Хуанг сышоў з Nvidia на фоне расследавання пра нацбяспеку, а вярнуўся пасля аднаго тэлефоннага званка «з вышэйшага кіраўніцтва ЗША». У той жа дзень Nasdaq вырас на 7%. Віталь Аляхновіч і Яўген Рудзі разбіраюцца, што гэта кажа пра ШІ-бурбалку, а потым пераходзяць да GTA VI: 99 балаў ад крытыкаў і 5,9 ад гульцоў.

У гэтым выпуску

  • Яхта Габена. Leviathan даўжынёй 111 метраў каштуе каля паўмільярда долараў. Але журналістаў больш здзівіла іншае: экіпаж у Габена трымаецца ў сярэднім 4,5 года, хоць у індустрыі звычайна мяняецца прыкладна раз на год. Замест параднага салона там агульная сталовая на 56 чалавек, ёсць камп'ютарны клуб, а сама яхта ходзіць у навуковыя экспедыцыі.
  • Хуанг вярнуўся. Рада дырэктараў Nvidia спаслалася на званок «з самага верху», і акцыі кампаніі за дзень выраслі на 32%. Расследаванне пры гэтым фармальна працягваецца. Гэта яшчэ адна прыкмета ШІ-бурбалкі? І ці не паўтараецца гісторыя з іпатэчным крызісам?
  • ШІ ў вайсковай справе. Яўген тлумачыць, чаму галоўныя кірункі тут — машынны зрок і раі аўтаномных дронаў і чаму некаторыя краіны блакуюць міжнародныя абмежаванні.
  • Linux, які не прыжыўся. Віталь каля дзевяці месяцаў працаваў на Linux і ўсё ж вярнуўся на Windows. Гульні вылятаюць ці не запускаюцца, у DaVinci Resolve не хапае кодэкаў, а хочацца рабіць кантэнт, а не змагацца з кампутарам.
  • Nexus Mods набыла SteamDB. Новыя ўладальнікі абяцаюць нічога не ламаць, але ўжо дадаюць партнёрскія спасылкі на крамы і ўкладку з модамі. Ці застанецца база такой жа празрыстай?
  • Steam па-беларуску. Беларусізатар ад Дзеда Агея працуе праз open source мадыфікатар Millennium. Што ўжо перакладзена, што яшчэ не і як усталяваць без сюрпрызаў.
  • Аўдыёверсія Відзіка. Spotify не працуе ў Беларусі, таму ўвесь архіў падкастаў, больш за 10 ГБ, пераехаў на ўласны хостынг. Ён каштуе некалькі цэнтаў на месяц. Таймкоды цяпер робяць Whisper і нейронка.
  • Нейронка-мантажор. Віталь даверыў ШІ апошняе відэа на сваім канале. Яна сама знайшла фрагменты на YouTube, зрабіла скрыншоты крыніц, анімавала інфаграфіку і расклала ўсё на таймлайн DaVinci Resolve. Праца заняла каля чатырох гадзін, а вынік аказаўся лепшым, чым Віталь чакаў.
  • Хто застанецца без працы. Ці праўда, што сантэхнікаў ШІ не заменіць? І ці не заканчваецца час магчымасцяў, на які нам пашанцавала трапіць?
  • GTA VI. Першы тыдзень пасля рэлізу. Digital Foundry тлумачаць, чаму гульня ідзе ў 30 fps і праседае да 20. Каментуем рэв'юбомбінг з водгукамі ад нейрасетак, вайну фандомаў GTA і Zelda, зліў Xbox-білда і праект Leonida, які хоча зрабіць PC-порт раней за Take-Two. Афіцыйна прададзена 32,5 млн копій, аналітыкі лічаць ужо 45 млн.
  • Queen's Domain. Яўген прайшоў далей за дэмку. У гульні няма аўтазахавання, удар трэба зараджаць, зброя прапампоўваецца ад выкарыстання, а гук вельмі дзіўны.
  • REPLACED на The Game Awards. Гульня беларускай Sad Cat Studios намінаваная ў катэгорыі Best Debut Indie Game. Галасаванне ўжо адкрытае. Пачаліся і намінацыі Steam Awards.

А яшчэ — кацёл на хутары, які закіпеў сярод дня, вэнджанае сала як план Б на выпадак тэхнафеадалізму і торт да 100-га выпуску, які чакаецца ў лютым.