Капіталізм, здаецца, знайшоў новы чыт-код: звольніць людзей, замяніць іх штучным інтэлектам, падняць маржу, а потым здзівіцца, чаму ніхто больш нічога не купляе.

Геніяльна. Проста геніяльна.

Гэта як падпаліць сваю кватэру, каб зэканоміць на ацяпленні.

Сёння гаворым пра вельмі цікавую навуковую працу і эканамічны аргумент: ШІ можа стварыць сітуацыю, у якой кампаніі масава аўтаматызуюць працоўныя месцы, руйнуюць попыт у эканоміцы, разумеюць гэта, але ўсё адно рухаюць свет у бок эканамічнага крызісу. І робяць гэта ўсвядомлена, рацыянальна, прыгожым строем у бок абрыву.

Новая навуковая праца эканамістаў Brett Hemenway Falk і Gerry Tsoukalas называецца The AI Layoff Trap, або «Пастка ШІ-звальненняў». Яе галоўная думка даволі простая, але непрыемная: нават калі кампаніі разумеюць, што масавая аўтаматызацыя можа пашкодзіць усёй эканоміцы, кожнай асобнай кампаніі ўсё адно выгадна аўтаматызаваць першай.

The AI Layoff Trap
If AI displaces human workers faster than the economy can reabsorb them, it risks eroding the very consumer demand firms depend on. We show that knowing this is not enough for firms to stop it. In a competitive task-based model, demand externalities trap rational firms in an automation arms race, displacing workers well beyond what is collectively optimal. The resulting loss harms both workers and firm owners. More competition and “better” AI amplify the excess; wage adjustments and free entry cannot eliminate it. Neither can capital income taxes, worker equity participation, universal basic income, upskilling, or Coasian bargaining. Only a Pigouvian automation tax can. The results suggest that policy should address not only the aftermath of AI labor displacement but also the competitive incentives that drive it.

Чаму? Бо калі фірма замяняе работнікаў на ШІ, яна адразу бачыць выгаду: менш выдаткаў на заробкі, вышэйшая маржа, прыгожыя графікі ў прэзентацыі, фінансавы дырэктар шчаслівы, акцыянеры пляскаюць у ладкі. Усё выглядае як перамога.

Але ёсць маленькая дэталь. Ведаеце, такая дробязь, якую ўсе наўкол заўважаюць, пра якую ўсе ведаюць, але на якую абіраюць заплюшчыць вочы: работнік — гэта не толькі радок у выдатках. Гэта не проста «аптымізаваная адзінка». Ён яшчэ і пакупнік.

Калі чалавек губляе заробак, ён менш купляе. Менш замаўляе ежу, радзей купляе красоўкі, адмаўляецца ад падпіскі на чарговы стрымінг, не мяняе тэлефон, не купляе гульні на зніжках у Steam. Так, нават калі там мінус семдзесят працэнтаў. Бо гэта ўсё яшчэ не бясплатна.

Карысць ад аўтаматызацыі атрымлівае канкрэтная кампанія. А шкода ад страты заробкаў разлятаецца па ўсёй эканоміцы як хваля. І вось тут фішка: кожная асобная фірма нясе толькі маленькі кавалачак гэтага шкоднага эфекту. Астатняе «размазваецца» па ўсіх.

Класіка: прыбытак мой, праблемы агульныя.

Фірма забірае сабе прыватную выгаду, але не плаціць поўны кошт грамадскай шкоды.

У выніку ўсе паводзяць сябе рацыянальна на сваім маленькім кавалку шахматнай дошкі, але ўсе разам прайграюць партыю.

У тэрмінах тэорыі гульняў гэта чыстая дылема вязня. Такая сітуацыя, калі кожнаму асобна выгадна зрабіць эгаістычны выбар, але калі ўсе робяць такі выбар, вынік атрымліваецца горшы для ўсіх.

