👋 Вітаю, шаноўныя!

Спадзяюся, вы добра адпачылі на маёўцы. Ці хаця б паспелі перадыхнуць паміж шашлыкамі і працоўнымі днямі, якія так шчодра раскіданы паміж святамі. Вясна нарэшце тут, дрэвы квітнеюць, і ўсё быццам кажа: адкладзі тэлефон, ідзі на двор, памацай траву.

Але я тэлефон не адклаў, бо з захапленнем сачу за драмай, якая ціха пачалася 30 красавіка і набрала сапраўднага шуму ў польскіх сацсетках. Гэта цікавая гісторыя пра тое, як стары закон вырашылі распаўсюдзіць у асяроддзі, якое яму больш не адпавядае.

Што здарылася: напярэдадні маёўкі, калі ўся краіна мантавала грылі і пакавала машыны на прыроду, міністарка культуры падпісала распараджэнне. Згодна з ім, рэпраграфічны збор – старая даніна з эпохі пірацтва на CD і DVD, якая была заклікана, каб кампенсаваць страты творцам – цяпер распаўсюджваецца на смартфоны, ноўтбукі і тэлевізары. 1% ад кошту кожнай прылады будзе ісці па спецыяльнай схеме польскім творцам. Урад кажа: "гэта не падатак, гэта кампенсацыя людзям культуры". У народзе называюць наўпрост: "падатак на смартфоны" і "падатак на бездараў".

А сутнасць праблемы вось у чым: рэпраграфічны збор – гэта рэлікт 20-30-гадовай даўніны, калі людзі масава пірацілі музыку і фільмы. Ідэя была такая: раз усе капіруюць, то няхай хоць нейкія грошы ідуць творцам.

Аналагічны "падатак на Саладуху" дзесяць гадоў таму актыўна абмяркоўваўся ў Беларусі. У нашай краіне тады з'явілася структура, якая магла збіраць падобны збор з вытворцаў і імпарцёраў флэшак (3% з кожнага носьбіта) і аўдыяапаратуры (0,1%).

Але хто сёння піраціць? Мы ўсе плацім за Spotify, Netflix, Apple Music, YouTube Premium і яшчэ паўтузіна абанементаў. Мы ўжо плацім творцам, шмат разоў. А цяпер нам кажуць: купіў тэлефон – значыць, ты патэнцыйны пірат. Плоці!

А калі аплаціў, ці можна ў такім выпадку без страху піраціць? Гэта лічыцца як індульгенцыя?

Тэма пачала разгортвацца ў сацсетках, тэхблогеры запісалі абураныя відэа, і нарэшце міністарка Марта Цянкоўская выйшла ў твітар апраўдвацца: маўляў, аплату будуць рабіць карпарацыі, а не грамадзяне (смех у роце 😏), і ўвогуле гэта проста актуалізацыя правілаў дваццацігадовай даўніны – нічога складанага, адкіньце міты.

Там спадарыні міністарцы напхалі поўную панамку. Даўно я не бачыў такіх суадносінаў каментароў да падабаек пад чімсьці пастом: 130 падабаек, 1800 каментароў.

Людзі шчыра і жорстка адказваюць: "З алкаголем тое самае? Акцыз жа плацяць вытворцы, праўда?" І яшчэ лаканічней: "Ёсць два тыпы людзей ва ўладзе – тыя, хто лічыць людзей дурнямі, і тыя, хто самі дурні".

Агулам незразумела, калі нават падатак не перакладаецца на простых людзей, то чаму вытворцы тэхнікі мусяць плаціць за чыёсьці пірацтва? Столькі пытанняў і так мала лагічных адказаў.

Бо тут, вядома, усё проста: вытворца плаціць збор і закладвае яго ў цану тэлефона. Рынак не любіць пустэчы. Прэзумпцыя віны за тое, што ты ўмееш карыстацца тэлефонам, у 2026 годзе гэта гучыць як жарт. Але ніхто не смяецца, а гледзячы які гармідар зараз вакол усяго гэтага падатку ўзнялі, я не здзіўлюся, калі штосьці ў абураных палякаў атрымаецца вярнуць у зад.

