Пентагон зрабіў тое, пра што дзесяцігоддзямі прасілі ўсе: ад сур'ёзных навукоўцаў да людзей у шапачках з фальгі. Адкрыo сайт з сакрэтнымі файламі пра НЛА.
У пятніцу Міністэрства абароны ЗША пачало публікаваць рассакрэчаныя дакументы пра так званыя "неідэнтыфікаваныя анамальныя з'явы" (UAP). Раней іх называлі прасцей: UFO, або па-нашаму НЛА. Файлы збіраюцца дзесяцігоддзямі, некаторыя яшчэ з саракавых гадоў мінулага стагоддзя. Цяпер іх выклалі ў адкрыты доступ, без ніякіх допускаў. Заходзь і чытай.

Увесь гэты праект нават мае ўласную абрэвіятуру – PURSUE, ад Presidential Unsealings and Reporting System for UAP Encounters. Амерыканцы і іхняя любоў да акронімаў – вось дзе сапраўды анамальная з'ява.
Што ж там усярэдзіне? Больш за 160 файлаў, якія апісваюць звыш 400 інцыдэнтаў з усяго свету. Каляровыя НЛА-фота? Не зусім. Пераважна — зярністыя здымкі з інфрачырвоных сэнсараў ваеннага абсталявання, кропкі святла ў цемры і нейкія нявызначаныя формы. Для тых, хто чакаў фота інапланецянаў за ручку з генераламі, шкада: але такога няма.
This one is pretty cool!
— Joe Murgia (@TheUfoJoe) May 8, 2026
(UNDISCLOSED LOCATION)
01.01.2024
Courtesy Video
All Domain Anomaly Resolution Office
The United States Indo-Pacific Command submitted a report of an unidentified anomalous phenomenon to the All-domain Anomaly Resolution Office (AARO) consisting of… pic.twitter.com/wTEuZVVfn4
Больш за тое, дакументы наўпрост не пацвярджаюць ніякай масіўнай урадавай змовы з прышэльцамі. Няма доказаў, што ўрад ЗША кантактаваў з істотамі з іншых планет, і няма падстаў меркаваць, што такія істоты наведвалі Зямлю. Ніякіх «людзей у чорным», ніякай «зоны 51 з жывымі інапланецянамі». Проста старонкі і старонкі назіранняў, якія публіка можа інтэрпрэтаваць на ўласны розум, як толькі пажадае.
Але ёсць некалькі сапраўды цікавых момантаў, асабліва з касмічных місій. Баз Олдрын – другі чалавек на Месяцы – у дэбрыфінгу пасля "Апалона-11" у 1969 годзе казаў, што бачыў "маленькія ўспышкі ўсярэдзіне кабіны", калі спрабаваў заснуць. Яшчэ ён апісаў нешта падобнае на "даволі яркую крыніцу святла", якую яны папярэдне палічылі за магчымы лазер.


Алан Бін на "Апалоне-12" апісваў "успышкі святла", якія «адлятаюць у космас». А экіпаж "Апалона-17" у 1972 годзе бачыў "вельмі яркія часціцы", якія "круціліся і куляліся ўдалечыні". Астранаўт Гарысан Шміт параўнаў іх з "Чацвёртым ліпеня" – Днём незалежнасці ЗША, калі ўсюды феерверкі.

Ёсць і стэнаграма размовы астранаўта Фрэнка Бормана з місіі "Джэміні-7" у 1965 годзе. Борман кажа Х'юстану: "Бачу штуковіну на дзесяць гадзін, высока". На ваеннай мове гэта значыць "невядомы аб'ект злева ўверсе". Х'юстан перапытвае: "Паўтарыце, Сёмы". Борман тлумачыць: "Выглядае як сотні маленькіх часціц, якія ляцяць злева на адлегласці трох-чатырох міль". Сотні часціц на арбіце і ніхто не ведае, што гэта.
Не ўсе справы засталіся загадкавымі. Напрыклад, у верасні 1948 года экіпаж ваеннага самалёта на вышыні каля дзевяці кіламетраў над Нідэрландамі заўважыў нейкі аб'ект з «рэзкімі паскарэннямі і наборам вышыні». За некалькі месяцаў разведка высветліла: гэта быў рэактыўны самалёт з ракетным паскаральнікам.
Але шмат справаў засталіся без высноў.
Ёсць і адрэдагаваныя дакументы. Напрыклад, справаздача за верасень 2023 года пра інтэрв'ю ФБР з аператарам дрона, які разам з калегамі бачыў над тэставым палігонам ЗША "лінейны аб'ект з суперяркім святлом". Аб'ект апісаны як металічна-шэры, без крылаў і выхлапу, меншы за Боінг 737, але большы за дрон, на вышыні каля паўтара кіламетра. Ён рухаўся з усходу на захад і знік за 5–10 секунд. Пасля гэтага неба было чыстае, аб'ект ніхто не знайшоў.
https://www.war.gov/medialink/ufo/release_1/serial-4-redacted_redacted.pdf
Гэтая публікацыя не ўзялася з нічога. Кангрэс ціснуў на Пентагон гадамі. У траўні 2022 года адбылося першае адкрытае слуханне па НЛА за больш чым паўстагоддзя. Папярэдняе было аж у 1969-м.

