У 82-м выпуску «Відзіка» Віталь Аляхновіч і Яўген Рудзі абмяркоўваюць галоўныя тэхналагічныя і гульнявыя навіны тыдня. Пачынаем з цяжкага жыцця блогера на хутары: лімітаў мабільнага інтэрнэту, «турбакнопак» і тарыфнай матэматыкі, у якой без асобнай інструкцыі ўжо не разабрацца. Затым абмяркуем складны iPhone Duo, яго магчымасці і зусім не складны кошт. Разбіраем галоўныя анонсы BlizzCon: сюжэтны шутар паводле StarCraft, Diablo V і першы за 23 гады новы дадатак да Warcraft III.
У гэтым выпуску
- iPhone Duo. Віталь Аляхновіч разбіраецца, што Apple прапанавала ў сваім першым складаным смартфоне: два экраны, фармат невялікай кніжкі, новыя сцэнары шматзадачнасці, рэжым міні-ноутбука і незвычайную анімацыю складання. Абмяркоўваем, ці здолела Apple давесці да розуму ідэі, якія іншыя вытворцы развіваюць ужо шмат гадоў, і ці знойдзецца дастаткова ахвочых заплаціць за гэта каля $2 000 без уліку падаткаў.
- Галоўныя анонсы BlizzCon. Blizzard паказала сюжэтны шутар ад трэцяй асобы ў сусвеце StarCraft, падзеі якога разгорнуцца праз 70 гадоў пасля Legacy of the Void. Гульню абяцаюць выпусціць толькі ў 2030 годзе, таму разважаем, навошта анансаваць праекты так рана і колькі з агучаных ідэй дажыве да рэлізу.
- Diablo V. У новай частцы чалавецтва ўжо прайграла, а гульцам давядзецца жыць з наступствамі перамогі Д’ябла. Абмяркоўваем постапакаліптычны Санктуарый, працэдурна створаныя лакацыі, караваны замест звыклых гарадоў, новыя класы і кааператыўнае праходжанне. А заадно высвятляем, чаму вялікія гарады ў ролевых гульнях часта ператвараюцца ў дыялогавае пекла.
- Новы кантэнт для Warcraft III. Праз 23 гады пасля The Frozen Throne гульня атрымала вялікі дадатак Forsaken Kingdom працягласцю каля 30 гадзін. Ён закрывае прабел паміж падзеямі Warcraft III і World of Warcraft, вяртае гульцоў у Лардэрон і прапануе кампанію з элементамі ролевай гульні ды адкрытага свету. Разам з дадаткам выйшаў патч 3.0 з новым графічным рэжымам — і спрэчным патрабаваннем пастаяннага злучэння з інтэрнэтам.
- Valheim нарэшце дабраўся да версіі 1.0. Пасля пяці гадоў у раннім доступе скандынаўскі выжывач атрымаў завершаную гісторыю, новы паўночны біём, зброю, будаўнічыя элементы і абноўлены рухавік. Гаворым пра высокія ацэнкі, вяртанне сотняў тысяч гульцоў і пра тое, чаму збор рэсурсаў можа быць цудоўнай забавай для кампаніі сяброў — і сапраўднай працай для ўсіх астатніх.
- Marvel’s Wolverine і праблемы Sony. Новы эксклюзіў PlayStation атрымаў даволі стрыманыя водгукі. Крытыкі хваляць гісторыю, акцёрскую працу і жорсткія баі, але наракаюць на паўтаральнасць, празмерную колькасць падказак і калідорныя лакацыі. На прыкладзе «Расамахі» Віталь Аляхновіч разбірае, ці не састарэла звыклая формула дарагіх кінематаграфічных гульняў Sony і чаму перамога PlayStation у цяперашнім пакаленні яшчэ не гарантуе кампаніі спакойнай будучыні.
- No Rest for the Wicked. Рэліз змрочнай ролевай гульні ад стваральнікаў Ori перанеслі на сакавік 2027 года. Яўген дзеліцца ўражаннямі ад ранняга доступу: складанай баявой сістэмы, шматузроўневых лакацый, адметнай графікі, будаўніцтва, збору здабычы і дадатковай арэны, якая нечакана зацягвае мацней за многія асобныя гульні.
А яшчэ коратка закранаем будучыню гульнявых франшыз Blizzard на стрымінгавых сэрвісах, закрыццё аматарскага анлайн-рэжыму для The Last of Us Part II і пачатак продажаў VR-прылады Steam Frame.