Бо няма больш нязломнай і моцнай сілы, чым паляк, які не хоча плаціць падаткаў. 😁

👺
Адкуль у GPT-5 узяліся гобліны

OpenAI апублікавалі дэтэктыўную гісторыю: іхнія мадэлі, пачынаючы з GPT-5.1, пачалі ўстаўляць у адказы згадкі пра гоблінаў, грэмлінаў і іншую нечысць. І з кожнай новай версіяй сітуацыя рабілася горшай. Пасля запуску GPT-5.1 ужыванне слова «goblin» у адказах вырасла на 175%. Карыстальнікі скардзіліся, супрацоўнікі пісалі рэпорты, але спачатку гэта выглядала як бяскрыўднае дзівацтва.

Вось так выглядаў аднарог на думку адной з мадэляў

З GPT-5.4 сітуацыя абвастрылася настолькі, што пачалі разбірацца ўсур'ёз. Разгадка аказалася павучальнай: калі трэніравалі персаналізацыю «Nerdy», сістэма ўзнагароджвала мадэль за гульнявыя метафары з істотамі. Усяго 2,5% адказаў ChatGPT ішлі праз «Nerdy», але на іх прыпадала дзве траціны ўсіх згадак гоблінаў.

А далей спрацаваў зваротны цыкл: узнагароджаныя адказы трапілі ў навучальныя даныя для наступных версій, мадэль генеравала яшчэ больш гоблінаў, тыя зноў трапілі ў даныя і пайшла ланцуговая рэакцыя. Да GPT-5.5 у трэніровачных даных знайшлі цэлы заапарк: акрамя гоблінаў і грэмлінаў — яноты, тролі, огры і галубы.

У выніку «Nerdy» персаналізацыю прыбралі, праблемныя сігналы ўзнагароды выдалілі, а навучальныя даныя прафільтравалі. Найлепшая ілюстрацыя таго, як невялікі сігнал узнагароды можа мутаваць у нечаканыя паводзіны ўсёй мадэлі. І як складана гэта потым выкараніць.

🌐
Знаходкі з сеціва: Belarus TV

Belarus TV — Памятаеце, у нулявым нумары чэры-піка я захапляўся Channel Surfer і пытаўся, хто возьмецца зрабіць нешта падобнае для беларускага гледача? Нехта ўзяўся.

Чытач рассылкі з твітара пад нікам @chegor зрабіў беларускі аналаг: тэлевізійная сетка з беларускамоўным кантэнтам на YouTube па розных тэматычных групах: для дзяцей, гісторыя, тэхналогіі. Цяпер можна проста ўключаць і глядзець. Праматваць і пераключаць ютуб-каналы і відэа нельга. Як і на старым тэлебачанні. Талака працуе.

🎮
Удала-няўдалы старт продажаў Steam Controller

Учора стартаваў продаж новага Steam Controller ад Valve. За 99 еўра з двума трэкпадамі, магнітнымі стыкамі, гіра-кіраваннем і 35+ гадзінамі аўтаноміі. Здавалася б проста перыферыя, не кансоль, не відэакарта. Але запас скончыўся за гадзіну.

Я быў сярод тых, хто тарабаніў па кнопцы "аплаціць" і атрымліваў памылку за памылкай. Steam задыхаўся ад нагрузкі. У нейкі момант я ў адчаі дадаў у кошык два кантролеры. Думаў, можа так хутчэй пусціць. І ведаеце – прарваўся. Цяпер у мяне (яшчэ няма) два Steam Controller. Не ганаруся, але і не шкадую.