У ліпені 2023 года выбухнула сапраўдная бомба: былы разведчык Дэвід Грэш пад прысягай заявіў Кангрэсу, што ўрад дзесяцігоддзямі вядзе сакрэтную праграму па збору разбітых НЛА і зваротнаму інжынірынгу іхніх тэхналогій. Больш за тое, ён сцвярджаў, што з месцаў крушэнняў дастаўлялі "нечалавечыя біялагічныя ўзоры". Зала ахнула.
https://www.npr.org/2023/07/27/1190390376/ufo-hearing-non-human-biologics-uaps
Разам з ім выступалі два былыя ваенныя пілоты: адзін апісваў аб'ект як "цёмна-шэры куб усярэдзіне празрыстай сферы", другі расказваў пра свой інцыдэнт 2004 года каля Каліфорніі. Грэш, праўда, удакладніў, што сам не бачыў ніякіх караблёў, а ўсё заснавана на сведчаннях больш чым сарака чалавек. Дэталі ён прапанаваў раскрыць толькі ў закрытым рэжыме.
Пасля гэтага спыніць тэму ўжо не атрымалася. У лістападзе 2024-га адбылося яшчэ адно слуханне, дзе адстаўны адмірал прама заявіў, што адмова Пентагона дзяліцца інфармацыяй з Кангрэсам можа стварыць канстытуцыйны крызіс. Кангрэсменка Нэнсі Мэйс задала простае пытанне: "Калі мы выдаткоўваем грошы падаткаплацельшчыкаў на нешта, чаго не існуе, то навошта мы іх выдаткоўваем? А калі яно існуе, то навошта мы гэта хаваем?"
На пачатку 2025-га законатворцы пачалі рыхтаваць новае заканадаўства і планаваць далейшыя слуханні. Ціск Кангрэса меў свае вынікі.


Вядома, нельга не адзначыць кантэкст. Ніякага аналізу ўрад ЗША тут не даў: вось вам файлы, разбірайцеся самі.
Заўвага з прэс-рэлізу: "Хоць усе файлы прайшлі праверку бяспекі, шмат якія матэрыялы яшчэ не прааналізаваны для высвятлення анамалій".
Кіраўнік NASA Джарэд Айзэкман пахваліў ініцыятыву і напісаў, што NASA будзе "сумленна дзяліцца тым, што ведаем, чаго яшчэ не разумеем, і ўсім, што яшчэ трэба адкрыць".
I applaud President Trump’s whole-of-government effort to bring greater transparency to the American people on unidentified anomalous phenomena. At NASA, our job is to bring the brightest minds and most advanced scientific instruments to bear, follow the data, and share what we… https://t.co/F2H9sZgGEb
— NASA Administrator Jared Isaacman (@NASAAdmin) May 8, 2026
Абама, дарэчы, нядаўна сказаў у падкасце, што іншапланецяне рэальныя. Але потым удакладніў: меў на ўвазе, што "шанцы высокія, што жыццё дзесьці ёсць", але ён асабіста ніякіх доказаў за час свайго прэзідэнцтва не бачыў.

І, дарэчы, калі вам здаецца, што ўвесь гэты варушняк з НЛА – чыста амерыканская забаўка, то не.
Францыя займаецца гэтым з 1977 года. У іх пры касмічным агенцтве CNES працуе спецыяльнае бюро GEIPAN, якое збірае і аналізуе сведчанні. За гэты час яны разабралі больш за пяць тысяч справаў, і толькі два-тры працэнты засталіся без тлумачэння. Больш за тое! Французы выклалі ўсе свае файлы ў адкрыты доступ яшчэ ў 2007 годзе. Амерыканцам спатрэбілася амаль дваццаць гадоў, каб дагнаць.

Чылі таксама не стаяць збоку: з 1997 года тамака працуе камітэт CEFAA пры авіяцыйным ведамстве, які расследуе рапарты ваенных пілотаў і авіядыспетчараў. У 2014 годзе чылійскі ваенны верталёт зняў на інфрачырвоную камеру нейкі аб'ект, які камітэт два гады расследаваў і так і не змог ідэнтыфікаваць.
Потым, праўда, незалежны аналітык за тры дні высветліў, што гэта быў рэйс Iberia 6830 з аэрапорта Сант'яга. "Гарачыя газы" – звычайныя кандэнсацыйныя сляды, дзіўны рух – эфект маленькага вугла назірання і магутнага зуму інфрачырвонай камеры. Радарныя даныя пацвердзілі: самалёт быў дакладна ў тым месцы. Два гады расследавання і рэйс з Мадрыда...
https://www.express.co.uk/news/weird/752804/UFO-Chilean-Navy-identified-CEFAA
Так што гэта не адна краіна дурэе — гэта глабальная загадка, якую ніхто не можа разгадаць.
Вось я так сёння не мог знайсці ключы ад хаты. Усё абшукаў, а потым знайшоў у гаманцы, які праверыў адным з першых. Ня дзіва, што Пентагон вось ужо восемдзясят гадоў не можа знайсці адказ, што за яркая кропка ляціць над пустыняй Невада. Мы ўсе ў адной лодцы.