У выпадку з ШІ гэта выглядае так: кожная кампанія думае, што мусіць аўтаматызаваць, каб не адстаць ад канкурэнтаў. Але калі так робяць усе, яны разам падразаюць галіну, на якой сядзяць. Таму што гэтыя аўтаматызатары не ўнікальныя, не адзіныя такія асаблівыя, яны не існуюць у вакууме.

Як у тым меме This is fine, дзе ўсе сядзяць у агні і робяць выгляд, што ўсё пад кантролем.

Гэта вельмі падобна да зламанай меты ў анлайн-гульні. Уявіце стратэгію ці Overwatch. У прынцыпе, любую PvP-гульню. Рана ці позна з’яўляецца «мета» — адна аптымальная стратэгія, якую знаходзяць усе. І менавіта таму, што яна аптымальная для кожнага паасобку, яна ламае ўсю гульню цалкам.

Усе бяруць аднаго і таго ж героя, усе ставяць адзін і той жа білд, і гульня ператвараецца ў нудоту, дзе ніхто не атрымлівае задавальнення. Але ніхто не можа сысці з меты, бо інакш проста прайграеш. Ну, ці цябе зацкуюць супартыйцы за тое, што ты ўзяў не таго героя.

Фармальна кожны зрабіў рацыянальны выбар. Але гульня стала горшай. Разнастайнасць памерла, баланс зламаўся, пачаткоўцам няма куды ўвайсці, а распрацоўшчыкі сядзяць і думаюць: «Ну што ж, зноў трэба нерфіць гэтую пачвару».

Вось масавая аўтаматызацыя праз ШІ можа спрацаваць гэтак жа. Для адной кампаніі гэта моцны білд: менш выдаткаў, больш маржы, хутчэйшая вытворчасць.

Кампаніі не абавязкова паводзяць сябе як злыдні. Яны паводзяць сябе як геймеры, якія знайшлі пераможны білд, рацыянальна ім карыстаюцца і потым будуць здзіўляцца, што сервер памірае.

Розніца толькі ў тым, што ў гульні ёсць распрацоўшчык, які можа зайсці ў патч 1.08 і напісаць: «Мы знізілі эфектыўнасць аўтаматызацыі на 15%, бо яна разбурала здароўе меты». А ў рэальнай эканоміцы такім распрацоўшчыкам павінна быць палітыка.

Дзяржава — гэта, па сутнасці, балансны патч для рынку. І калі яна спіць, гульцы самі сябе загоняць у самую тупую, але фармальна аптымальную стратэгію.

І тут з’яўляецца яшчэ адзін цудоўны ўзровень гэтага кіберпанкавага абсурду. Пакуль эканамісты папярэджваюць, што кампаніі могуць звольніць уласных пакупнікоў, вялікія SaaS-вендары ўжо задумаліся: добра, калі людзей у офісе стане менш, каму мы будзем прадаваць ліцэнзіі на наш софт?

І адказ, здаецца, такі: самім штучнікам.

У снежні 2025 года Rajesh Jha, выканаўчы віцэ-прэзідэнт Microsoft па Experiences + Devices, на канферэнцыі UBS казаў пра будучыню, дзе ў кампаніі можа быць больш агентаў, чым людзей. Гэтыя агенты будуць мець уласныя ідэнтычнасці, паштовыя скрыні, камп’ютарнае асяроддзе, доступ да чатаў, сустрэч і дакументаў. І Jha назваў такіх «увасобленых агентаў» магчымасцямі для новых платных месцаў — seat opportunities.

UBS Global Technology Conference
Microsoft exec suggests AI agents will need to buy software licenses, just like employees
Are AI agents employees or tools? A Microsoft exec suggested they’re new paid “seats,” a shift that could reshape SaaS pricing — and spark pushback.

Іншымі словамі: кожны агент можа стаць асобнай ліцэнзіяй на Microsoft 365.

Разумееце, куды вецер дзьме?

З аднаго боку, яны разумеюць, што гвалтоўная аўтаматызацыя можа знішчыць іх рынак і іх бізнес. З іншага боку, яны хочуць замяніць не толькі працаўнікоў, але і сваіх кліентаў.

«Мы замянілі работніка машынай, а потым прадалі гэтай машыне карпаратыўны Microsoft 365».

