Уявіце двух людзей: адзін жыве ў 1912 годзе, другі — у 2012-м. Мы даём ім аднолькавы тэст і спрабуем высветліць, хто разумнейшы. Але як зрабіць гэтае параўнанне чэсным? І чаму пасля дзесяцігоддзяў росту вынікі некаторых тэстаў пайшлі ўніз?

У другім выпуску «Бу-бу-будучыні» Віталь Аляхновіч разбіраецца, што стаіць за трывожным пытаннем «ці тупее чалавецтва»: змены нашых здольнасцяў, праблемы вымярэння ці асяроддзе, якое кожны дзень вучыць нас нечаму новаму. Напрыклад, пераключацца на наступнае відэа.

У гэтым выпуску:

  • Як чалавецтва разумнела. Эфект Фліна, рост вынікаў IQ-тэстаў і пытанне, чаму нашы прапрадзеды паводле сучасных нормаў выглядалі б падазрона неразумнымі. Хаця неяк будавалі чыгункі і вялі гаспадарку.
  • Што насамрэч вымярае тэст. Сабака і трус, варона і рыба, размовы псіхолага Лурыі з сялянамі і «навуковыя акуляры», якія мы атрымалі дзякуючы школе, гораду і працы.
  • Што адбываецца са школьнікамі і дарослымі. Разбіраем даследаванні PISA, NAEP і PIAAC: што яны правяраюць, якія змены паказваюць і якіх высноў з гэтых лічбаў рабіць пакуль нельга. Міленіялам таксама рана радавацца.
  • Бясконцая стужка як трэнажор. Чаму аўтар бясконцай пракруткі цяпер за яе выбачаецца, як алгарытмы ўтрымліваюць нашу ўвагу і дзе заканчваюцца доказы ды пачынаюцца гіпотэзы.
  • ChatGPT: рэпетытар ці мыліца? Што адбываецца, калі спачатку дазволіць людзям рашаць задачы з ШІ, а потым забраць памочніка. І чаму атрымаць правільны адказ — яшчэ не значыць нечаму навучыцца.

А яшчэ — Сакрат супраць пісьма, энергетык з «Ідыякратыі» і тое, што мы можам змяніць ва ўласных звычках. Бо асяроддзе трэніруе нас заўсёды. Пытанне — у чым.