А на eBay тым часам ужо дзясяткі аб'яваў: «пацверджаны заказ» Steam Controller за $220, $300, нехта нават выставіў за $735 889. Гэта 200–300% наценкі за рэч, якой яшчэ ніхто не трымаў у руках. І людзі купляюць: пацверджаныя продажы на eBay пачынаюцца ад $200.

Гэта не новая гісторыя. У лістападзе 2020-га, калі выйшла PlayStation 5, скальперы перапрадалі больш за 60 000 кансоляў толькі за першы месяц — і зарабілі на гэтым звыш $28 мільёнаў праз адзін толькі eBay. Адна група скальпераў, CrepChiefNotify, адкрыта хвалілася, што захапіла больш за 5 000 кансоляў. Гэта ўжо не хлопец, які купіў два кантролеры (кхм 🤫). Гэта індустрыя.

А ці можна наогул з гэтым змагацца? Nintendo для Switch 2 зрабіла нешта цікавае, яны патрабавалі ад пакупнікоў для перадзаказу год актыўнай падпіскі Nintendo Switch Online і мінімум 50 гадзін геймплэю на арыгінальным Switch. Гэта не "адзін у адныя рукі" — гэта "дакажы, што ты сапраўдны гулец". Плюс Nintendo яшчэ да старту продажаў дамовілася з японскімі маркетплэйсамі Mercari, Yahoo Auctions і Rakuten выдаляць лістынгі перапродажу.

Valve ж, здаецца, абмежавалася лімітам на колькасць. І гэтага відавочна замала. Калі я змог купіць два, то чалавек з ботам змог купіць дваццаць. Можа, на наступны рэсток Valve возьме прыклад з Nintendo. А можа проста зробіць дастаткова кантролераў для ўсіх. Як казаў прэзідэнт Nintendo Фурукава: найлепшая зброя супраць скальпераў – гэта дастатковая вытворчасць.

💡
Трапны каментар, відзік можна зачыняць

На мінулым тыдні выйшаў новы выпуск падкаста відзік, які засяродзіўся на тым маніфесце з 22 пунктаў, які апублічыла кампанія Palantir – адна з зіхоткіх пярлінак у кароне мільярдэра і тэхна-прадпрымальніка Пітэра Ціля. Маніфест, які моцна пахне фашызмам.

Добры каментар пад тым выпускам пакінуў адзін з гледачоў. Ëн проста, коратка і цудоўна дэманструе той кірунак, у якім тэхнафеадалы хочуць, каб рухаўся свет:

@WellWeldedGames: "Развіццё ШІ заканамерна вядзе да адмовы да дэмакратыі, бо калі чалавека замяшчаюць, калі ён робіца непатрэбны, то і голас яго нічога не значыць".

Апроч тэхнафашызму ў тым выпуску ўздымаем тэндэнцыю працадаўцаў прымушаць супрацоўнікаў навучаць сабе ШІ-замену, сыход з Apple Ціма Кука і той самы Steam Controller у падрабязнасцях.

Апроч гэтага выйшаў міні-відзік на 15 хвілін пра апошнія ўражанні па гульні 007 First Light пра Джэймса Бонда, дзе ідэйна змешаны Hitman і Uncharted.

007 First Light - Фінальныя ўражанні ад гульні
30 красавіка журналісты апублікавалі фінальныя прэв’ю 007 First Light — гульні ад IO Interactive, стваральнікаў Hitman, якая выходзіць 27 мая. Рэдакцыям далі тры гадзіны і некалькі місій, і рэакцыі рознанакіраваныя: ад «гэта прэтэндэнт на гульню года» да «IO адмовіліся ад сваіх моцных бакоў». Давайце разбяромся, што там адбываецца. Pre-purchase 007 First
🛠️
Інструмент тыдня: Sofa 5

Sofa — гэта праграма, якая хоча быць адным месцам для ўсяго, што ты глядзіш, чытаеш, слухаеш і плануеш. Пятая версія дадала трэкінг серыялаў па эпізодах, уласны плэер для падкастаў з CarPlay, планавальнік падарожжаў з мапамі і ваўчарамі, і яшчэ кучу ўсяго. Шчыра? Я пакуль у стадыі "адкрыў і разгубіўся", бо там столькі ўсяго, што спачатку не ведаеш, з якога боку падступіцца. Але ідэя трымаць у адным месцы і бэклог гульняў, і спіс серыялаў, і нататкі пра падарожжа падкупляе. Разбіраюся далей.