Абсалютна цудоўны момант позняга SaaS-капіталізму: чалавек больш не патрэбны як супрацоўнік, але і як пакупнік ён таксама не патрэбны, бо ліцэнзіяй на Excel будзе карыстацца яго лічбавы прывід.

Раней кампанія купляла ліцэнзіі на людзей. Цяпер яна будзе купляць ліцэнзіі на штучнікаў, якія прыйшлі замест людзей. Гульнявы сервер напалову пусты, жывыя гульцы сыходзяць, але распрацоўшчык кажа: «Нічога страшнага, у нас цяпер там гуляюць боты, якія таксама купляюць battle pass».

Гэта падобна да ўрабораса, змяі, якая кусае сябе за хвост. Кампаніі ствараюць ШІ, каб замяніць работнікаў. Работнікі — гэта спажыўцы. Спажыўцы — гэта даход кампаній. Кампаніі трацяць даход і ствараюць яшчэ больш ШІ, каб замяніць спажыўцоў. Кола замыкаецца. Тэхналагічны ўраборас радасна жуе ўласны хвост і думае, што смачна абедае.

І самае нечаканае для мяне ў гэтай навуковай працы: аўтары кажуць, што канкурэнцыя можа не вырашаць праблему, а пагаршаць яе.

Звычайна нам кажуць: больш канкурэнцыі — лепш для рынку. Але тут, на думку эканамістаў, усё хітрэй. Калі кампанія адна вялікая, манапаліст, яна хаця б часткова адчуе шкоду, якую сама стварае. Калі людзі сталі бяднейшыя, яны менш купляюць і ў яе таксама.

А ў шчыльным канкурэнтным рынку кожная кампанія думае: «Я зараз зэканомлю на заробках, а страта попыту размыецца па ўсіх астатніх».

Таму аўтары кажуць пра своеасаблівую гонку аўтаматызацыі. Не таму, што ўсе кіраўнікі абавязкова злодзеі або дурні. Хаця, скажам мякка, палявыя назіранні за інфапрасторай не заўсёды мяне абнадзейваюць. Праблема глыбейшая: стымулы.

Рынак у гэтай сітуацыі не мае ўбудаванага тормаза.

І гэта палітычна вельмі нязручная выснова. Для правых, якія вераць, што рынак сам усё паправіць, гэта кепская навіна: тут рынак якраз можа сам сябе завезці ў сцяну.

Для цэнтрыстаў, якія любяць слова «рост» амаль як заклён, таксама няёмка. Бо звычайны рэцэпт «давайце больш канкурэнцыі» тут можа зрабіць сітуацыю яшчэ больш небяспечнай.

Для левых таксама не ўсё проста: недастаткова потым раздаць дапамогу, перавучыць людзей і сказаць: «Ну вось табе, Віталька, курс па prompt engineering, трымайся там, давай-пака».

Аўтары навуковай працы правяраюць розныя магчымыя лекі, тэстуюць розныя рашэнні. Зніжэнне заробкаў не вырашае праблему. Вольны ўваход новых кампаній на рынак — таксама не. Перанавучанне звужае праблему, але не здымае рызыку цалкам. Падаткі на капітал яны таксама адкідваюць як неэфектыўны інструмент. Даць работнікам долю ва ўласнасці кампаній — карысная ідэя, але яна не закрывае дзірку. Нават класічныя дамоўленасці паміж удзельнікамі рынку не даюць надзейнага выйсця.

Безумоўны базавы даход — улюбёны адказ інтэрнэту на ўсё: «Ну проста дайце людзям грошы». Дык вось, у мадэлі аўтараў Universal Basic Income таксама не вырашае праблему. UBI дадае сталую суму грошай усім: і тым, хто працуе, і тым, каго звольнілі. Гэта падымае агульны ўзровень попыту ў эканоміцы. Файна, так.

Але гэтая сталая сума ніяк не мяняе матэматыку рашэння кожнай асобнай фірмы. Кампанія як эканоміла X долараў на кожным звольненым, так і эканоміць. Шкода для агульнага попыту ад звальнення такая ж.

