Невялічкая гульня выклікала непрапарцыйна вялікае бурленне дзярма ў заходніх інтэрнэтах. Mixtape доўжыцца крыху больш за тры гадзіны, каштуе ад васьмі да дваццаці двух еўра, у ёй ніводнага трупа і амаль ніякага геймплэю ў класічным сэнсе. А крытыкі, тым не менш, ставяць дзясяткі. І тым самым выклікаюць востры боль ніжэй вобласці паясніцы ў САПРАЎДНЫХ геймераў.
Я думаў, што гэта будзе проста стылёвы інды-шпацыр пад дарагі саўндтрэк. А потым гульня нечакана выцягнула з мяне мае ўласныя ўспаміны.
Ну, ведаеце, той момант, калі дзед успамінае ноч пасля вясковай дыскатэкі: самотнае вяртанне дадому па пустой дарозе з In Between гурта Linkin Park на рэпіце ў навушніках. Цудоўныя часы, калі можна было верыць, што ўвесь свет круціцца вакол тваіх падлеткавых праблемаў і важней за іх нічога няма.
Але давайце пра ўсё па парадку.
Пра што гульня?
Сюжэт, калі гэта можна назваць сюжэтам, просты як траецкая сасіска. Амерыканская глыбінка, дзевяностыя. Тры сябры-падлеткі: Stacy Rockford, Van Slater і Cassandra Morino. Заўтра скончыцца школа, іх шляхі разыдуцца, але сёння апошняя вечарынка, для якой трэба знайсці спіртное.
Калі вы апошні раз чулі, каб алкаголь называлі спіртным? Ну вось такі я дзед.
Па дарозе на вечарыну юнацтва перажывае ўспаміны з агульнага мінулага. Кожны ўспамін — гэта інтэрактыўны відэакліп пад канкрэтны музычны трэк, дзе візуальны рад, мінімальны геймплэй і рэжысура працуюць дзеля адной мэты: перадаць пачуццё моманту.
Stacy з дзяцінства марыць стаць музычным супервайзарам, чалавекам, які падбірае музыку для кіно. Таму кожная сцэна ўспрымаецца як яе асабістая куратарская праца: правільны трэк да правільнага моманту.
Гульню зрабіла аўстралійская студыя Beethoven & Dinosaur, тыя самыя людзі, што стварылі The Artful Escape, псіхадэлічны платформер пра гітарыста, які шукаў уласную сцэнічную асобу. То бок хлопцы і дзяўчаты засяроджаныя на музыцы ўжо даўно.
The Artful Escape атрымала намінацыю BAFTA і шмат пахвалы за візуальны стыль і музычную наратыўнасць. Mixtape — іх другі праект, ужо ў сапраўдным 3D, выдадзены Annapurna Interactive. Добрае, дарэчы, выдавецтва: шмат цікавага індзі яны прасунулі ў свет.
На Metacritic у гульні каля 85–86 балаў, а IGN, як і шэраг іншых заходніх журналістаў, паставілі ёй ідэальную адзнаку. На Steam адзнакі ад гульцоў — «пераважна пазітыўныя». І вось праз гэта пачалася лютая гаўнавальніца.
«Гэта нават не гульня»
Геймплэю тут сапраўды мінімум. Гэта факт, і ад яго нікуды не дзенешся.
І менавіта адсутнасць геймплэю стала эпіцэнтрам, вакол якога разгарнулася цэлая шматслойная кантраверсія.
Першы слой — walking simulator. Гульню абазвалі сімулятарам хадзьбы, сказалі, што яна «грае сама ў сябе», што гэта інтэрактыўнае кіно класа Б, а не відэагульня. Людзі патрабавалі геймплэю, выклікаў, магчымасці прайграць і пабачыць экран СТРАЧАНА, як у GTA. І нічога з гэтага не знайшлі.
А таму зрабілі простую, як праспект Незалежнасці ад Свярдлова да плошчы Перамогі, выснову: гэта не гульня, яна не мае права атрымаць 10 балаў.
Але такія гульні існуюць ужо дзесяцігоддзямі: Gone Home, Firewatch, What Remains of Edith Finch, Night in the Woods. Усе яны атрымлівалі пахвалу, хтосьці казаў «не маё», і ўсе ішлі далей. З Mixtape чамусьці так не атрымалася.
Хоць для мяне гэтая геймплэйная дзірка кампенсуецца мастацкім выкарыстаннем інтэрактыву. Вось ёсць напачатку гульні сцэна з пацалункам, дзе дэтальна, амаль натуралістычна анімаваны працэс, і ты стыкамі кіруеш абодвума языкамі.
Гэта адначасова агідна, смешна і ідэальна трапна.
Бо менавіта так гэта ўспрымаецца ў юнацтве: усё нязграбна, усё занадта, усё перабольшана і гіпертрафавана. Ну бо такім яно і адчуваецца, калі ты юнак.
