Laptop Ultra. Microsoft прапануе дарагога канкурэнта MacBook Pro з ARM-працэсарам, графікай Nvidia і аб’яднанай памяццю для лакальнага запуску нейрасетак. Віталь разбірае магчымасці ноутбука, набор партоў і цікавае рашэнне магнітнай зарадкі праз USB-C. А заадно высвятляе, ці дастаткова кароткіх дэманстрацый і тэстаў самой кампаніі, каб паверыць у яго перавагі.
  • Windows для ШІ-агентаў. Microsoft хоча ператварыць Copilot з чатбота ў памочніка, які шукае дакументы, працуе з файламі, запускае праграмы і выконвае паслядоўнасці дзеянняў на камп’ютары. Абмяркоўваем спалучэнне лакальных і воблачных мадэляў, дазволы карыстальніка і ізаляцыю агентаў. Што будзе, калі такі памочнік памыліцца або атрымае шкоднасную інструкцыю з сайта ці дакумента?
  • Новы пошук у Windows. Сярод усіх размоў пра штучны інтэлект знаходзім абнаўленне, якое можа палепшыць штодзённае карыстанне камп’ютарам: хутчэйшы пошук, чысцейшы інтэрфейс і сістэмныя дзеянні проста з пошукавага радка. Застаецца пытанне, як гэта будзе працаваць у Windows, дзе беларуская, руская і англійская мовы сустракаюцца ў розных частках інтэрфейсу.
  • Silver Pines — нечаканы гульнявы дыямент? Змрочная сумесь survival horror і метроідваніі прыцягнула ўвагу атмасферай у духу Twin Peaks, Silent Hill і Alan Wake. Яўген расказвае пра ратаскапічную анімацыю, абмежаваны інвентар і дэфіцыт патронаў. Разбіраем высокія ацэнкі крытыкаў і станоўчыя водгукі гульцоў — і спрабуем зразумець, ці не прапусцілі мы нешта цікавае.
  • Machinarium 2. Amanita Design вяртаецца да сваёй прыгоды пра робатаў праз 17 гадоў пасля арыгінала. Успамінаем першы Machinarium, гісторыю студыі і эпоху Flash. У працягу можна будзе кіраваць Ёзэфам і Бертай, спалучаць іх здольнасці і даследаваць новы свет, а над гульнёй зноў працуе арыгінальная каманда з малюнкамі ручной працы.

А яшчэ згадваем чарговыя абяцанні рэлізу Squadron 42 і яго зорны акцёрскі склад, шукаем цікавыя гульні ў SteamDB, жартуем пра чаканне Half-Life 3 і коратка абмяркоўваем першыя агляды Valor Mortis.