UBI падымае ўсім «дно», але не чапае тую самую кнопку «аўтаматызаваць ці не», на якую ціснуць менеджары. На мове тэорыі гульняў: UBI мяняе ўзровень выйгрышу, але не мяняе розніцу паміж выйгрышамі, якая вызначае стратэгію.

Кампаніі аўтаматызуюць роўна з той жа хуткасцю. Проста цяпер звольненыя маюць крыху больш грошай у кішэні. Гэта як цёплая коўдра для кожнага пасажыра «Тытаніка», які апынуўся за бортам. Мусіць, так камфортней, але ледзяная вада нікуды не дзелася.

Больш за тое, аўтары паказваюць парадокс: калі ўлічыць, што новыя фірмы могуць свабодна ўваходзіць на рынак, UBI можа нават пагоршыць сітуацыю. Бо большы базавы прыбытак прыцягвае новых гульцоў, рынак фрагментуецца, і кожная фірма нясе яшчэ меншую долю шкоды ад сваёй аўтаматызацыі. А значыць, аўтаматызуе яшчэ ахвотней.

Грамадства, якое спадзяецца толькі на UBI, будзе аўтаматызаваць з той жа хуткасцю: проста з вышэйшай падлогай, але з тым самым абрывам наперадзе.

Выснова эканамістаў наступная: патрэбны пігувіянскі падатак на аўтаматызацыю.

Пігувіянскі падатак — гэта калі дзяржава прымушае кампанію заплаціць за шкоду, якую яна перакладае на іншых. Класічны прыклад — забруджванне. Калі фабрыка скідае бруд у раку, яна эканоміць грошы, але шкоду атрымлівае грамадства. Значыць, дзяржава кажа: добра, хочаш забруджваць — плаці за гэта.

У выпадку з ШІ логіка падобная. Калі кампанія аўтаматызуе працоўнае месца, атрымлівае эканомію, але адначасова зніжае даходы людзей і агульны попыт у эканоміцы, яна павінна заплаціць за частку гэтай шкоды.

Не каб забараніць тэхналогію. Не каб спыніць прагрэс. А каб прыватныя разлікі кампаніі нарэшце ўлічвалі цалкам рэальны кошт яе рашэння.

Бо цяпер схема выглядае прыкладна так: «Мы звольнім тысячу чалавек, пакладзём эканомію сабе ў кішэню, а наступствы? Ну, гэта ўжо праблема грамадства».

Вельмі сучасна. Вельмі эфектыўна. Вельмі «па-сямейнаму». Толькі сям’я чамусьці пастаянна заканчваецца лістом з аддзела кадраў.

Гэта не аргумент супраць ШІ як такога. На жаль, адопцыю гэтых тэхналогій ужо не спыніць, як і нельга вярнуцца ў 2019 год. Штучны інтэлект сапраўды можа дапамагчы ў медыцыне, навуцы, дзяржаўных сэрвісах, адукацыі, даследаваннях, праграмаванні. Ён можа паскорыць тое, што раней займала месяцы. Ён можа зрабіць шмат працы лепшай, таннейшай і даступнейшай.

Праблема не ў тым, што машыны нешта ўмеюць. Праблема ў тым, што рынак можа выкарыстаць гэтыя машыны так, што тэхналагічная перавага ператворыцца ў сацыяльную пастку.

Дааптымізуем эканоміку да стану ямы з памыямі.

Пытанне ў тым, ці здольная палітыка своечасова наладзіць стымулы, пакуль мы ўсе ў той яме з памыямі не пачалі раскладаць дыванікі і пачувацца як дома.

Бо эканамісты могуць цалкам упэўнена апісаць пастку, пабудаваць мадэль, надрукаваць працу, абмеркаваць яе на канферэнцыі, кіўнуць з разумным выглядам — і ўсё роўна арганізавана, ідэальным строем, паціскаючы адно аднаму рукі за дасягнутыя квартальныя планы, крочыць проста ў абрыў.