І дзеці ў гульні вытвараюць абсалютна шалёныя рэчы: закідваюць туалетнай паперай хату дырэктара, разносяць смеццевыя бакі на скейце пад The Smashing Pumpkins, падрываюць паліцэйскія машыны, тыкаючы ў іх факамі.
Гэта падлеткавае гіпертрафаванне кожнага моманту жыцця, калі ўсё здаецца апошнім і найважнейшым. І менавіта так працуе памяць. Яна не запамінае, як было насамрэч. Яна запамінае ўпрыгожаную версію.
Такі DLSS для ўспамінаў.
Не настальгія па касетах, а настальгія па сабе
І вось тут ключавы нюанс: гэта не гульня пра настальгію ў стылі «ой, помніш касеты, мы іх алоўкам перамотвалі». Гэта гімн жыцця. Не пахавальны марш па мінулым, а напамін, што жыццё адно і яго трэба пражыць на поўніцу.
Бунтарскі дух, якога шмат каму не хапае не толькі ў юнацтве, а ўвогуле.
Гэта ўсё працуе нават без настальгічных эмоцый па канкрэтных трэках. Я, напрыклад, ніколі не быў амерыканскай школьніцай у дзевяностыя. Ніколі не фанацеў па Portishead. Але гэтая гісторыя выявілася для мяне незвычайна трапнай і ўніверсальнай.
Бо ў кожнага ёсць свае моманты, дзе музыка спляталася з жыццём. У мяне гэта ўжо ўзгаданы In Between ад Linkin Park — мая песня для самоты.
І розныя падзеі, кавалачкі, кліпы з Mixtape здолелі адрадзіць ува мне нейкія ўспаміны.
Ці то вылазка з хлопцамі на закінуты хутар, ці то тры сосны на ўзгорку перад лесам, ці скок з кар’ера ў пясок, што захопліваў дух. У гульні героі закідвалі туалетнай паперай хату дырэктара, а мы пратыкалі шылам шнур ад антэны познім вечарам.
Розныя гісторыі — аднолькавая энергія. Лёгкасць, цяпло, бесклапотнасць жоўтага летняга дня. Той самы адчай ад таго, што ты так і не развітаўся з дзяцінствам афіцыйна. Не паставіў кропку. Яно проста неяк плаўна пакінула тваё жыццё, зацёрлася, замянілася іншымі клопатамі.
Саўндтрэк як шкілет гульні
У гульні добры саўндтрэк. 28 ліцэнзаваных трэкаў. І не нейкіх замыленых. Там хапае незнаёмых для мяне гуртоў і кампазіцый. Joy Division, The Cure, The Smashing Pumpkins, Iggy Pop і шмат каго яшчэ.
Важна: гэта не набор «найвялікшых хітоў дзевяностых», якія пхаюць у кожны трэйлер. Выбар часта небанальны, не зашмальцаваны. І гэта добра, бо ты сапраўды чуеш нешта новае.
Гульня пабудавана вакол гэтых песень. Рэжысёр Johnny Galvatron казаў, што спачатку склаў плэйліст, а потым глядзеў, якую гісторыю могуць расказаць гэтыя трэкі, арыентуючыся на крэшчэнда і паўзы.
Mixtape, дарэчы, не адзінокая ў сваім падыходзе. Ёсць цэлая плеяда гульняў, дзе музыка не фон, а паўнавартасны ўдзельнік.
Hi-Fi Rush ад Tango Gameworks, дзе ўвесь свет рухаецца ў такт музыцы, а баявая сістэма ўзнагароджвае цябе за трапленне ў рытм. Marvel’s Guardians of the Galaxy, дзе ліцэнзаваны рок-саўндтрэк васьмідзясятых становіцца неад’емнай часткай баявой механікі. І нават Sayonara Wild Hearts, рытм-экшн, дзе кожны ўзровень пабудаваны вакол асобнай песні.
Але Mixtape стаіць асобна, бо яна не пра рытм-механіку і не пра экшн. Яна пра тое, як музыка фарміруе ўспаміны і робіць звычайныя моманты незабыўнымі.
Дык гэта гульня ці не?
Гульня без геймплэю, але з часам на падумаць і ўспомніць. Перажаваць успаміны, якія правакуюць тыя ці іншыя моманты. Я пасля яе пару старонак у нататніку спісаў.
Журналісты панаставілі ёй дзясятак, і я з іх адзнакамі нават пагаджуся. Зразумела, не як з адзнакай відэагульні ў традыцыйным сэнсе, а як з адзнакай інтэрактыўнага музычнага падарожжа ў юнацтва.
Не за дваццаць баксаў, вядома.
Але калі заўважыце на зніжках і вы дзед, тооо… чаму б і не.
Я рэкамендую.