🙉
Гляджу / Чытаю / Слухаю

📚 To teach in the time of ChatGPT is to know pain – Ars Technica

Выкладчык геалогіі ў амерыканскім каледжы расказвае, як LLM ператварылі яго працу ў пекла. Раней трэціна студэнтаў самастойна знаходзіла адказ на складанае пытанне пра натуральны эксперымент. Цяпер больш за палову "знаходзяць", бо ChatGPT пакідае характэрныя сляды ў адказах. Найбалючае: ён не можа даказаць, хто спісваў, а хто не, бо надзейнага дэтэктара LLM-тэксту не існуе. І наадварот: несправядліва абвінавачаныя студэнты таксама не могуць даказаць сваю сумленнасць. Доўга, але варта. гэта рэдкі выпадак, калі пра AI-праблемы піша не тэхнажурналіст, а чалавек, які штодня адчувае наступствы на ўласнай скуры.

Агулам, страшненька як банальныя рэчы, крытычнае мысленне, мінімальныя развагі могуць аддавацца на аўтсорс нейрамадэлям. Расце пакаленне, для якіх гэта будзе мозг па падпісцы?

📸 Фота з Марса: «луска касмічнай рэптыліі» — Kevin M. Gill / NASA JPL

Curiosity на гэтым тыдні знайшоў на паверхні Марса тэкстуру, якая выглядае як луска гіганцкай рэптыліі: метры і метры шасцікутных патэрнаў на скальнай паверхні. Адна з гіпотэз: гэта рэшткі старажытных берагоў, якія мільярды гадоў таму перыядычна намакалі і высыхалі, калі на Марсе яшчэ была вада. Проста паглядзіце на фота. Нібыта тут ляжаць драконы.

👂 Behind the Bastards: How Peter Thiel Became the Gravedigger of Democracy — падкаст з 3 частак

Робэрт Эванс раскладвае біяграфію Піцера Ціля: ад захопу PayPal і здрады Маска да стварэння тэхналогій, якія сталі Palantir. Ціль, як вы ведаеце з відзікаў, адна з тых постацяў, пра якіх усе чулі, але мала хто разумее, наколькі глыбока ён ўплывае на палітыку і тэхіндустрыю адначасова. Тры выпускі, кожны больш за гадзіну – ідэальна для доўгай паездкі ці генеральнай прыборкі.

Выхад гэтага тэксту спансіравалі:

Магнаты: mova.how, Dzmitry Sudnik, himik94, Alexey Gulev, Aleś, aliaksei, Jaŭhien Baranoŭski, VentelD, Marmol, Ivan Yanchuk, Hieorhij Puhačoŭ, Vozhyk, Aliaksei Adamovich, Siarhei Mukhin, Aliaksandr Tsitkou, Aleś Karoza, Vlad Savchenko; і патроны: Randomname, Aliaksey Kandratsenka, Alena Н., Aliaksiej Homza, Nicolai Grodzitski, Піля, Aliaksandr Limantau, Tsimafei Akudovich, Mikita, Hvedar, Maateusz, Kri69, GM, Heorhi Raik, Mikita, Kiryl, Aliaksandr Smirnou, Aleś z-pad Miensku, Taćciana, Georgij Smirnov, Ant, riderXIII, Ina Reichspalm, A.S., Uladzislau Lapko, Nadzeya, Fancord, Bronik .

Падтрымаць

👋 На гэтым усё. Дзякую за ўвагу! Пабачымся зусім хутка