Віталь Аляхновіч і Яўген Рудзі абмяркоўваюць, як нейрасеткі дапамагаюць гульням загаварыць па-беларуску, чаму дарослыя людзі зноў усталёўваюць MMO і колькі яшчэ давядзецца чакаць The Elder Scrolls VI. Па дарозе — гісторыя вакол кіраўніка Nvidia, вяртанне Zelda і крама на касмічнай станцыі. А пачынаецца ўсё з пытання, знаёмага кожнаму даросламу геймеру: як увечары пагуляць, калі хочацца толькі спаць?
У гэтым выпуску
- Джэнсан Хуанг і «мядовая пастка». Абмяркоўваем гісторыю пра магчымую сувязь кіраўніка Nvidia з кітайскай разведкай, падазрэнні ў абыходзе экспартных абмежаванняў і паводзіны тэхналагічных мільярдэраў, якія адчулі сябе ўладарамі сусвету.
- Штучны інтэлект, дата-цэнтры і кантроль. Размаўляем пра палітыку вакол ШІ, апетыты дата-цэнтраў і супярэчнасць паміж заклікамі рэгуляваць нейрасеткі і жаданнем развіваць іх як мага хутчэй. Асобна — пра мадэлі, якія дапамагаюць навучаць наступныя пакаленні мадэляў.
- BelLoc: беларускія лакалізацыі з дапамогай нейрасетак. Віталь паказвае свой інструментарый для перакладу гульняў: гласарыі, слоўнікі, праверкі і размеркаванне працы паміж агентамі. Рудзі дзеліцца досведам усталявання перакладу Silver Pines праз лончар. Высвятляем, што ўжо працуе зручна, дзе патрэбная чалавечая вычытка і чаму нейрасетцы часам цяжка растлумачыць нават слова «даведнік».
- World of Warcraft Forever і вяртанне дзядоў. Гаворым пра новую нагоду вярнуцца ў Азерот, захаванне духу класікі, сацыяльнае ўзаемадзеянне і падрыхтоўку сервераў да запуску. Згадваем беларускі пераклад ад «Трасянкі» і суполку, дзе можна знайсці сабе кампанію для гульні.
- Lineage II і права гуляць павольна. Рудзі расказвае, як зноў усталяваў «лінейку» і што адчуў у знаёмых лакацыях. Чаму шлях да высокага ўзроўню можа быць цікавейшы за сам высокі ўзровень? Успамінаем выпадковыя знаёмствы, першыя каштоўныя рэчы і гульні, якія збліжаюць людзей.
- Вяртанне The Legend of Zelda: Ocarina of Time. Абмяркоўваем рэмейк, ацэнкі, змены графікі і складанасці, а таксама Лінка, які грае Linkin Park. Ад Nintendo Switch 2 пераходзім да эмуляцыі, рэкампіляцыі і размовы пра тое, як размываюцца межы паміж гульнявымі платформамі.
- Probably Stolen: гандаль у кіберпанку. Прыглядаемся да сімулятара крамы на касмічнай станцыі: арэнда расце, пакупнікі падазроныя, а сярод тавараў — зброя і крадзенае. Параўноўваем ідэю з Papers, Please і спрабуем зразумець, чым гульня прыцягнула столькі ўвагі.
- The Elder Scrolls VI: Sentinel і крэдыт даверу да Bethesda. Разбіраем паказаны цізер, успамінаем гісторыю Хамерфела і фантазіруем пра магчымы сюжэт, палітычныя канфлікты і падарожжы на караблях. Аддзяляем здагадкі ад вядомага і спрачаемся, ці здолее Bethesda пасля Starfield зрабіць гульню, якая будзе адчувацца сучаснай на момант выхаду.
А яшчэ — пачуццё віны за адпачынак, першы няўдалы досвед куплі акцый, выратаванне гуку праз Discord і бізнес-план «Відзіка» з драўлянымі токенамі.